Юрыст "Вясны" Павел Сапелка пра суд над калегамі: "Гэта расправа над праваабаронцамі пад выглядам правасуддзя"
У судзе Ленінскага раёна Мінска з 5 студзеня ідзе суд па "справе Вясны", фігурантамі якой выступаюць старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, а таксама Дзмітрый Салаўёў, які быў вымушаны пакінуць Беларусь, — яго судзяць завочна. Чатырох праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак") — яны не прызналі віну ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, які ім ставіцца ў віну. Справу разглядае сумна вядомая суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Абмеркавалі працэс з нашым калегам — юрыстам "Вясны" Паўлам Сапелкам.
— Сёння, 12 студзеня, па "справе Вясны" праходзіць ужо пятае пасяджэнне. Якія ў вас склаліся ўражанні пра суд?
— Гэта расправа над праваабаронцамі пад выглядам правасуддзя, аднак захоўванне бачнасці працэдуры правасуддзя не азначае правасуддзя. Той факт, што гэтая расправа адбываецца ў судовай зале і выконваецца чалавекам у мантыі, ацэнак не змяняе. Следства прайшло на працягу 14 месяцаў паводле зусім іншага абвінавачвання, менавіта ў сувязі з ранейшым абвінавачваннем, якое ўрэшце правалілася, але дазволіла больш за год адвольна пратрымаць праваабаронцаў у турме, былі дапытаныя сведкі. Цяпер гэтымі паказаннямі спрабуюць падтрымаць новы абсурд, спехам выкладзены абвінавачваннем у судзе. Гэтая мешаніна з фактаў, здагадак і дапушчэнняў можа быць прынята толькі тым судом, якога не хвалюе ані сутнасць працэсу правасуддзя, ані хаця б фармальныя патрабаванні, якія выстаўляюцца да гэтага працэсу.
— Суддзя Марына Запаснік не задаволіла на працэсе ніводнага хадайніцтва праваабаронцаў. Як вы гэта расцэньваеце?
— Ацэньваючы працэс з пункту гледжання выканання працэсуальных гарантый, трэба звярнуцца да міжнародных абавязальніцтваў Беларусі. Мабыць гэта трохі нудна, але ўсё ж. У адпаведнасці з падпісаным, ратыфікаваным, а значыць — абавязковым для Беларусі і яе ўлад, у тым ліку судовых — Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (Пакт), "усе асобы надзяляюцца правам на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона"; права на роўнасць перад судамі і трыбуналамі ў агульным сэнсе гарантуе права роўнага доступу і роўнасці спаборных магчымасцяў і забяспечвае, каб абыходжанне з бакамі ў такіх разглядах было свабодным ад любой дыскрымінацыі.
Абыходжанне з бакамі — гэта пра бок абвінавачвання, які прадстаўляе пракурорскі супрацоўнік, і бок абароны — абвінавачаных і іх абаронцаў. І вось першы дзень судовага пасяджэння і першыя бачныя вынікі: бок абвінавачвання ўдзельнічае ў працэсе, які вядзецца на яго роднай мове, сядзіць за сталом, з пісьмовымі прыладамі, без кайданкоў. Бок абароны ў асобе абвінавачаных удзельнічае ў працэсе, які вядзецца на замежнай мове, сядзіць у клетцы, у кайданках, без пісьмовых прыладаў (стрыжань аўтаручкі, напэўна, не лічыцца), не ў поўным аб'ёме азнаёмленыя з матэрыяламі справы. Чаму не задаволеныя зразумелыя і аб'ектыўна важныя для інтарэсаў абвінавачаных хадайніцтвы? Хутчэй за ўсё, таму што суд непасрэдна зацікаўлены ў стварэнні непрымальных умоў для боку абароны. Ну ці таму, што ў суда адсутнічае разуменне важнасці працэсуальных правоў (і суд не дае магчымасці даазнаёміцца са справай), абсалютнага характару забароны жорсткага абыходжання і знявагі чалавечай годнасці (і людзі ў клетцы, што ўжо недапушчальна, пакутуюць ад наяўнасці на іх кайданкоў). Адначасова суддзя дэманструе элементарную непісьменнасць і няведанне нарматыўных актаў і пакідае клопат пра парадак у зале суда на канвой.
Хоць мне бліжэйшы пункт гледжання, паводле якога суддзя так робіць, таму што, з'яўляючыся паслухмяным вінцікам рэпрэсіўнай сістэмы, залежным ад органаў выканаўчай улады, выконвае яе ўсталёўкі — бязлітасна чыніць расправу над любымі формамі пратэсту супраць таталітарнай улады і іншадумства. А тым часам патрабаванне, якое датычыць кампетэнтнасці, незалежнасці і непрадузятасці суда, з'яўляецца абсалютным правам, якое не падлягае ніякім выключэнням. Камітэт па правах чалавека ААН (КПЧ) адзначаў, што "сітуацыя, пры якой функцыі і кампетэнцыя судовых органаў і органаў выканаўчай улады выразна не размежаваныя ці калі апошнія аказваюцца ў стане кантраляваць ці накіроўваць дзейнасць першых, не сумяшчальная з паняццем незалежнага суда".
— Як вы пракаментуеце абвінавачванні вясноўцам і працэс даказвання іх віны на судзе?
Трошкі пра працэс даказвання ўжо сказаў на пачатку, а вось што напісана пра бяздумнае абвяшчэнне паказанняў сведак у іх адсутнасць у Пакце: "гарантуецца права абвінавачаных у крымінальным злачынстве асоб дапытваць сведкаў, якія паказваюць супраць іх". КПЧ адзначае, што ў якасці варыянту ўжывання прынцыпу роўнасці спаборных магчымасцяў дадзеная гарантыя мае важнае значэнне для забеспячэння эфектыўнай абароны абвінавачанымі і іх абаронцамі, і тым самым абвінавачаным гарантуюцца тыя ж самыя юрыдычныя паўнамоцтвы патрабаваць прысутнасці сведак і дапытваць, ці ладзіць скрыжаваны допыт любых сведак, якія мае абвінавачванне. Іншага спосабу, як дапытаць іх у судзе, у абвінавачаных няма: пра змест паказанняў сведак яны дазнаюцца толькі па завяршэнні папярэдняга расследавання.
— Якія ў вас чаканні ад выніку суда?
— Я паўтаруся, што сапраўды не чакаю ад суда справядлівага прысуду, уся гэтая пастаноўка скончыцца больш ці менш жорсткім прысудам. Аднак кожны павінен памятаць: пераслед паводле палітычных матываў у цяперашніх маштабах і формах з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці нават згодна з беларускім законам, на якія не распаўсюджваюцца тэрміны даўнасці.
Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Храналогія суда па "справе Вясны":
У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў.
Суд пакуль адкрыты — мы онлайн сочым за ходам судовага працэсу.
Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень
У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны".
Трэці суд па "справе Вясны": Уладзю Лабковічу выклікалі "хуткую", праваабаронцы зноў просяць зняць кайданкі з іх
У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны"
Абое пераследавалі мастака Алеся Пушкіна: што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны"
Распавядаем, што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны".