viasna on patreon

Юрыя Касцюка асудзілі да 4 гадоў калоніі за дапамогу іншым палітвязням атрымліваць падтрымку ад фондаў

2023 2023-01-13T16:10:46+0300 2023-01-13T16:55:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kascuk.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Брэсцкім абласным судзе 13 студзеня да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі палітзняволенага Юрыя Касцюка, якога восенню 2022 года таемна вывезлі з Расіі ў Беларусь. Пяць месяцаў ён утрымліваўся ў расійскім следчым ізалятары, яшчэ тры месяцы — у беларускіх.  Палітвязня асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за тое, што дапамагаў іншым палітвязням атрымліваць дапамогу ад фондаў. Сам Касцюк на судзе віну не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні. На судзе дапыталі сем палітзняволеных з ПУАТ, якія былі там разам з Касцюком. Суддзя Святлана Крамянёўская вынесла менавіта такі прысуд, які запрашваў пракурор Аляксандр Бацюшка, піша "Брэсцкая Вясна". 

Юрый Касцюк
Юрый Касцюк

Згодна з матэрыяламі справы абвінавачаны, Юрый Касцюк "раней прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за здзек над дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе, у перыяд адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі звязаўся праз інтэрнэт з прадстаўнікамі экстрэмісцкіх фарміраванняў, якія пазіцыянавалі сябе як праваабарончыя арганізацыі (BYSOL і By_help), для атрымання грашовых выплат. Пасля ён падшукваў грамадзян, якія былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Пры іх згодзе накіроўваў копію прысуду суда сваім куратарам. Для знойдзеных з дапамогай Касцюка людзей тыя пералічвалі грошы на банкаўскую карту аплатнай сістэмы Рэспублікі Польшча, адкрытую па просьбе абвінавачанага на яго знаёмых. Далей ён ажыццяўляў пераводы сваякам асуджаных".

Па дадзеных абвінавачвання, усяго з 27 лютага 2021 года па 23 лістапада 2022 года Касцюк атрымаў для выплаты для шасці грамадзян. 

Сам Касцюк на судзе віну не прызнаў. Даваць паказанні адмовіўся.

Як распавядае "Брэсцкая Вясна", на судзе пракурор зачытваў паказанні Юрыя, дадзеныя ім падчас аднаго з затрыманняў, у лютым 2022 года. Тады хлопца затрымалі праз тэлеграм-чат для палітвязняў з назвай "Валейбол па выходных". Пра сам чат Юры тады сказаў, што пра яго існаванне дазнаўся ад іншых вязняў ПУАТ, у чат не заходзіў, паведамленняў там не чытаў, хто адміністратар не ведае. Пра чат яму было вядома толькі, што там дапамагаюць перасякаць мяжу тым, хто асуджаны па палітычных артыкулах. Пра той факт, што чат быў прызнаны экстрэмісцкім, даведаўся ўжо толькі на допытах.

Таксама на тых дасудовых допытах Юрый распавёў, што сам атрымліваў дапамогу ад BYSOL. Грошы прыходзілі на еўрапейскую карту, адкрытую знаёмым па яго просьбе. Потым, паводле зачытаных паказанняў, Касцюк прапанаваў атрымліваць выплаты на дадзеную замежную карту некаторым іншым адбываючым пакаранне ў гродзенскай ПУАТ. Адзін раз знаёмы зняў 1500 у.е. у Пружанах і аддаў грошы Юрыю, а потым аддаў карту ў карыстанне Касцюку. У адным пратаколе допыту ў якасці паказанняў Юрыя запісана, што грошы з карты ён пераводзіў сваякам палітвязням, а ў іншым — што грошы траціў на свае мэты, а адрасатам дапамогі казаў што BYSOL у дапамозе адмовіў (пры гэтым нібыта разлічваў, што на яго ніхто не паскардзіцца, бо ім толькі горш будзе).

На судзе дапыталі шэсць палітзняволеных з ПУАТ № 24 і аднаго з ПУАТ № 29, якія былі там разам з Касцюком.


Нагадаем, Касцюк адбыў тэрмін за "знявагу дзяржаўных сімвалаў" і 6 студзеня выйшаў на волю. 15 лютага яго затрымалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце палітзняволеных "хімікаў" "Волейбол по выходным". Вядома, што Касцюк быў моцна збіты, было падазрэнні на зламаныя рэбры.Крымінальная справа па арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) не была спынена. Хлопец з'ехаў у Расію — яго абвясцілі ў міждзяржаўны вышук.

15 траўня 2022 года ён быў затрыманы ў Сочы. Юрый чакаў экстрадыцыі ў Беларусь у расійскім следчым ізалятары. З дапамогай адваката ён падаўся на статус уцекача, пасля адмовы надаць яму прытулак Юрый вырашыў абскардзіць рашэнне. Негледзячы на працэс, 13 кастрычніка прыставы адвезлі Юрыя ў аэрапорт для экстрадыцыі. Пры гэтым яго збівалі па дарозе туды і на зваротным шляху. У аэрапорце Юрый спрабаваў нашкодзіць сабе і парэзаў жывот, каб спыніць катаванні і выдварэнне. Яго вярнулі ў цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзян, дзе ён зняў пабоі.

16 кастрычніка 2022 года Юрыя Касцюка таемна вывезлі ў Беларусь і змясцілі ў ІЧУ Пружанаў, а пазней перавялі ў баранавіцкі СІЗА-6. Вядома, што там хлопец зазнае жорсткае абыходжанне. 7 снежня ягоную справу накіравалі ў суд. Неўзабаве Юрыя перавялі ў брэсцкі СІЗА-7.

Падтрымаць палітвязня грашовымі пераводамі і тэлеграмамі: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Касцюк Юрый Андрэевіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства