viasna on patreon

Абое пераследавалі мастака Алеся Пушкіна: што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны" Дапоўнена

2023 2023-01-06T18:22:43+0300 2023-03-03T11:45:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zapasnik_karol.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 5 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска адбываецца суд "па справе Вясны", фігурантамі якой з'яўляюцца старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, а таксама Зміцер Салаўёў, які вымушаны быў пакінуць Беларусь, — яго судзяць завочна. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Праз судовы малаток Запаснік "прайшлі" шмат вядомых грамадскіх актывістаў, дзеячаў і пратэстоўцаў, а Кароль стаў відавочцам на "палітычных" судах, як палітвязні ў залі суда рэзалі сабе вены і жывот. "Вясна" распавядае, што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны". 

Пракурор Аляксандр Кароль і суддзя Марына Запаснік
Пракурор Аляксандр Кароль і суддзя Марына Запаснік

"Справа Рэгнума", суд над Пушкіным, Калеснікавай і Знакам. Пракурор Аляксандр Кароль

Аляксандр Кароль з'яўляецца старшым пракурорам аддзелу Генеральнай пракуратуры.

Ён падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачванне па справе супраць аўтараў расійскага шавіністычнага сайту "Рэгнум". Для Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку Кароль прасіў паводле артыкулу 130 КК "Распальванне міжнацыянальнай варожасці" асудзіць да пяці гадоў калоніі з адтэрміноўкай на тры гады. Менавіта столькі і прызначыў суд.

У кастрычніку 2019 года Аляксандр Кароль выступаў абвінаваўцам па справе супраць актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі. Яго мусілі судзіць па чатырох артыкулах (пяці эпізодах) Крымінальнага кодэкса ў закрытым рэжыме, але калі Паліенка даведаўся пра гэта, то на знак пратэсту напачатку пасяджэння парэзаў сабе вены. Пасля гэтага пракурор адмовіўся ад ранейшых абвінавачванняў па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, а суд зрабілі адкрытым. Кароль прасіў пакараць Паліенку шасці гадамі калоніі. Мінскі гарадскі суд асудзіў Дзмітрыя да трох гадоў "хатняй хіміі".

sud_palienka_1.jpg
Аляксандр Кароль у 2019 годзе на судзе над Дзмітрыем Паліенкам

Пракурор Кароль потым выносіў пратэст у Вярхоўны суд з прычыны мяккага прысуду, але праз нейкі час адмовіўся ад яго.

Па інфармацыі "Вясны", пасля падзеяў 2020 года Кароль падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачванне толькі па адной "палітычнай" справе — супраць палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна. 30 сакавіка 2022 года паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) Крымінальнага кодэкса Мінгарсуд асудзіў яго да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, але вядома, што на адным з працэсаў Алесь Пушкін на знак пратэсту парэзаў сабе жывот. Таксама Пушкін заяўляў адвод пракурору Каралю. Праўда, адвод ён заявіў адвод судовай калегіі і нават свайму адвакату. Суддзя Алена Шылько не задаволіла хадайніцтвы і закрыла працэс.

6 верасня 2021 года ў будынку Мінскага раённага суда пасля месяцу разгляду крымінальнай справы вынесеныя прысуды палітзняволеным Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Суддзя Мінскага абласнога суда Сяргей Епіхаў прызнаў іх вінаватымі ў закрытым рэжыме па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім) і асудзіў да 10 (Максіма) і 11 (Марыю) гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што дзяржаўнае абвінавачванне па гэтай справе падтрымліваў Аляксандр Кароль.

У 2021 годзе Аляксандар Кароль атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі медаль "За працоўныя заслугі".

Некляеў, Статкевіч, Пушкін, 14 "палітычных" па падзеях 2020 году. Суддзя Марына Запаснік

Марыне Запаснік — 41 гадовая мінчанка, працуе намесніцай старшыні суду Ленінскага раёну Мінску. Суддзя Ленінскага суда Марына Запаснік пачала судзіць па "палітычных" пратаколах падчас акцый "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" і маўклівых акцый у 2011 годзе. Канвеерам суддзя з вялікім энтузіязмам прызначала пратэстоўцам 15- і 10-суткавыя арышты.

Яна, як і яе калега па працэсу па "справе Вясны", працавала па справе супраць мастака Алеся Пушкіна. У 2012 годзе яна арыштавала яго на 12 сутак за мастацкі пэрформанс: з партрэтам змагара антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага ён наведаў Вярхоўны суд. Так мастак падаваў скаргу на рашэнне суда Смаргонскага раёну.

У 2016 годзе яна судзіла ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць гвалту супрацоўнікаў міліцыі над грамадзянамі пад будынкам Вярхоўнага суду Беларусі 30 студзеня 2016 года. Яна аштрафавала Вольгу Маёраву (цяпер палітзняволеная), Анатоля Лябедзьку, Максіма Вінярскага (цяпер палітвязень), Уладзіміра Некляева. У 2018 годзе яна на пяць сутак адправіла Міколу Статкевіча (цяпер палітвязня) за заклік у інтэрнэце да ўдзелу ў "Ланцугу памяці" каля КДБ.

Падчас акцый пратэсту 2020 года Запаснік стала адной з самых рэпрэсіўных суддзяў, якая канвеерам судзіла пратэстоўцаў. На 15 сутак яна арыштавала актывіста анархісцкага руху Іллю Сянько, які заяўляў пра здзекі міліцыянтаў. Таксама на 15 сутак яна адправіла знакамітую баскетбалістку Алену Леўчанку, якую затрымалі ў аэрапорце, калі яна збіралася вылецець у Грэцыю.

Агулам па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны" на рахунку Запаснік за амаль дзесяць год налічваецца мінімум 88 асуджаных беларусаў і беларусак па "палітычных" адміністрацыйных пратаколах. У абсалютнай большасці яна прызначала "суткі": 46 чалавек яна арыштавала агулам на 589 сутак. 22 чалавекі яна аштрафавала агулам на 589 базавых велічыняў.

У лістапада 2020 года Запаснік стала працаваць па крымінальных справах. Першы — і адразу самы жорсткі — прысуд яна вынесла палітвязням Андрэю Хрэнкову і Сяргею Раткевічу за тое, што яны 30 жніўня 2020 года ў падчас нядзельнай акцыі пратэсту спрабавалі адбіць ад затрымання іншага пратэстоўца палітвязня Аляксея Чарвінскага. Запаснік асудзіла іх да пяці гадоў калоніі кожнага.

30 снежня 2020 года да двух з паловай гадоў калоніі яна асудзіла 20-гадовага студэнта Віктара Акцістава.Яна абвінаваціла яго ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка АМАПу 10 жніўня 2020 года, але не прыняла да заўвагі тое, што хлопец 10 жніўня быў моцна збіты пры затрыманні, бацькі на працягу некалькіх дзён не маглі знайсці яго.

Яшчэ адзін жорсткі прысуд — палітзняволенаму моцна збітаму падчас пратэстаў прадпрымальніку Віктару Барушку. Пасля затрымання ён 12 дзён правёў у рэанімацыі БХМД. На судзе ён заяўляў пра збіццё і катаванні сілавікамі, але Запаснік праігнаравала гэта і прысудзіла яму пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Па дадзеных Праваабарончага цэнтра "Вясна", Марына Запаснік пасля падзеяў 2020 года вынесла мінімум 14 палітычна матываваных прысудаў па крымінальных справах.

У ліпені 2021 году Запаснік трапіла ў санкцыйны спіс Еўрапейскага саюзу.

І вось цяпер Запаснік судзіць праваабаронцаў "Вясны", адхіляючы іх хадайніцтвы і парушаючы правы.

Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства