Майстра ААТ "Гроднажылбуд" асудзілі на 4 гады калоніі за каментары пра сілавікоў і ўдзел у пратэстах
Гродзенскі абласны суд у будынку суда Кастрычніцкага раёна Гродна 22 лістапада разглядзеў крымінальную справу супраць палітвязня Дзмітрыя Голуба паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызначыў палітвязню чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Дзмітрый з лістапада 2019 года па студзень 2024 года пакідаў каментары ў чатах Telegram і на YouTube-канале пра сілавікоў, журналістаў, прадстаўнікоў улады і Лукашэнку. Таксама яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе, паведаміла БЕЛТА.
На абвяшчэнне прысуду ў судовую залу прывялі студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Пасля студэнтам правялі лекцыю "на тэму экстрэмізму".
Нагадаем, Дзмітрыя затрымалі сёмага сакавіка 2024 года. У "пакаяльным відэа", сцвярджалася, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту, а таксама пакідаў абразлівыя каментары пра сілавікоў і расійскіх вайскоўцаў.