Сёння ў закрытым рэжыме пачынаецца суд па "справе TUT.ВY" Дапоўнена
Сёння, 9 студзеня, у Мінскім гарадскім судзе пачынаецца разгляд справы супраць найбуйнейшага беларускага незалежнага парталу TUT.BY. Судовы працэс ад самага пачатку зрабілі закрытым. Справу разглядае суддзя Валянціна Зянькевіч. Цяпер пад вартай утрымліваюцца былая галоўная рэдактарка Марына Золатава і былая генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Вользе Лойцы, Алене Талкачовай і Кацярыне Ткачэнцы раней змянілі меру стрымання — яны з'ехалі за мяжу. "Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць супрацоўніц парталу TUT.BY, і што цяпер вядома па справе.
У чым абвінавачваюць супрацоўніц TUT.ВY?
Былую генеральную дырэктарку Людмілу Чэкіну вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 (арганізацыя наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, якія ўчыненыя групай асобаў або пацягнулі цяжкія наступствы);
- ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 (кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненае з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт).
Былой галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай ставіцца ў віну:
- ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, якое ўчыненае групай асобаў або пацягнула цяжкія наступствы);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт).
Былой галоўнай рэдактарцы палітыка-эканамічнага блока Вользе Лойцы і журналістцы Алене Талкачовай ставіцца ў віну:
- ч.6 арт. 16, ч. 2 арт. 243 (пасобніцтва ва ухіленні ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, якое ўчыненае групай асобаў або пацягнула цяжкія наступствы);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт).
Былой юрыстцы Кацярыне Ткачэнцы ставіцца ў віну:
- ч.6 арт. 16, ч. 2 арт. 243 (пасобніцтва ва ухіленні ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч.1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Пераслед парталу TUT.ВY
Раніцай 18 траўня 2021 года сілавікі прыйшлі дадому да некаторых супрацоўнікаў і супрацоўніц кампаніі і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый, а таксама ў офісы TUT.BY у Мінску і абласных цэнтрах. Некаторых з дому забралі ў статусе сведкі, а ўвечары таго ж дня яны былі ў ІЧУ на Акрэсціна як падазраваныя па крымінальнай справе. У той дзень затрымалі 15 чалавек.
Як паведамлялі 18 траўня ў КДК, у дачыненні да службовых асобаў кампаніі была распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Прэтэнзія да кіраўніцтва кампаніі заключалася ў тым, што, з’яўляючыся рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій, «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» нібыта атрымала выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў. У выніку ў бюджэт у 2019-2021 гадах было недаплачана больш за тры мільёны рублёў.
Як паведаміў намеснік старшыні СК Алег Шандаровіч, "большасць абвінавачаных заявілі хадайніцтвы Лукашэнку аб памілаванні, кампенсавалі ўрон у поўным аб'ёме і ўнеслі крымінальна-прававую кампенсацыю, супрацоўнічалі са следствам, таму ім змянілі меру стрымання".
Суд ад самага пачатку зрабілі закрытым. На лаве падусудных — палітзняволеныя Золатава і Чэкіна, якія знаходзяцца пад вартай ужо 19 месяцаў. Яшчэ тры фігуранткі справы — Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка, у дачыненні да якіх была абраная мера стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва. Цяпер яны знаходзяцца за межамі Беларусі.
Па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць. Зварот рэдакцыі «Люстэрка» ў сувязі з пачаткам суда па справе TUT.BY
9 студзеня рэдакцыя «Люстэрка» ў сувязі з пачаткам суда па справе TUT.BY зрабіла зварот. "Вясна" публікуе вытрымкі:
"Увесь гэты працэс — сюр, які можна назваць фінальным рыўком па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць, дзе сапраўдныя навіны — гэта зло. А зло, як вядома, мусіць быць пераможанае".
"Для многіх з нас, журналістаў і рэдактараў «Люстэрка», справа TUT.BY — асабістая. Нашае медыя было створанае выхадцамі з гэтага партала. Абвінавачаныя па справе — нашыя былыя калегі, для кагосьці — і блізкія сябры. Але гэты тэкст не пра асабістае, ён пра ўсіх нас, пра беларусаў".
"У краіне, якую большасць з беларусаў хоча пабудаваць, незалежныя СМІ — адна з непарушных апораў дэмакратыі. У гэтай краіне супрацоўнікі TUT.BY, «Нашай Нівы», БелаПАН — гэта паважаныя людзі, якім верыць грамадства, а чыноўнікі і палітыкі выстройваюцца ў чаргу, каб праз матэрыялы медыя данесці свае ідэі да масаў".
"У нас няма сумневаў, што справа TUT.BY сфабрыкаваная ад пачатку да канца і з’явілася толькі таму, што рэжым баіцца журналістаў. Баіцца сапраўдных навін.
Супрацоўнікі TUT.BY павінныя быць вызваленыя ў зале суда.
А яшчэ мы ведаем, што гэтага не адбудзецца. Таму што ў сучаснай Беларусі разлічваць на справядлівы суд не даводзіцца.
Гэты палітычны працэс — не першы, не дзясяты і нават не тысячны. Толькі палітвязняў проста цяпер у краіне 1442. На момант, калі вы чытаеце гэты тэкст, іх напэўна стала больш.
Нашая любімая краіна ўсё глыбей і глыбей занураецца ў цемру. Калі, здаецца, горш быць не можа — з’яўляецца чарговая навіна, якая прымушае здранцвець.
Беларусь на поўнай пары нясецца па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць, дзе сапраўдныя навіны — гэта зло. І ўлада спрабуе гэтае зло перамагчы.
Але мы абяцаем вам рабіць усё, каб у іх не атрымалася. Дзеля калег, якіх сёння пачалі судзіць, і дзеля будучыні нашай краіны мы будзем працягваць справу TUT.BY — і расказваць, як насамрэч ідуць справы ў Беларусі.
І мы зробім усё, каб хлусня не стала ісцінай".