viasna on patreon

"Я распусціла гульку, а там — запечаная кроў". Гісторыя палітзняволенай Ганны Вішняк

2023 2023-01-09T12:44:45+0300 2023-01-09T15:44:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vishniak_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ганна Вішняк яшчэ да пачатку 2020 года валанцёрыла ў розных ініцыятывах — у тым ліку, дапамагала ў дзіцячых дамах. Пасля падзей жніўня 2020 года чат "Кіроўцы-97", у дзейнасці якога яна ўдзельнічала, пераключыўся на палітычны парадак дня. Кіроўцы развозілі ваду і піцу пратэстоўцам, ладзілі заторы на дарогах, каб тэхніка не дабралася да Маршаў. На канале публікаваліся інструкцыі наконт паводзінаў у розных сітуацыях.

28 кастрычніка 2020 года па Ганну прыйшлі. Дзяўчына распавяла "Вясне" пра допыты пад катаваннямі, як паводзілі сябе розныя палітвязні, а таксама чаму ўмовы ў СІЗА пасля знаходжання ў калоніі здаліся ёй раем.  

"Я зварыла новенькі айфон у солі"

"Увесь кастрычнік я заўважала, як за мной сачылі, але не надавала гэтаму значэння: я ж не рабіла нічога дрэннага. Калі па мяне прыйшлі, не маглі ўзламаць дзверы і 40 хвілін званілі ў кватэру. Я паспела адпісацца калегу, каб забраў у мяне доступ да акаўнта ўладальніка канала і зварыла ноўтбук і новенькі айфон у солі. Там была інфармацыя, якая не павінна трапіць у рукі карнікам. Інфармацыя па кіроўцах была на іншым тэлефоне — з ёй я ўжо нічога не паспявала зрабіць.

Я спрабавала не пусціць іх, але яны паказалі мне тэчку са скрыншотамі з маімі старымі нікнэймамі і праштурхнулі мяне ў кватэру так, што я адляцела на пару метраў. Іх было шасцёра — двое без масак. Ператрус праходзіў без дазволу ўладальніка кватэры, я бачыла, як адну з флэшак з відэа з Маршаў яны проста засунулі ў кішэню штаноў, ніяк не аформіўшы.

Спачатку мяне адвезлі ў КДБ — там гутарылі культурна і акуратна. Калі прывезлі ў ГУБАЗіК, Бедункевіч, які займаўся справай кіроўцаў, сказаў, што добрае абыходжанне скончылася. Мне дазволілі пакурыць у суправаджэнні супрацоўніка — ён курыў скрозь балаклаву і запалохваў мяне — што будзе, калі я нічога не распавяду. У нас у чаце была пагроза жыццю Карпянкова, і ў маім тэлефоне знайшлі галасавыя з падрабязнымі планамі — таму ён дапытваў мяне асабіста. Спачатку я не пазнала яго: такі мілы і ветлівы, худзенькі, але ўмее зачароўваць і пераўвасабляцца, каб дазнацца інфармацыю. Там усе пакланяюцца яму. У ГУБАЗ на мяне ціснулі маральна, пагражалі, што знойдуць у лесе і гэтак далей. Я была ў гістэрыцы — мяне дапытвалі з 10.30 раніцы да вечара.

Потым былі СК і Акрэсціна. Па дарозе ў ІЧУ я ўбачыла, што яны "паклалі" канал — калега не паспеў забраць у мяне доступ. Першую ноч я правяла ў дэпартацыйнай камеры, адкуль паспела перадаць запіску з папярэджаннямі на волю. На наступны дзень мяне перавялі ў "адзіночку". Я схадзіла на першы допыт у пакой са "злівам" у цэнтры, пасля яго мне настолькі хацелася вымыцца ад бруду, што я адразу кінулася мыць галаву тым змылкам, які знайшла ў камеры. Калі я прыйшла на другі допыт, там ужо стаяла крэсла, а Бедункевіч і ягоны памочнік былі ў пальчатках. Я не памятаю, як вытрывала допыт: гэта быў жорсткі маральны і фізічны прэсінг, прычым яны ведалі значна больш за мяне саму. Яны ўмеюць біць так, каб не пакінуць слядоў, могуць паваліць на падлогу, паставіць крэсла зверху, сесці на яго і пытацца: "Ну што, падабаецца?" Ці паваліць на падлогу і паставіць нагу на грудзі і запытваць: "Можа, здасі сваіх?" Яны дамагліся, каб я сказала штосьці на запіс. Я не памятаю, як дабралася да камеры — калі я прачнулася, там ужо была іншая абвінавачаная. Яна прыкладвала мне лёд да твара і цела. Я зразумела, што не магу падняць галаву з падушкі, развязала гульку, а там — спечаная кроў".

"Штораніцы я прачыналася і думала, ці жывая мама"

"Праз два дні мяне перавялі ў СІЗА — там лекарка і вокам не павяла, што ў мяне пабітая галава. Пасля адстойніка — сапраўднага склепа — мяне вызначылі ў камеру 83, там была Тоня Канавалава. Яшчэ нядаўна я пісала пра яе тэкст — і вось яна ўжо дапамагае мне канвертамі. Сваякі і адвакат два тыдні не ведалі, дзе я.

У камеры 76 я пазнаёмілася з Таццянай Васільеўнай Канеўскай — каб не яна, я б здалася на трэці дзень. Гэта легендарны чалавек, які дае людзям велізарныя крылы там. Яна ўмее данесці свой пункт гледжання да людзей, паважаючы чужое меркаванне. Мне хацелася плакаць, таму што яна не бачыла ўсіх гэтых падзей, але трымалася настолькі ўпэўнена, як быццам асабіста ўдзельнічала ва ўсім. Мы штодня хадзілі на прагулку, хоць я часта ныла. А Таццяна Васільеўна паўтарала: "Свежае паветра — наша здароўе". На адной з прагулак я выгукнула: "Жыве Беларусь!" Прыбегла наглядчыца, пачала крычаць пра рапарт, а тут з суседняга дворыка: "А вы што, супраць, каб Беларусь жыла?" Гэта быў Павел Севярынец.

У камеры 74 была лужына да шчыкалаткі і цвіль на столі. Я больш за сем сутак трымала "сухую" галадоўку ў знак пратэсту на невыносныя ўмовы — але замест таго, каб выправіць умовы, яны перавялі мяне ў іншую камеру. Галадоўка можа паўплываць на такія побытавыя рэчы, але на значныя моманты — не.

У адной з камер я сустрэлася з Вольгай Залатар у ейны першы дзень у СІЗА. Яна распавядала, як яе білі — гэта была амаль дакладна мая гісторыя. З яе здзекаваліся, таму што яна размаўляе па-беларуску і адмовілася разблакаваць планшэт. У іншай камеры Юлія Слуцкая заплятала мне касічкі. У дворыку СІЗА, напэўна, дагэтуль захаваўся ейны надпіс: "Гэта яма, сынок".

Пакуль я была на "Валадарцы", мая мама 29 дзён ляжала з кавідам, а мне не аддавалі яе лісты. Штораніцы я прачыналася і думала, ці жывая мама. У выніку я раскрычалася на аператыўніка — ён не вытрываў і прынёс мне ейны ліст. Дазнаўшыся, што мама жывая, я падскокнула і абняла яго. Неўзабаве пасля гэтага выпадку ён звольніўся — напэўна, не змог працаваць, бачачы ўсё гэта.

Суд быў сумны, з доказаў былі скрыншоты з чата, сярод якіх не было ніводнага майго паведамлення — толькі з маленькага чата на семярых людзей. Калі мы ездзілі на суды, канвой, які вазіў нас, здзекаваўся: перад пасадкай у аўтазак на надглядзе зайшлі мужчыны ў форме міліцыі, прымусілі распрануцца дагала і скакаць упрысядкі. Прычым яны яшчэ завялі на надгляд хлопцаў, якіх везлі на суды, дасталі тэлефон і ўсё гэта здымалі на відэа. Гэты выпадак палічыў абуральным нават аператыўнік СІЗА, і пасля таго, што адбылося, на надгляд мяне і іншых палітзняволеных вадзілі супрацоўнікі СІЗА і вартавалі ля дзвярэй, пакуль нас аглядалі жанчыны-канвойныя суда".

"Патрапіўшы ў калонію, зразумела, што ў СІЗА была як у Бога за плячыма"

"Як зразумець, што перад табой палітвязень, які застаўся верны перакананням? Вельмі проста. Тых, хто не ішлі на кампрамісы, пазбаўлялі перадач, спатканняў, на працягу ўсяго тэрміна закідвалі ў ШІЗА мінімум на 10 сутак. Стойкія не ўдзельнічалі ні ў якіх секцыях і гуртках — як можна ладзіць "танцы на касцях" там? Патрапіўшы ў калонію, я зразумела, што ў СІЗА была як у Бога за плячыма. У першы ж дзень мяне выклікалі "на дыван", таму што я перакінулася парай слоў з Тоняй Канавалавай. Першыя тры месяцы я асабліва не вылазіла і жыла няблага, але потым я пачала распавядаць праўду пра тое, што адбываецца, разважлівым дзяўчатам — гэта вельмі не спадабалася адміністрацыі. За год я памяняла 10 атрадаў, кожны месяц была ў ШІЗА.

У першы раз мяне адправілі ў ШІЗА, бо знайшлі ў кішэні падкінуты кімсьці паламаны кіпяцільнік. Незадоўга да таго, як гэта здарылася, да нас прыязджала праверка з ДВП, і я падскочыла да іх распавесці пра невыносныя ўмовы працы: жудасны шум, ніякіх пальчатак, хоць працуеш з крэйдай і іншымі рэчывамі, вечная антысанітарыя. За шасцідзённы працоўны дзень "белы" заробак быў 44 капейкі, чорны — ніжэйшы яшчэ на 25%. Я спачатку працавала лякальшчыцай, потым на праклейванні дэталяў, потым на вываратцы (частка выкрайкі, якая "схаваная" ўсярэдзіну). На ўсёй вываратцы я пісала "Жыве Беларусь!". Адміністрацыя дазналася пра гэта, але я пісала на адных дэталях, а да іх дайшло, што на іншых — яны нічога не знайшлі і вырашылі, што гэта дэзінфармацыя.

ШІЗА — гэта ўзаконеныя катаванні. Спачатку табе даюць 10 сутак, потым падаўжаюць, увесь гэты час мораць голадам і холадам. Вокны там з дзіркамі, сядзець трэба на бетоне на бэльцы, абабітай жалезам, — яна пакрываецца шэранню. Я патрапіла туды 2 снежня і мелася сядзець да канца месяца, але 28 снежня мне стала вельмі дрэнна, лекарка ў санчастцы сказала, што я згублю нырку, калі вярнуся ў ШІЗА. Тады мне два дні пракалолі ўколы і адправілі ў 5-ты атрад, каб ачуняць. 5-ты, 7-мы і 13-ты атрады называюцца "Бамбей", там больш-менш нармальныя ўмовы.

Псіхалагічная дапамога

Як спраўляцца з ізаляцыяй у адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў.

Але ўжо 9 студзеня мяне перавялі ў 14-ты атрад — гэта бамжатнік, дзе няспынны прэсінг і невыносныя ўмовы. Двойчы за ноч я ўставала праванітаваць ад водараў людзей і сантэхнікі. Унітазы там стаяць у два шэрагі: каб выйсці з туалета, трэба перакрочыць праз калені іншай жанчыны. Душа няма, а адлегласць ад крана да дна рукамыйніцы — 1-2 сантыметры. У суседнім пад'ездзе з 14-м атрадам была Маша Калеснікава. Яна не збліжалася ні з кім са зняволеных, хоць з усімі віталася, усміхалася, падтрымлівала, але сама ніколі нічога не распавядала. Гэта правільная пазіцыя — яна разумела, што яна палітык, а там нават сярод сваіх палітычных свае "цёркі". Кожны дзень Марыя была ў выпрасаваным адзенні, пры лёгкім макіяжы — не разумею, як яна спраўляецца. Вонкава яна пераносіць лёгка, але ў вачах у яе глыбокі боль.

9-ты атрад — прэс-атрад. Там з цябе здзекуюцца і аператыўнікі, і зняволеныя. Было лёгка вытрываць здзекаванні, але цяжка разумець, што яны зыходзілі і ад нашых людзей. Пасля такога разумееш, што трэба з асцярожнасцю камунікаваць нават са сваімі.

У гэтым атрадзе ў мяне ў кубку з гарбатай увесь час былі вусені, на пасцелі — вядро вады. Софу Сапегу жорстка прасавалі. Бывала, што яе ўсю трэсла: яна казала, як усё гэта ёй надакучыла — у тым ліку, любоўныя забавы на суседнім ложку кожную ноч. На яе пісалі рапарты за тое, што яна кагосьці пачаставала, за тое, што хтосьці здаў, што ёй перадалі залаты гадзіннік — на прыёмцы проста не заўважылі. Але яна трымалася і намагалася аджартоўвацца. Каці Бахвалавай падкідвалі чужыя рэчы, таблеткі, каб адправіць у ШІЗА. Аднаго разу Таццяна Гарбачэўская, якая працавала капцёршчыцай у калоніі, з гонарам прызналася мне, што гэта зрабіла яна паводле ўказання аператыўніка. Мне таксама падкідалі лёзы і іголкі, каб адправіць у ШІЗА.

Палітзняволеная Наталля Падлеўска: пра "сэлфі" ў камеры, наглядчыц у турме і "экстрэмісцкі" рапарт на трох мовах

Пасля вызвалення яна распавяла нам пра ўмовы ўтрымання, стаўленне персанала да палітвязняў, а таксама пра людзей, якіх яна сустрэла за кратамі.

Я бачыла, як дзяўчынку збілі да паўсмерці, пры мне памерла 4-5 чалавек. У работнікаў калоніі ўсё схоплена ў гарадской лякарні — пасля паездкі туды ў мяне згодна з дакументамі рэзка палепшыўся зрок. Адной дзяўчынцы на фабрыцы адрэзалі палец, а аформілі як драпіну. Яна залівала крывёй усю падлогу — а доктар даў ёй валяр'янку.

Велізарнай падтрымкай там былі Таццяна Канеўская і Паліна Шарэнда-Панасюк. Гэта неймаверна моцныя жанчыны, якія не ішлі ні на якія саступкі. Падтрымкай былі лісты, якія тады яшчэ даходзілі. Аднойчы я напісала чалавеку, што ў мяне добры від з акна — і ледзь не ўдавілася кавай, калі неўзабаве ўбачыла з акна на паркоўцы людзей з плакатамі падтрымкі".   

"Складана нанова вучыцца мець зносіны з нармальнымі людзьмі"

"Я сама не верыла, што выйду: у мяне было 16 спагнанняў. У першы дзень мяне забрала мама і ейны муж — я вельмі ўдзячная ім за падтрымку. Мы не былі асабліва блізкія да майго затрымання, але потым яна пачала вельмі моцна мне дапамагаць і фактычна паклала на гэта здароўе — у яе моцна падняўся цукар. Астатнія сваякі ад мяне адвярнуліся. Цётка напісала, што пойдзе ў царкву памаліцца за Лукашэнку, хоць і паклала на атаварку 100 рублёў.

Першыя часы я амаль нікуды не выходзіла. Зразумела, што не магу есці мяса, але не магла наесціся малочкой — заядала малако смятанай. Была ў поўнай прастрацыі і не разумела, дзе мае рэчы і дакументы. Я засталася без ноўтбука і нармальнага тэлефона — мой апарат 2013 года разбіты, у ім бракуе памяці. Некаторыя сябры дапамагалі справай. Перад затрыманнем я заклала лекі ў зубы — за гэты час яны разбурыліся, давялося вырваць некалькі жавальных зубоў. Астатнія яшчэ трэба будзе вылечыць. Адна сяброўка занялася доглядам за маімі рукамі ў падарунак, іншая — доглядам за тварам. Муж яшчэ адной сяброўкі дапамагаў мне з псіхалагічнымі кансультацыямі — першыя часы вельмі складана нанова вучыцца мець зносіны з нармальнымі людзьмі і не чакаць, што табе рыхтуюць падставу. 

Але потым пачалі з'яўляцца сур'ёзныя званочкі, і я зразумела, што мяне могуць затрымаць за іншыя рэчы, таму з'ехала з адным маленькім заплечнічкам у руках. Зараз для мяне галоўнае — адаптавацца ў новай краіне".


Дапамагчы Ганне можна матэрыяльна, узяўшы ўдзел у зборы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства