Да 12 гадоў калоніі. У Брэсце завочна асудзілі шэсць актывістаў і блогераў
У Брэсцкім абласным судзе 24 чэрвеня завочна асудзілі суд адразу шэсць чалавек: Андрэя Павука, Вольгу Павук, Маргарыту Ляўчук, Аляксандра Чахоўскага, Іллю Салянкова, Уладзіслава Наважылава. У справе фігуравала ажно 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", "здзек над дзяржаўнымі сімваламі", "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці". Суд праходзіў у закрытым рэжыме з 31 траўня пад старшынствам Святланы Крамянеўскай.
Як паведамляе Белта, Андрэя Павука і Вольгу Павук прызналі вінаватымі ў "кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем "Рудабельская паказуха" (ч. 3 арт. 361-3 КК); зборы грашовых сродкаў і іншай маёмасці любым спосабам для свядомага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці групай асоб па папярэдняй змове (ч. 2 арт. 361-2 КК). Таксама іх прызналі вінаватымі ў "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 3 арт. 130 КК); паклёпе і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 і ч. 1 арт. 367 КК); абразах прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК); незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных (ч. 2 і 3 арт. 203-1 КК) і інш.
У выніку Андрэю Павуку завочна прызначалі 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры пяць тысяч базавых велічыняў (200 тысяч рублёў), а Вользе Павук — восем гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму са штрафам у памеры дзве з паловай тысячы базавых велічыняў (100 тыс. рублёў).
Маргарыту Ляўчук, Іллю Салянкова і Уладзіслава Наважылава асудзілі за "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні "Рудабельская паказуха" (ч. 1 арт. 361-1 КК) і здзяйсненні ў яго складзе шэрагу іншых злачынстваў", паведамляе дзяржаўнае агенцтва. Яны асуджаныя да тэрмінаў ад шасці да васьмі гадоў пазбаўлення волі са штрафам ад 500 базавых велічыняў да 800 базавых велічыняў. Дакладныя тэрміны ім не паведамляюцца.
Аляксандр Чахоўскі асуджаны за "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) і "здзек над дзяржаўнымі сімваламі" (арт. 370 КК). Яму прызначылі тры месяцы арышту.