Як судзілі затрыманага на студэнцкай акцыі хлопца, якога зацягвалі ў міліцэйскі бус за ноздры
Пры затрыманні ў раёне мінскага стадыёна “Дынама” на студэнцкай акцыі пратэсту актывіста анархісцкага руху Іллю Сянько 1 верасня збілі, у міліцэйскі аўтобус яго зацягвалі за ноздры, пасля чаго ў РУУС выклікалі хуткую. Негледзячы на тое, што медыкі яму дыягнаставалі сатрасенне мозгу, яго адправілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Суд над ім адбыўся праз два дні пасля затрымання. 21-гадовага хлопца асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту паводле артыкула 23.34 КаАП. Адвакатка Іллі мяркуе, што хлопец "стаў чарговай ахвярай міліцэйскага бязмежжа і незаконнага затрымання".
Справу разглядала праз скайп суддзя суда Ленінскага раёна Мінска Марына Запаснік. На судзе Іллю Сянько абвінавачвалі па двум артыкулам КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту) і 23.4 (супраціў супрацоўнікам міліцыі).
У пратаколе пазначана «1 верасня ён прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці без адпаведнага рашэння Мінгарвыканкама з мэтай публічнага выказвання свайго патрабавання аб правядзенні сумленных выбараў у Рэспубліцы Беларусь, падчас якога, дзейнічаючы сумесна з групай грамадзян, рухаўся па праезнай частцы, выкрыкваў правакацыйныя лозунгі, пляскаючы ў далоні».
У пратаколе супрацоўнікі РУУС Ленінскага раёна Мінска пазначылі, што Ілля Сянько пры затрыманні ў Мінску 1 верасня на вуліцы Кірава, 8 «на неаднаразовыя і зразумелыя патрабаванні, выказаныя супрацоўнікам міліцыі, аб захаванні ім грамадскага парадку, адказваў катэгарычнай нязгодай, працягнуў свае супрацьпраўныя дзеянні, а менавіта адмаўляўся прайсці ў службовы аўтатранспарт, пры дастаўленні ў службовы аўтатранспарт упіраўся нагамі, размахваў рукамі і спрабаваў вырвацца, чым наўмысна аказаў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі».
На судзе Ілля Сянько заявіў, што супрацоўнікі міліцыі яго жорстка затрымлівалі і збівалі пры затрыманні. Па яго словах, яму выціскалі левае вока, парвалі ноздру, у міліцэйскім аўтобусе міліцыянты яго білі рукамі і нагамі. Медыкі яму дыягнаставалі лёгкае страсенне мозгу, аб чым ёсць адпаведная даведка аб прычыненні цялесных пашкоджанняў. Абаронца Іллі Людміла Казак заяўляла хадайніцтва аб далучэнні гэтай даведкі да матэрыялаў справы, каб зафіксаваць факт прымянення гвалту супрацоўнікамі міліцыі пры затрыманні, але суддзя вырашыла, што гэта не мае значэння да справы. Суддзя Марына Запаснік заявіла, што калі ёсць прэтэнзіі да дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, то яны абскарджваюцца ў іншым парадку, і “ні ў якім разе не ў гэтым паседжанні”.
На судзе Ілллі Сянько сведчыў супрацоўнік АМАПу Павел Мелюх, які затрымліваў Іллю. Адвакатка Людміла Казак усумнілася ў сапраўднасці асобы сведкі, бо ён сведчыў у масцы праз відэасувязь. Але суддзя запэўніла, што яна ўстанавіла яго асобу, і няма падставаў не давяраць гэтаму. На працэсе супрацоўнік АМАПу Мелюх не памятаў, ці выкрыкваў хлопец нейкія лозунгі падчас шэсця, ці пляскаў у далоні. Калі суддзя адзначыла, што так сцвярджаецца ў пратаколе, то ён сказаў, што значыць так і было. Але на працэсе 3 верасня ён ужо гэтага не памятаў, бо дзеянні адбываліся два дні таму.
Падчас суда высвятлілася, што на супрацоўніку міліцыі падчас затрымання працаваў відэарэгістратар. Суддзя абвясціла перапынак для выпатрабавання гэтага відэазапісу, але зрабіць гэтага не ўдалося, бо “пры архіраванні відэазапіс быў пашкоджаны і не падлягае прайграванню”.
Таксама на судзе сведчыў знаёмы Іллі Міхаіл Тананко, але суддзя Запаснік прызнала яго паказанні несапраўднымі і “дадзенымі з мэтай сысці ад адказнасці, паколькі сведка знаходзіцца ў прыяцельскіх адносінах з Сянько”.
Ілля Сянько на судзе заявіў, што ён не згодны ні з першым, ні з другім артыкулам, па якіх яго абвінавачваюць. На думку абаронцы Людмілы Казак, 21-гадовы хлопец Ілля «стаў чарговай ахвярай міліцэйскага бязмежжа і незаконнага затрымання».
У выніку, Іллю Сянько абвінавацілі ў тым, што ён удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі пратэсту.
“Паколькі Ілля Сянько прыняў удзел у арганізаваным масавым руху групы грамадзянаў па праезджай частцы вуліцы ў мэтах выказвання пратэсту супраць праведзеных выбараў і іх вынікаў, даказана, што ён прыняў удзел у вулічным шэсці”, — прыйшла да высновы суддзя Ленінскага раёна Мінска Марына Запаснік.
Пры гэтым суддзя не пагадзілася з пратаколам, дзе сцвярджалася, што мела месца таксама і супраціўленне супрацоўнікам міліцыі.
“Адмова прайсці ў службовы аўтатранспарт, размахванне рукамі, спробы вырвацца не ўтвараюць самі па сабе складу правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 23.4 КаАП”, — сцвярджаецца ў пастанове суда.
У выніку суддзя Ленінскага раёна Мінска Марына Запаснік асудзіла Іллю Сянько па арт. 23.34 КаАП на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
На дадзены момант яго перавялі для адбыцця пакарання ў ізалятар часовага ўтрымання ў Жодзіна.