viasna on patreon

Чацвёра замежнікаў былі асуджаныя ў Беларусі за "шпіянаж"

2024 2024-11-29T16:18:27+0300 2024-12-02T14:30:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/siza_kdb_viasna3.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па стане на 29 лістапада, па падліках "Вясны", у Беларусі паводле арт. 358 Крымінальнага кодэкса (шпіянаж) асудзілі мінімум чатырох чалавек: грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу, грамадзяніна Украіны Андрэя Шмая, грамадзянку Украіны Наталлю Захаранку, якую ў чэрвені абмянялі як палонную, і грамадзяніна Расіі Дзмітрыя Шлетгаўэра, які 11 кастрычніка памёр у магілёўскай калоніі. Бяроза і Шмай цяпер адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях. Чатырох палітвязняў судзілі ў закрытым рэжыме, таму абставіны іх абвінавачванняў невядомыя.

Разбіраемся з юрыстам "Вясны" Паўлам Сапелкам, чым адрозніваецца "шпіянаж" ад "агентурнай дзейнасці" і за што ў Беларусі могуць асудзіць паводле арт. 358 КК. 

СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма
СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

Што прадугледжвае артыкул за "шпіянаж" і чым ён адрозніваецца ад "агентурнай дзейнасці

"Адрозненне "шпіянажу" ад "агентурнай дзейнасці" ляжыць у галіне канкрэтных дзеянняў, якія абвінавачванне ставіць у віну абвінавачанаму. "Шпіянаж", паводле заканадаўства, гэта перадача, а роўна збіранне, выкраданне або захоўванне ў мэтах перадачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь, а роўна звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, наўмысна здзейсненыя замежным грамадзянінам або асобай без грамадзянства. Дарэчы, тыя ж дзеянні, учыненыя грамадзянамі Беларусі, кваліфікуюцца як "здрада дзяржаве", — адзначае Павел Сапелка.

Гэты артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў.

""Агентурная дзейнасць" — больш фармальнае дзеянне, гэта "супрацоўніцтва замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы, міжнароднай альбо замежнай арганізацыяй, спалучанае з учыненнем дзеянняў, загадзя накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь", пры адсутнасці прыкмет больш цяжкіх злачынстваў супраць дзяржавы", — тлумачыць юрыст "Вясны".

Калі даныя, якія перадаюцца замежнай дзяржаве, утрымліваюць у сабе дзяржаўныя сакрэты, то дзеянні будуць кваліфікавацца, як "шпіянаж".

Як у Беларусі пераследуюць за "агентурную дзейнасць". Асудзілі ўжо 19 замежнікаў

Распавядаем, як у Беларусі пераследуюць за "агентурную дзейнасць" і чым яна адрозніваецца ад "шпіянажу".

У верасні 2023 года Лукашэнка падпісаў Закон "Аб змене кодэксаў па патыннях крымінальнай адказнасці", згодна з якім, з трох да дзесяці сутак павялічыўся тэрмін затрымання людзей, якіх падазраюць у "здрадзе дзяржаве", "шпіянажы", "агентурнай дзейнасці", а таксама "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады".

Каго рэжым палічыў "шпіёнам"

Грамадзянін Польшчы Томаш Бяроза 

Томаш Бяроза

У Брэсцкім абласным судзе ў чэрвені 2023 года палітвязня асудзілі да 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў "агентурнай дзейнасці" (ч. 1 арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса) і "шпіянажы" (арт. 358 Крымінальнага кодэкса). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў Сяргей Беразюк. Томаш свой тэрмін адбывае ў папраўчай калоніі № 22. Маёмасць Томаша (прычэп) была арыштаваная, як у даўжніка, і прадавалася з аўкцыёну 25 красавіка 2024 г.

Грамадзянін Украіны Андрэй Шмай 

Андрэй Шмай

Андрэй нарадзіўся ў Чарнігаве і мае ўкраінскае грамадзянства. У Беларусь ён пераехаў пасля жаніцьбы. Сям'я ўжо 10 гадоў жыла ў Віцебску. Працаваў Андрэй рабочым па абслугоўванні будынкаў Віцебскага аблвыканкаму. Вядома, што мужчына — былы вайсковец, з 2006 па 2013 г. Служыў на беларуска-ўкраінскай мяжы інспектарам пункта пропуску "Ярылавічы". Палітвязня затрымалі 19 студзеня 2023 года наўпрост на працоўным месцы. 

Яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 358 (шпіянаж) і арт. 358-1 (агентурная дзейнасць)Ягоную справу разглядаў Віцебскі абласны суд з лютага па чэрвень 2024 году. Суддзя — Яўген Буруноў асудзіў Андрэя да пазбаўлення волі ў калоніі. Дакладны тэрмін праваабаронцам невядомы.

У фільме АНТ пра тэракт у Мачулішчах і сетку СБУ, які выйшаў 5 красавіка 2023 года, у Беларусі гаворыцца, нібыта Шмай рэгулярна адпраўляў інфармацыю пра сітуацыю ў аблвыканкаме праз мэсэнджар Signal ва Украіну свайму малодшаму брату Руслану, які служыць у Чарнігаўскім аператыўным упраўленні "Поўнач" і з'яўляецца намеснікам камандзіра ў аператыўных справах. У фільме таксама сцвярджаецца, што перапіска была зашыфраванай, хаця Андрэй Шмай тлумачыць, што проста выдаляў паведамленні, калі іх збіралася шмат.

Грамадзянка Украіны Наталля Захаранка 

Наталля Захаранка. Фота з сацыяльных сетак

Прадпрымальніцу з Украіны затрымалі напачатку ліпеня 2023 году. Жыхарка Чарнігава знікла па дарозе ў беларускі Мазыр, дзе жыве яе сястра. Трывогу забіла дачка жанчыны: нумары і кантакты маці пасля перасячэння польска-беларускай мяжы сталі недасяжныя, а афіцыйныя органы маўчалі. Высветлілася, што яе затрымалі і абвінавачвалі ў "шпіянажы на карысць Украіны" паводле арт. 358 КК.

Як паведамлялі ўкраінскія медыя, Наталля з'яўлялася валанцёркай, пасля пачатку вайны перавозіла ў ЕС і Беларусь украінскіх уцекачоў, перадавала дакументы і лекі. Вядома таксама, што Захаранка ездзіла ў Беларусь на ўласным аўтамабілі.

Суд над Наталляй пачаўся 15 лютага 2024 году ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў ёй дзевяць гадоў калоніі і канфіскаваў мікрааўтобус.

Увечары 28 чэрвеня 2024 года з'явілася раптоўная звестка аб вызваленні з беларускіх калоній пяці палітзняволеных. Украінcкія ўлады дабіліся вызвалення сваіх грамадзян па абмене як палонных. Сярод іх была і Наталля.

Пасля прысуду Наталля рыхтавалася да этапу ў жаночую калонію, але за ёй прышлі і загадалі: "З рэчамі на выхад". Жанчыну пасадзілі ў "бусік2 і павезлі некуды, нічога не гаворачы. На галаву адзелі мяшок, у вушы — берушы.

Грамадзянін Расіі Дзмітрый Шлетгаўэр

Дзмітрыю Шлетгаўэру 22 гады. Ён нарадзіўся ў расійскім Слаўгарадзе. У 2018 годзе атрымаў беларускі ВНЖ. Хлопец працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.

Крыху менш за год палітвязня ўтрымлівалі за кратамі — яго затрымалі 23 лістапада 2023 года. Па інфармацыі праваабаронцаў, таксама быў затрыманы і брат Дзмітрыя, але пазней яго дэпартавалі ў Расію. Некалькі месяцаў таму над Шлетгаўэрам адбыўся суд паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 358 (шпіянаж). Пакуль адбываліся судовыя пасяджэнні, у яго нарадзілася дзіця.

Па інфармацыі "Вясны", Дзмітрыю прызначалі 12 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Напачатку восені яго накіравалі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію № 15, дзе адразу ж адправілі ў штрафны ізалятар. Незадоўга пасля этапу яго знайшлі памерлым.

6 лістапада "Люстэрка" апублікавала інфармацыю аб прычыне смерці Дзмітрыя Шлетгаўэра. Па словах знаёмага сям'і, у пасведчанні аб смерці палітвязня ўказаная прычына — «механічная асфіксія». Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах. Згодна з крыніцай выдання, сям'я не верыць у самазабойства, бо Дзмітрый меў планы, збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Яшчэ ў СІЗА ў Шлетгаўэра з'явіліся праблемы са здароўем, на нервовай глебе ён палысеў, непакоіў варыкоз.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства