viasna on patreon

Тры гады калоніі за перасылку відэа з расейскімі вайскоўцамі атрымаў мазыранін

2023 2023-01-18T16:16:45+0300 2023-01-18T16:21:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baranau-vadzim.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Баранаў

Вадзім Баранаў

Стаў вядомы прысуд жыхару Мазыра Вадзіму Баранаву, якога абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за тое, што ён зняў відэа расейскай вайсковай тэхнікі падчас нападу Расеі на Украіну з боку Беларусі і хацеў пераслаць некаторым «Тэлеграм»-каналам.

Справу мазыраніна разглядаў суддзя Гомельскага абласнога суду Руслан Царук. У віну Вадзіму ставілі садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса.

Паводле версіі абвінавачання, Вадзім Баранаў «меў намер на садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і 26.02.2022 г здымаў на відэа перамяшчэнне ваенізаваных падраздзяленняў неўстаноўленай дзяржавы для перадачы дадзеных у «Тэлеграм»-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, чым аказаў садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, тым самым здзейсніў злачынства па ч. 1, арт.361-4, а таксама неаднаразова перадаваў звесткі аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі ў красавіку 2022 г., тым самым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт.361-4».

У судовым працэсе абвінавачаны прызнаў віну і патлумачыў, што зняў відэа з вакна ўласнага дому і сапраўды пераслаў яго ў паблік. Пра тое, што паблік прызнаны «экстрэмісцкім» Вадзім не ведаў. Мужчына таксама патлумачыў, што проста хацеў «паказаць людзям, колькі ў нас з'явілася вайсковай тэхнікі». Таксама Вадзім адзначыў, што калі б ведаў, што здымка тэхнікі зʼяўляецца злачынствам – то ніколі гэтага не рабіў бы.

Суддзя Царук 12 студзеня пастанавіў пакараць Вадзіма Баранава пазбаўленнем волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на тры гады, а тэлефон, з дапамогай якога «ажыццяўлялася злачынства» канфіскаваць, піша "Гомельская Вясна".

Вадзіма Баранава затрымалі пасля вяртання з Польшчы. У міліцыі яго збілі, сапсавалі дакументы і канфіскавалі мабільны тэлефон. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства