viasna on patreon

Памілаванні, узмацненне пакаранняў, новыя крымінальныя справы: агляд навінаў пра палітвязняў за лістапад

2024 2024-11-27T16:26:29+0300 2024-11-28T18:49:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/franckevich_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за чатыры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі сітуацыя ў краіне значна пагоршылася: сілавікі ладзяць "рэйды" па гарадах Беларусі, выклікаюць на размовы ў міліцыю, прэвентыўна затрымліваюць, у тым ліку і былых палітвязняў. Таксама праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя зняволеных за кратамі. Акрамя гэтага, за апошнія месяцы адбыліся ўжо некалькі хваляў масавых памілаванняў палітвязняў. Пры гэтым, на некаторых вязняў аказваюць ціск, каб тыя напісалі прашэнні аб памілаванні.

"Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў.

Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 32 чалавекі. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1271 чалавекі. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што за мінулыя месяцы адбылі тэрміны і выйшлі на волю не менш за 57 палітвязні, у тым ліку Людміла Чарніга, Іна Багданава, Мікалай Машарскі, Уладзімір Булаўскі, Вольга Кавалёва, Валерый Сівук, Павел Юхневіч, Дзяніс Пырх.

За гэты час праваабаронцам стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах васьмі палітзняволеным:

Узмацненне пакарання

У якасці дадаткова ціску на палітвязняў рэжым выкарыстоўвае перавод чалавека з калоніі на турэмны рэжым. Гэта значыць, што бліжэйшыя некалькі гадоў ад агульнага тэрміну чалавек будзе знаходзіцца ўвесь час у турэмнай камеры, а не ў атрадзе з іншымі вязнямі. Перавод у турму накладае на вязня дадатковыя абмежаванні. Рашэнне аб пераводзе прымае суд, але сваякі на яго звычайна не могуць патрапіць, бо ў большасці выпадкаў нават не ведаюць пра яго. Пазней родныя проста атрымліваюць паперу з новым адрасам утрымання вязня, або ліст ад яго.

Так, напрыклад, напрыканцы кастрычніка ў Бабруйску адбыўся суд па замене рэжыму на турэмны Дзмітрыю Іванчанку. Якое рашэнне прыняў суддзя Дзмітрый Свірыдаў пакуль невядома.

Нагадаем, 38-гадовага Дзмітрыя затрымалі 11 сакавіка 2022 года паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Паводле сведчанняў былога сукамерніка, Дзмітрыя затрымлівалі жорстка: супрацоўнікі ГУБАЗ моцна яго збілі і катавалі электрашокерам. Хлопец быў увесь у сіняках. У Мінскім гарадскім судзе 10 кастрычніка 2022 года палітвязня асудзілі да пазбаўлення волі. Тэрмін пакуль невядомы. 

Сяргей Маўшук. Фота: spring96.org

Палітвязня Сяргея Маўшукатаксама хочуць перавесці на турэмны рэжым. 21 лістапада ў Оршы адбыўся суд па замене Сяргею рэжыма ўтрымання на турэмны. Рашэнне прымала суддзя Іна Кахава. Вынік пакуль невядомы.

Нагадаем, палітзняволеныя Сяргей Маўшук і яго жонка Алена Маўшук — фігуранты "пінскай справы". У красавіку 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста асудзіў Сяргея да 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Алену — да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. На волі ў іх засталіся трое дзяцей. Вядома, што пазней ужо ў калоніі Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў. Мужа і жонку неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.

Новыя крымінальныя справы

У лістападзе адразу чатырох палітвязняў судзяць паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы). Падставай для такіх справаў звычайна з'яўляюцца шматлікія парушэнні, якія ў дачыненні да палітвязняў у большасці выпадкаў выпісваюцца па надуманых прычынах. З 2020 года больш за 50 палітвязняў былі асуджаныя паводле арт. 411 КК, усім дадалі яшчэ некалькі месяцаў зняволення. Распавядаем, каго судзілі ў лістападзе.

Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях

«Вясна» распавядае, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з палітычных вязняў прызнаны «злоснымі парушальнікамі рэжыму».

Палітвязень Аляксандр Арановіч 

Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org

Фігурант "справы Ціханоўскага" знаходзіцца ў зняволенні амаль чатыры з паловай гады. Апошнія шэсць месяцаў палітвязня ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада. У красавіку 2021 года яго асудзілі да шасці гадоў калоніі паводле двух крымінальных артыкулаў. Пазней Аляксандру ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў магілёўскую турму.

14 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Магілёва пачалі разглядаць новую крымінальную справу супраць палітвязня — за"злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы". Працэс вядзе суддзя Вікторыя Палякова.

"Рэйкавы партызан" з Віцебску Сяргей Канавалаў 

У Бабруйску 12 лістапада распачаўся суд над 52-гадовым палітвязнем. Адміністрацыя бабруйскай калоніі № 2 ініцыявала ўзбуджэнне справы супраць Сяргея паводле ч. 1 арт. 411 КК. Цяпер яму могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення. Справу разглядае суддзя Павел Карцінін.

У верасні 2022 года Сяргея асудзілі па крымінальнай справе аб "распальванні нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК) і аб "падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму" (ч. 1 арт. 13,  ч. 2 арт. 289 КК). Яму прызначылі 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 300 базавых велічыняў.

Канавалаў працаваў на Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП "Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі". Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года. Згодна з дадзенымі МУС, мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху.

Блогер Павел Спірын, які мусіў праз месяц выйсці на волю

У Бабруйску 20 лістапада распаўся суд над палітзняволеным Паўлам Спірыным, які ўжо чатыры гады і два месяцы ўтрымліваецца ў зняволенні. Па падліках праваабаронцаў, у снежні 2024 года Павел мусіў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну. Але па ініцыятыве адміністрацыі бабруйскай калоніі № 2 супраць палітвязня ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК. Рашэнне будзе прымаць суддзя Дзмітрый Свірыдаў.

Вядома, што вязням бабруйскай калоніі "забаронена" размаўляць з Паўлам. За камунікацыю з палітвязнем караюць "суткамі" ў штрафным ізалятары.

Блогер Зміцер Казлоў, якога не вызвалілі па заканчэнні тэрміну 

Блогер Зміцер Казлоў (Шэры кот). Фота

У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 29 лістапада будуць разглядаць чарговую крымінальную справу супраць блогер ютуб-канала "Шэры кот". Пры гэтым 28 лістапада, за дзень да суда, у палітвязня сканчваецца тэрмін зняволення і ён мусіў бы выйсці на волю з бабруйскай калоніі № 2. Але, меркавана, з калоніі яго наўпрост перавядуць у СІЗА.

Гэтым разам Змітра абвінавачваюць у "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі". Справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін. У зняволенні палітвязня ўтрымліваюць амаль чатыры з паловай гады.

Памілаванне

У лістападзе 2024 года Лукашэнка падпісаў яшчэ два Указы аб памілаванні 63 чалавек, асуджаных па палітычных матывах. Агулам з чэрвеня па памілаванні выйшлі на волю 178 чалавекі.

Пры гэтым, па інфармацыі "Вясны" ў адной з калоній палітвязням, якіх толькі перавялі ў папраўчую ўстанову, прапануюць адразу пісаць на памілаванне.

31 палітзняволены вызвалены па памілаванні 7 лістапада

Прапагандысты 15 і 21 лістапада агучылі некаторыя імёны памілаваных.

У ліпені "Вясна" паведамляла, што ў наваполацкую калоніі № 1 кожны дзень прыязджаюць прадстаўнікі мінскай пракуратуры, якія прымушаюць палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні.

Адзін з тых, хто быў памілаваны Лукашэнкам у лістападзе — настаўнік геаграфіі Руслан Садоўнічы.

Мужчына выкладаў геаграфію ў школе. У 2020 годзе ён быў ва ўчастковай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах, дзе адмовіўся ставіць свой подпіс у пратаколе.

