Ператрус у журналіста, сацсеткі экс-палітвязня ў "экстрэмісцкім спісе": хроніка пераследу 30 лістапада - 2 снежня
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" з 30 лістапада па 2 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Расіянку, якая ў 2021 годзе расхвальвала жыццё ў Беларусі, будуць судзіць у Гомелі за "распаўсюд экстрэмізму"
На 9 снежня ў судзе Гомельскага раёна запланаваны суд над жыхаркай пасёлка Яроміна Раісай Міхайлавай. Жанчыну абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Працэс будзе ўзначальваць суддзя Жанна Баль.
У 2021 годзе ў інтэрв’ю гомельскай раённай газеце жанчына расхвальвала лад жыцця ў Беларусі, паведаміла "Гомельская Вясна".
"Мы з мужам не забываемся і пра нашых сяброў-расіян. Часта выходзім з імі на сувязь, расказваем пра тое, як выдатна жыць у Беларусі, колькі тут даецца магчымасцяў і сацыяльных гарантый".
Таксама яна радавалася таму, што Беларусь знаходзіцца ў саюзе з Расіяй, сцвярджала, што нібыта ў беларусаў і расійцаў агульная гісторыя і агульная будучыня. Прапагандысты ў тым артыкуле распавялі, што Раіса Міхайлава пераехала ў Беларусь паўтара дзясятка гадоў таму і ніводнага разу не пашкадавала пра свой крок.
Сілавікі прыйшлі з ператрусам да 85-гадовай бабулі былога журналіста "Белсата"
Пра чарговы ператрус у сваякоў Сяргей Скулавец паведаміў у Facebook. Сяргей зараз жыве ў ЗША. Летам 2023 года ён з’ехаў з Беларусі, асцерагаючыся пераследу за прафесійную дзейнасць. Сутнасць прэтэнзій і нагода ператрусу засталіся невядомымі. Але людзі, якія назваліся следчымі і супрацоўнікамі КДБ, цікавіліся менавіта асобай журналіста.
"Перагледзелі мабільнікі, задавалі нейкія пытанні, а потым самі на іх адказвалі і нешта запісвалі. Бацька ж сказаў, што ў гэтым доме няма аніякіх маіх рэчаў, але гэта іх зусім не цікавіла", — распавядае Сяргей.
Акрамя таго, паводле слоў журналіста, днямі яго родным пачалі званіць невядомыя асобы, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі дэпартамента фінансавай бяспекі.
"Пытаюцца, дзе я, маўляў, не могуць да мяне дазваніцца", — піша Скулавец. Ён адзначае, што не хавае свайго месцазнаходжання, вядзе сацыяльныя сеткі, дзе ёсць усе кантакты, паведаміў БАЖ.
Instagram-старонку былога палітвязня Вадзіма Ермашука прызналі "экстрэмісцкай"
Адпаведнае рашэнне ў судзе Ленінскага раёну Гродна прыняў суддзя Артур Лешык. Нагадаем, палітзняволены блогер выйшаў на волю 29 чэрвеня, цалкам адбыўшы тэрмін. Яму прызначылі 3 гады пазбаўлення волі за "здзек з дзяржаўных сімвалаў" (арт. 370 КК) і "абразу Лукашэнкі" (арт. 368 КК). У жніўні Ермашук паведаміў пра анкалагічнае захворванне.
Таксама "экстрэмісцкі спіс" папоўнілі TikTok-старонкі "grodno_courts", "saanfranciscoo", Instagram-старонка "a_matsiyeuskaya", Telegram-каналы і чаты "Вiдсiч", "Йолки", "Справедливый мир", "Дипломатия", "БСДП", "Беларускi iнстiтут публiчнай гiсторыi", "БХД Партыя Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя", "sekktor магчымасцi для культурных i творчых людзей Беларусi".