Атаварка – вялікая падтрымка для зняволеных, але не для палітвязняў
Нашмат цяжэй адбываць пакаранне ў калоніі, калі спадзявацца толькі на тое харчаванне, якім зняволеных забяспечвае Дэпартамент выканання пакаранняў МУС. Вялікая палёгка, калі асуджаныя маюць права на перадачу ад сваякоў ці атаварку ў “закратаванай краме”. Хаця для палітычных зняволеных і тут ствараюцца шматлікія перашкоды. Так, напрыклад, на агульным рэжыме пры стандартнай норме ў 6 базавых велічынь, большасць палітзняволеных з’яўляюцца “экстрэмістамі” ці злоснымі парушальнікамі рэжыму і ў такім выпадку норма для атаваркі змяншаецца да двух базавых велічынь і нават да адной (40 рублёў).
На такія грошы, як адзначаюць многія зняволеныя, якія пазбаўленыя пасылак з волі, вельмі цяжка выжываць. Але нават за тыя невялікія грошы ня ўсё можна набыць у краме, альбо проста не патрапіць на атаварку.
На набыццё прадуктаў і прадметаў першай неабходнасці, паводле арт. 118 Крымінальна-выканаўчага кодэкса РБ, асуджаныя да пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму могуць штомесяц расходаваць грашовыя сродкі, якія ёсць на іх асабовых рахунках, у памеры шасці базавых велічынь, а калі рэжым узмоцнены – то пяць базавых.
Як адбываецца атаварка ў калоніях?
Звычайна ў пачатку месяца начальнік калоніі зацвярджае графік наведвання “крамы” па атрадах. Па рэгламенце, асуджаным да агульнага рэжыму магазін можна наведваць тры разы на месяц. У пэўны час па гучнай сувязі даецца аб'ява аб тым, што атрад павінен рыхтавацца да наведвання “крамы”. Тут зняволенаму бухгалтар называе суму, на якую вязень можа набыць прадуктаў і выдае нумарок, па якім яго па чарзе выклікае прадавец. Пасля набыцця прадуктаў зняволены зноў вяртаецца да бухгалтара, распісваецца за выдаткаваную суму і вяртаецца ў атрад.
Увогуле, асартымент у крамах папраўчых устаноў ДВП МУС не ўніфікаваны, таму ў розных калоніях маецца свой выбар прадуктаў. Гэта агульны парадак, а на практыцы, усё здараецца крыху інакш. Справа ў тым, што ў такіх крамах часта вельмі вялікая нацэнка на многія прадукты. Напрыклад, кошт кавы часам накручвецца аж удвая. Часам крамы забяспечваюцца толькі вельмі дарагімі таварамі.
Трэба ў краму паспець першым, інакш добрых прадуктаў можа не хапіць
Звычайна, крамы ў калоніях знаходзяцца на лакальнай абгароджанай тэрыторыі пад адкрытым небам і з клеткай над галавой. У краму адначасова пускаюць толькі па тры-пяць чалавек. Астатнія ў гэты час чакаюць на тэрыторыі, пад адкрытым небам. Там асуджаныя знаходзяцца да таго часу, пакуль усе не атаварацца. А што кажуць пра атаварку тыя, хто адбываў пакаранне ў беларускіх калоніях?
Леанід Судаленка, адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №3 "Віцьба":
“На атаварку два разы на месяц пад кожны атрад выдзяляецца пэўны дзень, прычым калі ты ў гэты дзень на промцы, значыць пралятаеш! Паколькі ў атрадзе 100 чалавек, разбіваюць на некалькі груп, прычым заўгас першымі запісвае сваіх набліжаных, ці пенсіянераў, якія ахвяруюць з пенсіі на патрэбы атраду. Зразумела, у іх і выбар большы, бо ў апошняй чарзе мала чаго застаецца ў сэнсе асартыменту! Напрыклад тварог, ці фрукты, а вось “хіміі”, мыла, парашок і г.д. хапае для ўсіх.
Пра цэны. Каўбаса і мясное разы ў тры даражэй чым на волі. Тое ж самае тычыцца і яблык, напрыклад. Часта ў Дэпартамент выканання пакаранняў скаргі паступаюць на гэты конт, таму што кошты тычацца ўсіх, а не толькі палітычных.
Цыгарэты прадаюць пачкамі ці блокамі, бо з волі толькі росыпам і кошты на іх як на волі.
Пазбавіць атаваркі могуць за парушэнні, якія, напрыклад, былі ў мяне. То бок ёсць грошы, а купіць не можаш. Просіш тады людзей, каб купілі табе ў доўг.
Грошы безнаяўныя, з твайго рахунка прадавачка спісвае суму, дзе ты ставіш свой подпіс. На дзьве базавыя заўсёды рабіў выбар паміж хіміяй і вітамінамі. Стараўся каб адзін яблык быў кожны дзень, але ж і “казлом” пахнуць не жадаў, таму пральны парашок купляў рэгулярна…
Над тымі, хто быў у апошніх заходах у краму заўгасы жартавалі, маўляў “тазікаў на ўсіх хопіці”, маючы на ўвазе пласмасавыя тазікі для мыцця вопраткі, якія ёсць у кожнага там. Прадавачкі ад зэкаў агароджаны кратамі, тавар называеш і яны падаюць у кармушку.
Віталь Жук, былы палітвязень, адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №2 у Бабруйску:
– У мяне быў вызначаны ліміт на суму адна базавая велічыня. Але з такімі цэнамі, як сёння, там немагчыма нічога набыць. Два дні ты ходзіш і ламаеш галаву, што самага пажыўнага і вітамінізаванага можна ўключыць у спіс на атаварку. Пры гэтым цябе не знаёмяць з асартыментам і цэнамі ў краме — ты не ведаеш, што там ёсць і чаго няма. Зусім і ніяк. І гэты спіс ты складаеш наўздагад. Начальнік атрада ідзе са спісам у краму і набірае табе тавар на адну базавую. Калі чагосьці няма ў наяўнасці, то ён не возьме штосьці іншае на сваё меркаванне і на тую ж суму. І так можа выявіцца, што ён закупіць толькі на суму 20 рублёў. І трэба гэтыя прадукты расцягнуць на цэлы месяц да наступнай крамы. Натуральна, гэта нерэальна. Галоўным чынам, зняволеныя набіраюць гарбату і каву — тое, чым можна сагрэцца ў халодныя дні.
Дарэчы, крама ў бабруйскай калоніі не вельмі вязучая. Так, 22 студзеня 2024 года праваабаронцы паведамілі, што крама пры калоніічасова зачынілася. А 26 траўня на яе тэрыторыі адбыўся пажар, паведамляе праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM. Адзначаецца, што інцыдэнт здарыўся 23 траўня ў “будынку, дзе знаходзіцца турэмная крама (так званая “атаварка” для асуджаных)”.
Аляксей Кірэеў, былы палітвязень, адбываў пакаранне ў калоніі №15 у Магілёве:
– Крама ў калоніі – гэта аднапавярховы будынак з двума прадаўшчыцамі і бухгалтарам, які глядзіць грошы на вашым рахунку. У ПК-15 – 18 атрадаў. Графік наведвання крамы складаецца на сходзе начальства і з першым атрадам. Потым ідуць зваршчыкі – гэта 4 атрад – затым усе астатнія, каму як пашанцуе. У месяц кожны атрад наведвае краму тры разы, хаця не кожнаму выпадае. Ліміты толькі на малочную прадукцыю: дзве пачкі тварагу ў адныя рукі. Таму тыя, хто не паліць, прапаноўваюць абмяняць тварог на цыгарэты па формуле 1:1. Цэны тут завышаныя толькі на гародніну і садавіну. Памятаю яшчэ і памідоры па 9.50 рублёў. Першымі, як правіла, атаварваюцца “казлы" – заўгасы, дзённыя, куьтмасавікі, спартсмены і г.д., потым ідуць астатнія.
Са снежня 2023 года “экстрэмісты” з-за нейкага унутрылагернага канфлікту (шмат розных версій, да толку так і не разабраліся) ходзяць на атаварку пасля, “нізкага статусу". З гародніны садавіны ўжо тады нічога не застаецца. Шмат “жоўтабірачнікаў" сядзела на ШІЗА толькі за адмову хадзіць у краму пасля зэкаў з нізкім статусам. Але пасля працяглых гутарак з операмі, усё стала як “трэба быць". Усе ходзяць, бо есці хочацца, а баландай асабліва сыты не будзеш. У краме ёсць кніга, куды зэкі запісваюць свае пажаданні, але выконваецца не ўсё. Падчас атаваркі, у краме дзве прадаўшчыцы, бухгалтар і дзяжурны атраднік, усе яны за шклом. Зэка выпісвае чэк на патрэбную суму і ідзе да акенца з прадуктамі.У экстрэмістаў гэта дзве базавыя і як іх расцягнуць на тры разы на месяц, незразумела.
Дзмітрый, былы палітвязень, адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 17ў Шкове:
– На зоне краму называлі "атаваркай". Калі я трапіў у калонію, крамка ўяўляла сабой маленькае закратаванае акенца пад казырком. Асартымент амаль нязменны, часам прывозілі гародніну, а прадавалі адно і тое ж і не заўсёды тое, што трэба. З тавараў першай неабходнасці былі: чай, цыгарэты, згушчонка, “ролтаны”, прыправы. Прадаваліся таксама батончыкі “Віцьба”, печыва, але з-за таго, што асартымент абнаўляецца рэдка, усё гэта сухое і нясмачнае. Некалькі відаў цукерак – звычайна карамелькі, і пару відаў шакалдных цукерак. Вэнджаная каўбаса часам бывае, але не заўсёжы свежая, раслінны алей, ну і розная бытавая хімія. Галоўнае – паспець запісацца ў спісе не апошнім. Тады добрых прадуктаў можа не застацца.
Як рабіць перавод, як атаварваюцца вязні і што адбываецца з грашыма пасля вызвалення?
"У краму – пад канвоем": як атаварваюцца "хімікі
У палітвязняў, асуджаных да абмежавання волі на “хіміі” сітуацыя крыху лепшая, але і тут маюцца свае асаблівасці.
Былы палітвязень Арцём Мядзведскі, які адбываў пакаранне ў ПУАТ № 45 ў вёсцы Сушкі Кобрынскага раёна, распавядае аб тым, што і на "хіміі" для палітычных ствараюцца пэўныя праблемы:
– Ніякай крамы ў нас паблізу не было. Сюды прыязжала двойчы на тыдзень аўталаўка. Выбар прадуктаў быў зусім невялікі, здараліся выпадкі, калі прадавалі пратэрмінаваныя прадукты, быўадзін выпадак, калі нехта купіў каўбасу, а яна была ўжо цвілая, з плесняй. Часам вазілі ў магазін, але мы, палітычныя, заўжды былі пад кантролем – адных нікуды не выпускалі.
Падобная сітуацыя і ў Мінску, і ў іншых гарадах: палітычных адпускаюць у краму толькі ў суправаджэнні міліцыянта, а адміністрацыя ПУАТ часта не знаходзіць для гэтага “вольнага” супрацоўніка. У дзень зарплаты многія палітвязні на хіміі пішуць заяву аб тым, што ім трэба купіць прадуктаў і тады ўсіх асуджаных вядуць у краму. У залежнасці ад настрою начальніка або дзяжурнага, могуць дазволіць правесці ў краме гадзіну ці дзве.
Дзякуючы зменам у Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы, зараз адміністрацыя папраўчых устаноў адкрытага тыпу павінна будзе забяспечваць мінімальным наборам прадуктаў тых асуджаных, у каго няма сваіх грошай, каб купіць сабе ежу. Кошт у іх потым будуць вылічаць з заробку. Бывае, што чалавеку, асуджанаму да “хіміі” доўга не могуць знайсці працу, грошай у яго няма, і ён вымушаны галадаць — пра такія выпадкі распавядалі палітвязні.
Анлайн-крамы як канкурэнцыя турэмным атаваркам?
У шасці беларускіх калоніях працуюць анлайн-крамы, праз якія можна набываць для вязняў прадукты харчавання, гаспадарчыя тавары, сродкі асабістай гігіены і побытавай хіміі, а таксама адзенне. А першым ва ўвядзенні гэтай інавацыі стаў горад Шклоў. З 19 чэрвеня 2021 года там функцыянуе першая спецыялізаваная інтэрнэт-крама. Затым гэтая ідэя таксама была рэалізавана і на Міншчыне, дзе са жніўня папраўчая ўстанова “Турма №8” стварыла сайт, які распаўсюджвае сваю дзейнасць у сталіцы і Мінскай вобласці.
Каб зрабіць заказ у анлайн-краме, неабходна зарэгістравацца ў сістэме. Гэта могуць зрабіць толькі родныя, якія пацвердзілі сваё сваяцтва ў калоніі. Для рэгістрацыі неабходна далучыць фотаздымкі трох апошніх старонак пашпарту і ўвесці дадзеныя зняволенага. Пасля гэтага на электроную пошту прыйдзе ліст са спасылкай, па якой трэба будзе перайсці для пацвярджэння рэгістрацыі.
Замаўляць тавары можна толькі ў працоўны час крамы. Сэрвіс зручны тым, што ўсе прадукты застаюцца ў заводскіх пакунках. Але па парадах ад сваякоў вязняў, мясныя прадукты лепш вазіць самым, бо выбар у крамах часта малы.
Гэтая з'ява атрымала ў грамадстве як станоўчую, так і негатыўную ацэнку. З аднаго боку, з'яўленне інтэрнэт-крамаў паляпшае абслугоўванне і побыт зняволеных. А з іншага боку... Праваабаронцы з «MAYDAY TEAM» даведаліся пра парушэнне працы інтэрнэт-крамаў, дзе можна замовіць перадачы для зняволеных.
"Здаецца, не ўдаецца знайсці талковых праграмістаў", – іранізуюць актывісты.
Паводле праваабаронцаў, вонкава інтэрнэт-крамы працуюць, аднак праблемы паўстаюць на этапе рэгістрацыі або ўваходу ў асабісты акаўнт. Часта карыстальнікі бачаць "памылку 403". Як тлумачаць адмыслоўцы, такая праблема ўзнікае ў выпадку няправільных наладаў старонкі адміністратарам.