За "абразу прадстаўніка ўлады", "распальванне варожасці" і "гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да службовай асобы" яго асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі. У студзені 2023 года супраць Руслана распачалі новую крымінальную справу — за "абразу прадстаўніка ўлады" і "гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да службовай асобы". У лютым 2023 года Руслану дадалі яшчэ шэсць месяцаў да тэрміну. Мужчына мае інваліднасць па зроку. У Руслана двое дзяцей. 

Марыя Калеснікава сустрэлася з татам у турэмнай бальніцы

Апошні раз сваякі размаўлялі з Марыяй 18 месяцаў таму. Пасля сувязь абарвалася, і з таго часу прыходзілі толькі навіны, са словаў іншых зняволеных, якія былі ў той самай гомельскай жаночай калоніі, пра просьбы Калеснікавай аб медычнай дапамозе.

Бацька Марыі Калеснікавай расказаў пра сустрэчу з дачкой прапагандысту Раману Пратасевічу. Аляксандр Калеснікаў адзначыў, што Марыя "адчувала сябе бадзёрай, прыгожай, і ў яго не выклікаў нейкай боязі яе стан".

"Я вельмі рады, што адбылася гэтая сустрэча. І што Маша выглядала прыгожай, добрай, усмешлівай. Я вельмі рады, што ўсё атрымалася".

Амаль два месяцы невядомае месцазнаходжанне палітвязня Аляксандра Францкевіча 

Аляксандр Францкевіч у цэнтры на судзе 6 верасня

У чэрвені ў судзе Ваўкавыскага раёна палітвязню, асуджанаму раней да 16 гадоў і дзевяці месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, дадалі яшчэ адзін год зняволення. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі).

Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго ўтрымлівалі ў баранавіцкім СІЗА-6, адкуль напачатку кастрычніка этапавалі ў калоніі, але якую — невядома. З таго часу яго блізкія не атрымлівалі ад яго ні лістоў, ні паведамлення з папраўчай установы, куды яго накіравалі для адбыцця пакарання. Таму фактычна амаль два месяцы нічога невядома пра стан і месцазнаходжанне Аляксандра.

Маці палітвязня — Таццяна — цяпер таксама знаходзіцца ў зняволенні ў межах крымінальнай справы.

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч: "Калі са мной нешта здарыцца, дык гэта спецыяльна" 

Мікалай Аўтуховіч

18 лістапада Мікалай Аўтуховіч, якога трымаюць у гродзенскай турме, выйшаў на сувязь са сваякамі пасля больш як месяца маўчання. Ад палітвязня стала вядома, што ён адбыў 21 дзень у ШІЗА, дзе яму толькі зрэдку аказвалі медычную дапамогу, хоць ён мае хранічныя захворванні.

"Паспеў сказаць, што было вельмі халодна, толькі ў канцы тэрміну ў камеры адрамантавалі ацяпленне. Начамі, сказаў, увогуле „катастрофа“, так было халодна. Сказаў, што забралі танометар, хаця ў яго быў дазвол на карыстанне. Яшчэ нерэгулярна выклікалі да яго лекара, калі ён прасіў дапамогі. Кажа, толькі ў адным з пяці выпадкаў выклікалі. Як звычайна, ён не шмат казаў пра здароўе, але гэтым разам сказаў, што "калі з ім штосьці здарыцца, дык гэта было зроблена спецыяльна", — расказала "Свабодзе" крыніца са спасылкай на сваякоў Мікалая.

Паводле звестак крыніцы, у Аўтуховіча пухнуць ногі, таксама палітвязень пакутуе ад хваробы суставаў.

У магілёўскай калоніі № 15 памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр 

Праваабаронцы "Вясны" атрымалі пацверджанне, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр. Пакуль адбываліся судовыя пасяджэнні, у яго нарадзілася дзіця. Гэта здарылася 11 кастрычніка. Ён прабыў у калоніі менш за месяц. Дакладная прычына смерці невядомая.

Летам яго асудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за "шпіянаж" (арт. 358 КК) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК). Гэта сёмая смерць палітвязня за кратамі.

З сацсетак стала вядома, што Дзмітрыю было 22 гады. Ён нарадзіўся ў расійскім Слаўгарадзе. У 2018 годзе атрымаў беларускі ВНЖ. Хлопец працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства