Суд над Дзмітрыем Паліенкам зрабілі адкрытым. Пракурор адмовіўся ад большасці абвінавачванняў Фота Дапоўнена
Мінскі гарадскі суд 17 кастрычніка пачынае разгляд крымінальнай справы сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенкі.
Дзмітрыя Паліенку вінавацяць па чатырох артыкулах (пяці эпізодах) Крымінальнага кодэкса РБ:
ч. 3 арт. 339 — распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы;
арт. 341 — нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай;
ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным на youtube відэароліку;
арт. 369 — абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку.
Справу разглядае суддзя Пётр Арлоў. Судовае пасяджэнне абвясцілі закрытым.
Паліенка спрабуе ўскрыць вены, у судзе пярэпалах
У памяшканне суду пачалі прапускаць журналістаў, праваабаронцаў і ўсіх жадаючых патрапіць на працэс. Аднак перад самым пачаткам працэсу Паліенка парэзаў сабе вены. Суд спынілі. Паліенку абшукалі і вывелі пад канвоем з клеткі.
"Дзіму вывелі. Міліцыянты фатаграфуюць месца інцыдэнту ў клетцы. Ніхто не пакідае залю суда. Палову прысутных запусцілі, прэсу перапісалі. Спыталі, ці выклікалі хуткую. Міліцыянты толькі што сказалі, што нічога страшнага там няма", - перадаюць з судовай залі прысутныя.
Адваката і дзяржаўных абвінаваўцаў выклікалі ў іншую судовую залу. Людзі хочуць прарвацца туды. Актывістка Ніна Брагінская прарываецца ў залу №8.
У калідоры нехта адключыў святло. Але ніхто не сыходзіць. Людзей спрабуюць затрымаць. Прысутныя мяркуюць, што суд працягваецца ў іншай залі.
Спрабуюць затрымаць актывіста Вячаслава Касінерава. Ён схапіўся за парэнчы лесвіцы, міліцыянты не могуць яго адарваць. Так і стаяць побач.
Людзей выцясняюць з меленькага калідорчыка да металічных рамак.
Міліцыянт у цывільным здымае на камеру ўсё, што адбываецца ў калідоры, дзе сабралася каля 20 чалавек. Сярод іх праваабаронцы "Вясны" Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч.
Затрыманых пакуль няма.
11-00. Усіх прысутных нечакана сталі прапускаць у залу праз металічную рамку. Відаць, што суд пэўна пачнецца.
Актывісту Леаніду Кулакову забаранілі прайсці ў суд з бел-чырвона-белым сцягам.
Суд абвешчаны адкрытым. Прынамсі, лічаць праваабаронцы, па трох з прад'яўленых артыкулаў. У залі каля 20 чалавек
"Вядзіце сябе годна" сказаў суддзя і забараніў фотаздымку.
Выступае прадстаўнік дзяржабвінавачвання.
Дзмітрый Паліенка не прызнае віны па першым эпізодзе - распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы (ч. 3 арт. 339 КК).
Дапытваюць пацярпелага. Дзмітрый віну не прызнае, кажа, што ў пацярпелага мужчыны была дамова з ГуБАЗікам за матэрыяльнае ўзнагароджанне. Ён гэтага не прызнае.
Пацярпелы быў стане алкагольнага ап'янення. Калі ён пачаў у судзе распавядаць пра настрой, то суддзя яго прыпыніў і сказаў распавядаць усё па сутнасці.
Сутнасць канфлікту з распыленнем газу
"Выйди, пожалуйста, курить на улицу", — па словах пацярпелага пасля гэтай просьбы Дзмітрый нібыта распыліў газ. Ён адразу адчуў, што запякло ў вачах, было цяжка дыхаць. Сам балончык ён не бачыў, бо гэта адбылося імгненна. Пацярпеламу здаецца, што яго тон голасу быў расцэнены Паліенкам як пагроза.
Пракурор задае ўдакладняючыя пытанні: як выглядаў балончык, ва што быў апрануты Паліенка? Пацярпелы шмат чаго не памятае.
Пацярпелы Аляксей Юрын не можа апісаць свой стан пасля інцыдэнту. На гэтыя пытанні пракурора ён не можа адказаць, тады суддзя Арлоў паспрабаваў яму растлумачыць сутнасць пракурорскіх пытанняў.
З месца інцыдэнту пацярпелага забраў сын. Калі яго давялі да кватэры, там дачка паліла яму твар вадой. У той дзень ён распавёў пра інцыдэнт толькі сям'е (жонцы, сыну і дачцы), а таксама нейкаму сябру. Хуткую не выклікалі. Распавядае, што жонка тэліла ў хуткую, каб атрымаць кансультацыю. Але ён гэтага не чуе. Не выклікалі хуткую, бо ў пацярпелага нібы "свае адносіны з медыкамі". На пытанне суддзі, чаму ўсё ж такі не выклікалі хуткую, пацярпелы сказаў, што яна не патрэбная. Яму сказалі, каб часта прамываў вадой і набыць каплі нейкія. "Лагічна, што тут вадой трэба змываць", — кажа пацярпелы. Гаспіталізацыю яму ні ў той дзень, ні ў іншы, не прапаноўвалі. У той жа вечар прыехаў яго сябра Каратаеў.
Пацярпелы ў судзе распавядае пра Войніча, да якога нібыта праходзіў Паліенка. Кажа, што бачыў Дзмітрыя ўпершыню. Інцыдэнт меў месца 13 сакавіка, але ён звярнуўся ў міліцыю толькі праз дзень — 15. Пракурор запытвае, чаму ён усё ж такі вырашыў звярнуцца ў міліцыю. "Падумаў, з жонкай паразмаўляў, таму і звярнуўся".
15 сакавіка нібы пацярпелы ўсё яшчэ адчуваў слезацячэнне ў правым воку. Ён звярнуўся ў лякарню пазней. Там падцвердзілі, што з правым вокам нешта не так, што "наверное, стало последствием распыленного балончика". На сёння ўсё "вроде нормально". Адвакатка канкрэтызуе паказанні пацярпелага. Яны спрабуе высвятліць, у якім стане ён быў у той дзень. Што значыць "у добрым настроі, навеселе"?
"Я выпіў 300 грам гарэлкі, а да таго келіх (150 грам) піва".
Адразу ён распавядаў, што піў у кавярні толькі з сябрам, але з удакладняючых пытанняў і адказаў пацярпелага, стала вядома, што выпіваў ён з кампаніяй. З людзьмі, якія падсажваліся да іх століка. Але ён не памятае іх, як і тое, аб чым з імі размаўлялі. У той дзень пацярпелы нават не думаў выклікаць міліцыю, нікога пра гэта не прасіў.
Далей распавядае аб тым, як падаваў заяву ў міліцыю. Складаў заяву на месцы. У яго прынялі яе, а праз некалькі дзён яго выклікаў следчы на допыт. Але ў дзень падачы заявы каля 20:00 прыязджала следчая група.
Пракурор у сувязі з "істотнымі супярэчнасцямі" хадайнічае зачытаць тлумачэнні пацярпелага, узятыя падчас следства. Суддзя задаволіў хадайніцтва.
Сапраўды, тут маюцца супярэчанні. Напрыклад, у судзе Юрын распавядае, што яго сын забраў с месца інцыдэнту, але ў тлумачэннях кажа, што жонка і дачка яго забралі. Таксама ў тлумачэннях ён казаў, што быў цвярозы, але ў судзе высвятліліся нават грамы алкаголю.
Суддзя Арлоў спрабуе высвятліць у Юрына прычыны супярэчанняў.
"Я следчаму казаў, што быў нецвярозы, але ён не надаў гэтаму ўвагі. Я думаў, што гэта не важна. Я ж не здзяйсняў ніякага злачынства", - тлумачыць ён.
Яшчэ супярэчанні пацярпелага:
У тлумачэннях той казаў, што Дзмітрый паліў, але ў судзе распавядаў, што быў пах дыму, а цыгарэту Паліенка толькі падпальваў.
У тлумачэннях ён казаў, што ў яго балела правая частка цягліцы. Але ў судзе распавядае, што ён мог ударыцца дзесьці пазней. Увогуле Дзмітрый не наносіў ніякіх пашкоджанняў яму. І не штурхаў.
У тлумачэннях падчас следства Юрын казаў, што "нібы на хвіліну страціў прытомнасць". Цяпер кажа, што яму так падалося. Ён ня ведае.
Пытанне Дзмітрыя да пацярпелага: "У цябе ёсць сумленне?"
Суддзя зрабіў заўвагу і растлумачыў, што ў судзе трэба паводзіць сябе максімальна паважліва і карэктна.
Абвешчаны перапынак да 14 гадзін.
Дзяржаўны абвінаваўца адмовіўся ад большасці эпізодаў
Паведамляюць, што суд будзе разглядаць толькі распыленне пярцовага газу мужчыне ў твар (арт. 339 - асабліва злоснае хуліганства), ранейшыя абвінавачванні па арт. 341 КК (нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным на youtube відэароліку), арт. 369 (абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку) знятыя. Ад іх адмовілася пракуратура.
Пасля перапынку суд аднавіўся. Дзмітрый Паліенка зрабіў прапанову актывістцы Анастасіі Гусевай прама ў зале суда Яна адказала «так». Актывіст Сяргей Спарыш пачаў фатаграфаваць пасля пачатку працэсу. Суддзя зрабіў яму заўвагу і абвясціў перапынак на 10 хвілін. Усіх вывелі на гэты час з залі суда.
Пракурор зачытаў пратакол допыту пацярпелага. Таксама маецца шэраг супярэчанняў. Пракурор паказвае на тое, што ў пратаколе шмат меркаваных сцверджанняў. Напрыклад, "пырснуў струёй газу". Але ў судзе кажа, што не бачыў тую струю, гэта ягоныя дагадкі. Таксама ў пратаколе запісана, што "меркавана, хлопец, які пырснуў балончыкам яму ў твар знаходзіўся ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап'янення".
Абаронца Паліенкі да пацярпелага: "Як так атрымалася, што вы цяпер памятаеце ўсё лепш, чым праз два дні пасля інцыдэнту?" У пратаколе допыту адзначана, што пасля інцыдэнту была гематома. Але цяпер у судзе настойвае, што гэта ніяк не звязана з тым інцыдэнтам. То бок ніякага фізічнага кантакту паміж пацярпелым і Паліенкам не было.
Суддзя і пракурор спрабуюць дапытацца ў Юрына, чаму ён падчас следства казаў, што быў цвярозы. "Выпіў і выпіў", — адказаў пацярпелы.
Падчас следства ён казаў, што ніякіх узмахаў рукамі не рабіў, але сёння кажа, што магчыма, ён зрабіў знак рукою, каб той выйшаў. Але цяпер не выключае, што мела месца нейкая жэстыкуляцыя з ягонага боку.
Пракурор і абаронца Паліенкі працягваюць паказваць на супярэчанні паміж тлумачэннямі, якія даў пацярпелы падчас следства і цяпер на судзе.
Пацярпелы спасылаецца на тое, што ён не надаваў значэння тым ці іншым фактам, а таксама на тое, што ён быў пасля працоўных сутак-змены, што быў вельмі стомлены.
"Я проста йшоў дадому. Няважна як! Я нічога дрэннага не рабіў!"
Пракурор зачытвае суду пратакол правядзення следчага эксперымента.
Эксперымент з удзелам пацярпелага праводзіўся 28 сакавіка.
З-за маючых супярэчанняў адвакатка хадайнічала паказаць пратакол допыту падчас следства. Суддзя задаволіў хадайніцтва. Адвакатка паказвае яму пратакол.
Яна паказвае, што толькі падчас эксперымента ён казаў, што дабіраўся дадому тралейбусам. Але падчас допыту на следстве і цяпер у судзе, кажа, што дабіраўся пешшу. "Раз запісана, значыць так казаў", — раздражняецца пацярпелы.
Юрын працягвае: "Я проста йшоў дадому. Няважна як! Я нічога дрэннага не рабіў!"
Суддзя робіць заўвагу яму і нагадвае, што цяпер тут ідзе разбіральніцтва па крымінальнай справы ў адносінах да чалавека. Сказаў, каб ён спакойней адказваў на пытанні дзяржабвінаваўцы і абаронцы.
Пракурор спытаў напрыканцы яго, ці мае ён нейкія матэрыяльныя прэтэнзіі да Паліенкі, калі таго прызнаюць вінаватым. Можа кампенсацыя маральнай ці іншай шкоды?
"Не, не маю ніякіх прэтэнзій, толькі паліто маё вярніце", — сказаў пацярпелы.
Дарэчы, пасля абедзеннага перапынку, на стале ў пракурора з'явілася незразумелая скрыня. "Што там можа быць?", - задумваюцца прысутныя на судзе.
Што кажуць у судзе сведкі?
Допыт сведак: Ірына Сурава, адміністратарка кавярні, дзе з сябрам выпіў пацярпелы. Кавярня знаходзіцца на вуліцы Янкі Маўра.
"Чалавек адэкватны і спакойны", — кажа адміністратарка пра пацярпелага. Кажа, што ўжо распавяла следчым, якія прыходзілі да яе на працу, усё, што ведала.
“Колькі замовілі алкаголю пацярпелы з сябрам?, - дапытвае дзяржабвінаваўца.
Адказ: "200-300 грамаў гарэлкі ды пару келіхаў піва".
Кажа, што паводзілі сябе спакойна, не буянілі.
Адвакатка пытае ў яе, як яна запамінае ўсіх наведвальнікаў. Адміністратарка кажа, што працуе ўжо 13 гадоў і ў яе добрая памяць. Яшчэ дадала, што да іх ходзіць мужчына, які вельмі падобны на пацярпелага.
У пратаколе допыту пад час следства Сурава казала, што наведвальнікі замовілі на 42 рублі. Сярод іншага – 2 келіхі піва па 0,5, а потым яшчэ келіх піва. Знаходзіліся ў кавярні каля 1,5 гадзіны.
Наступны сведка — Леанід Каратаеў, сябра пацярпелага.
"Калі прыехаў на таксоўцы да сябра, то ўбачыў, як ён ляжыць на канапе з чырвоным тварам і слязьмі на вачах. Ягоная жонка папрасіла мяне схадзіць у аптэку за кроплямі. Я схадзіў", — распавядае Каратаеў.
Таксама ён сказаў, што, калі зайшоў у пад'езд да Юрына, то нейкага спецыфічнага паху не адчуў.
Пра інцыдэнт у кватэры Каратаеву распавяла жонка пацярпелага. Ён паведаміў, што распытваць Юрына пра канфлікт не спрабаваў нават, бо бачыў, як яму дрэнна было.
На наступны дзень ён спрабаваў дазнацца пра інцыдэнт у сябра па тэлефону, але той казаў "потым-потым, не па тэлефоне". "Але "потым" так і не наступіла", — распавядае Каратаеў. Суддзя высвятляе, што дакладна ведаў сведка, бо атрымліваецца, што Юрын так і не распавёў пра інцыдэнт свайму сябру. Суддзя ўдакладняе ў пацярпелага, па якой прычыне той так не хацеў распавядаць пра той выпадак.
"Не хацеў і не хацеў", — кажа Юрын.
Зноў будуць зачытваць пратаколы допыту сведкі, бо маюцца істотныя супярэчанні.
У пратаколе допыту адзначана, што Каратаеў размаўляў з Юрыным наконт таго выпадку, задаваў ўдакладняючыя пытанні, але ў судзе кажа, што з сябрам на гэтую тэму больш не размаўлялі.
Супярэчнасці маюцца ў паказаннях сяброў нават наконт таго, хто з'ехаў першы з прыпынку пасля кавярні.
Вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы: "П'яны, ледзьве на нагах трымаецца, нетранспартабельны"
Пачынаецца агалошванне пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы Паліенкі. Дзяржабвінаваўца пачынае з 4 тома.
Крымінальная справа пачынаецца з заявы Юрына.
У заключэнні судова-медычнай экспертызы ад 9 красавіка, апісаная толькі гематома. Але раней ў судзе Юрын паведаміў, што траўма не мае ніякага дачынення да інцыдэнту з Паліенкам. 21 сакавіка ў бальніцы вызначылі, што паталогіі Юрына на вачах могуць быць расцэнены як целесныя пашкоджанні, хаця інцыдэнт здарыўся 13 сакавіка.
Таксама ў матэрыялах справы маецца аналіз супрацоўніўкамі Маскоўскага РУУС абаненцкага нумару, які аформлены на імя Паліенкі: уваходзячыя і зыходзячыя тэлефанаванні, яго месцазнаходжанне. Імі падцверджаецца, што з гэтага нумару ў той вечар рабіліся званкі на нумар, аформлены на прозвішча Войніч, а таксама тое, што ён быў на месцы інцыдэнту.
Дзяржабвінаваўца зачытаў пратакол вобшуку і выняцця рэчаў у Паліенкі. Сярод іх: перцовыя балончыкі, ноўтбук, боты, шапка Class war і іншыя.
Агучваецца расшыфроўка размовы жонкі Юрына і супрацоўніцы службы 103. Яна паведаміла, што ў бальніцу ён не паедзе, таму што "п'яны, ледзьве на нагах трымаецца. З дня нараджэння прыйшоў. У бальніцу ніяк". Неаднаразова адмаўлялася ад шпіталізацыі мужа і выкліка хуткай дапамогі.
Заключэнне эксперта ад 5 красавіка: на адзенні Юрына слядоў газавага балончыка, у тым ліку, не выяўлена; на/у адзенні Паліенкі (курткі, штаны і г.д.) слядоў пярцовага балончыка не выяўлена.
Суддзя вырашыў удакладніць у Юрына, чаму ягоная жонка паведаміла службе 103, што ён практычна нетранспартабельны. Што ён можа паясніць наконт свайго фізічнага стану.
Адказвае, што ягоная жонка эмацыйны чалавек.
Таксама суддзя вырашыў яшчэ раз удакладніць, ці размахваў рукамі Юрын у той вечар у пад'ездзе.
"Я мог махнуць рукой. А ён мог падумаць, што я можа замахваюся", — тлумачыць пацярпелы Юрын, негледзячы на тое, што раней ён казаў, што ўвогуле не жэстыкуляваў.
Пракурор зачытвае прычыны накіравання Паліенкі на судовую-псіхалагічную экспертызу ў "Навінкі": алкагольная залежнасць. Сярод асаблівасцяў псіхалагічнага стану ў выніках эксперта: "Плохая формальная переносимость. Избегание конфликтов". Але ніякай залежнасці (алкагольнай, наркатычнай ці іншай) не выяўлена.
На гэтым пісьмовыя матэрыялы справы па частцы 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу скончыліся.
Суд абвяшчае перапынак да 10 гадзін раніцы 18 кастрычніка.
Справа Дзмітрыя Паліенкі: 11 важных фактаў
Што праваабаронцам “Вясны” вядома на сённяшні момант пра справу Паліенкі? Давайце разбярэмся.