viasna on patreon

Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень Дапоўнена

2023 2023-01-06T11:07:08+0300 2023-01-19T20:36:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna_sud_2.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны", фігурантамі якой з'яўляюцца старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, а таксама Зміцер Салаўёў, які вымушаны быў пакінуць Беларусь, — яго судзяць завочна. Чатырох праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак") — яны не прызналі віну ні па ніводным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім ставіцца ў віну. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Вясноўцы на судзе 5 студзеня
Вясноўцы на судзе 5 студзеня

Што вядома пра суд?

Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Праваабаронцы ў залі суда ўтрымліваюцца ў кайданках і за кратамі. На першым пасяджэнні вясноўцы заявілі шэраг хадайніцтв, сярод якіх — весці судовы працэс па-беларуску, прадаставіць перакладчыка з рускай на беларускую мову, змяніць меру стрымання на незвязаную з пазбаўленнем волі, зняць кайданкі, азнаёміцца з матэрыяламі справы і іншыя. Ва ўсіх хадайніцтвах было адмоўлена, а некаторыя нават суддзя не стала разглядаць.

Пракурор зачытваў абвінавачванні праваабаронцам дзве гадзіны. Яны не прызналі віну. 

Па справе ўсяго 283 тома матэрыялаў справы па 300 старонак — гэта рэкорд па аб'ёму па "палітычнай" справе ў Беларусі. Па справе праходзяць каля 100 сведак. Што адметна, інтарэсы на судзе Змітра Салаўёва, якога судзіць завочна ў парадку спецыяльнай вытворчасці, прадстаўляе прызначаны следствам адвакат. Ён адзначае, што не ведае ні яго імя, ні пола.

На працэсе вызначылі парадак судовага следства: адразу дапытаць сведак, потым вывучыць пісьмовыя матэрыялы справы, і пры неабходнасці — рэчавыя доказы, і ў апошнюю чаргу дапытаць саміх палітзняволеных праваабаронцаў. 5 студзеня дапыталі заснавальніка і галоўнага рэдактара "Народнай волі" Іосіфа Сярэдзіча і зачыталі паказанні праваабаронцы Алены Лапцёнак. Астатнія сведкі на суд не з'явіліся. Вядома, што была заяўлена таксама галоўная рэдактарка "Новага часу" Аксана Колб.

6 студзеня на судзе працягваецца допыт сведак. Сёння дапыталі галоўнага рэдактара выдання "Свабодныя навіны плюс" Васіля Зданюка. Ён на судзе паведаміў суду, што атрымліваў грошы ад Алены Лапцёнак за публікацыю артыкулаў, аўтарства супрацоўнікаў Праваабарончага цэнтра.

Сведку прад'явілі распіскі, згодна з якімі яму перадаваліся сумы больш за дзве тысячы еўра, але ён толькі здзівіўся ім і абурыўся, бо такія сумы ён не атрымліваў ніколі.

Праз тое, што галоўную рэдактарку "Новага Часу" Аксану Колб не змаглі дапытаць на судзе асабіста, бо яна была вымушана пакінуць Беларусь праз пераслед, зачыталі яе паказанні, дадзеныя падчас следства. Пракурора і суддзю цікавілі сумесныя матэрыялы газеты і Праваабарончага цэнтра на праваабарончую тэматыку  У матэрыялых справы таксама называюцца выданні "Народная Воля", "Брэсцкай газеты", "6ТВбай".

На другі дзень суда дапыталі праваабаронцу Алега Мацкевіча, былую супрацоўніцу "Вясны" Марыну Статкевіч. На судовым допыце ў іх запытваліся пра грошы, якія ўвозіліся ў Беларусь, дзейнасць літоўскай арганізацыі Pavasaris (з пер. літоўскай — "Вясна"), структуру арганізацыі, аплату назірання за выбарамі ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

З допыту пракурорам Марыны Статкевіч:

— Што Вы можаце сказаць пра Аляксандра Бяляцкага (пытанне ў кантэксце, хто кіраўнік)?
— Алесь Бяляцкі, ён... наша ўсё!

На судзе зачыталі паказанні супрацоўніцы амбасады Вялікабрытаніі Іны Рамашэўскай

Наступнае пасяджэнне прызначана толькі на 10 студзеня.

"Прысуд «Вясне» вясной — гэта сімвалічна!"

Валянцін Стэфановіч у лісце на волю ў снежні падзяліўся сваімі думкамі пра суд:

"Судзіць будуць доўга — да вясны. Прысуд «Вясне» вясной — гэта сімвалічна! З улікам апеляцыйнай скаргі ў мяне будзе тры гады ўжо адбытага пазбаўлення волі. Тут зараз акцыя — адсядзі ў СІЗА два гады і атрымай адзін год у падарунак. Гэта я прыдумаў.

Так што ў лагер я паеду ўжо летам — можа ў жніўні ці нават у верасні. Выдадуць мне там робу, і буду я паўнавартасным зэкам".

У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў

Суд адкрыты — мы онлайн сочым за ходам судовага працэсу.

Цяпер палітзняволеным вясноўцам вельмі патрэбная салідарнасць і падтрымка! Зрабіць гэта можна лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства