viasna on patreon

Пагрозы блогеру Мікіту Мелказёраву і абнаўленне "спіса экстрэмістаў": хроніка пераследу 28-29 лістапада Дапоўнена

2024 2024-11-29T14:08:26+0300 2024-11-29T15:49:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mikita-melkaziorau_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28-29 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Рэчыцы грамадзянцы Грузіі пагражаюць дэпартацыяй за "экстрэмісцкія рэпосты"

cyra-pryima.jpg
Цыра Прыйма

Грамадзянка Грузіі Цыра Прыйма родам з Батумі, але ўжо каля 10 гадоў жыве ў Рэчыцы — тут яна ажанілася з беларусам Васілём. Сям’я мае дваіх дочак, у 2021 годзе старэйшая дачка пары пайшла ў першы клас.

14 і 27 лістапада жанчыну судзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), паведаміла "Гомельская Вясна". Яе мужа па гэтым самым артыкуле судзілі 28 лістапада.

Цяпер рэчыцкі праўладны тэлеграм-канал пагражае жанчыне дэпартацыяй за тое, што яна «ў 2020 годзе ўважліва сачыла» за інфармацыйнымі рэсурсамі, якія потым абвясцілі "экстрэмісцкімі", і рабіла рэпосты.


ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў адміністратара чату "Беларусы в Ольштыне"

Паводле іх, адміністратар вырашыў "патаемна прыехаць" у Беларусь. Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі скрыншоты, на якіх бачна, што ў чаце змянілі аватарку і ў апісанне дадалі "Ольштын наш" (на дадзены момант, гэтага апісання ў чаце няма).

Цяпер у чаце публікуюццы допісы ад імя адміністратара з чырвона-зялёным эмодзі.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 22 прозвішчы — цяпер у ім 4714 чалавек

29 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі IT-спецыялістку Ксенію Сушу, псіхалагіню Жанну Дашкевіч, тынкоўшчыка Андрэя Савіцкага.


ГУБАЗіК пагражае блогеру Мікіту Мелказёраву

mikita-melkaziorau_.jpg
Мікіта Мелказёраў

У сваім тэлеграм-канале сілавікі напісалі, што ператрусы і допыты родных Мелказёрава будуць праведзеныя "с особым пристрастием". Таксама яму пагражаюць "квартирным вопросом" — гэта калі ГУБАЗіК граміць кватэры людзей і здымае гэта на відэа.

Абурэнне ГУБАЗіКа выклікала тое, што Мелказёраў назваў партыйнага дзеяча часоў СССР Панцеляймона Панамарэнку "кавалкам лайна".


Вярхоўны суд адмяніў прысуд у дачыненні да фігуранта справы «Рудабельскай паказухі» Аляксандра Чахоўскага — ягоную справу адправілі на перагляд

10 снежня ў Брэсцкім абласным судзе пачнуць разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Чахоўскага. Раней яго судзілі разам з пяццю іншымі фігурантамі справы "Рудабельскай паказухі" — у справе фігуравала ажно 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

У выніку, Андрэй Павук быў асуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі, Вольга Павук — да 8 гадоў пазбаўлення волі, Маргарыта Ляўчук, Ілля Салянкоў і Уладзіслаў Наважылаў — ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Аляксандр Чахоўскі быў асуджаны да 3 месяцаў арышту.

Стала вядома, што Вярхоўны суд адмяніў прысуд у дачыненні да Чахоўскага і адправіў ягоную справу на перагляд. Працэс будзе ўначальваць суддзя Сяргей Беразюк.


У Рэчыцы 28 лістапада разглядалі 7 адміністрацыйных спраў за "распаўсюд экстрэмізму"

suddzi-reczyckaha-suda-stanislau-ivanjuc
Суддзі Рэчыцкага суда Станіслаў Іванюценка і Юліана Лунцэвіч

Пра гэта паведаміла "Гомельская Вясна".

Суддзя Станіслаў Іванюценка разглядаў справы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП у дачыненні да Васіля Прыймы, Віктара Дземідовіча, Цыры Прыймы, Ірыны Князевай. Суддзя Юліяна Лунцэвіч за гадзіну разглядзела адразу тры «экстрэмісцкія» справы — у дачыненні да Марыі Бенза, Таццяны Тужык і Наталлі Усціменкі.

Цягам восені Рэчыца стала лідарам па колькасці затрыманняў і судоў за "распаўсюд экстрэмізму". На сённяшні дзень вядома пра як мінімум 100 чалавек, асуджаных паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства