viasna on patreon

"Начальнік калоніі асабіста ставіў на расцяжку асуджаных", — былы зняволены наваполацкай ПК-1

2023 2023-01-23T13:29:28+0300 2023-02-07T13:22:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/latushka_ill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Наваполацкая папраўчая калонія № 1, якая месціцца паміж "Нафтанам" і "Палімірам", лічыцца адной з самых жорсткіх папраўчых устаноў у Беларусі. Яна вядомая забруджаным паветрам праз нафтаперапрацоўчае і хімічнае прадпрыемства побач, здзекамі са зняволеных і асабістымі збіваннямі начальніка Андрэя Пальчыка, шкоднымі ўмовамі працы для асуджаных, а цяпер і тым, што там адбывае 14-гадовы тэрмін адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе — палітвязень Віктар Бабарыка. Былы зняволены папраўчай калоніі № 1 распавёў "Вясне" пра адрозненне ўмоў для палітвязняў і асуджаных паводле іншых артыкулаў, ціск з боку адміністрацыі і чаму на Новы Год штрафныя ізалятары былі запоўненыя палітвязнямі.

Катаванні Анатоля Латушкі. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

"Там абмяжоўваюць ва ўсім"

Былы зняволены пацвярджае, што папраўчая калонія № 1 лічыцца адной з самых жорсткіх:

"Так, гэта праўда, што ПК-1 лічыцца адной з самых жорсткіх калоній, таму што там абмяжоўваюць ва ўсім: пачынаючы ад званкоў, заканчваючы спатканнямі з блізкімі людзьмі. Напрыклад, у звычайных зняволеных званкі чатыры разы на месяц, а ў палітвязняў — два разы на месяц па пяць хвілінаў. Рэдка бывае, што даюць больш за пяць хвілінаў. Спатканні з блізкімі даюць толькі на адны суткі.

Узімку асуджаныя паводле ўсіх артыкулаў не вылазяць з вуліц, прыбіраючы снег, таму што адміністрацыя павінна хадзіць па чыстых дарогах. Гэты снег зграбалі ў кучу, загружалі ў мяшкі і неслі за сталоўку, а з атрадаў № 1-3, 7-10, 5-6 — гэта прыстойная адлегласць. Падчас дажджу сітуацыя такая самая — толькі ў вёдрах носіш ваду ў каналізацыю".

Паводле мужчыны, адміністрацыя наваполацкай калоніі маніпулюе гаспадарчымі працамі. Часта гэта выкарыстоўваецца, каб знайсці магчымасць прызначыць пакаранне. Калі на зняволенага няма рапарта, то яго загружаюць працай:

"Даюць "паркава-гаспадарчыя дні" ў атрадзе пасля адбою: увечары ты пачынаеш рабіць прыборку з пенай. Могуць прызначыць як адзін дзень, гэтак і пяць тыдняў. Часта прызначаюць на прыборку тэрыторый: кожны дзень з венікам ці шуфлем ты працуеш на дварэ. І можаш прабыць там гадзіну, а можаш і цэлы дзень — у залежнасці ад надвор'я".

"Начальнік калоніі асабіста ставіў на расцяжку асуджаных" 

Начальнік калоніі № 1 Аляксандр Пальчык
Начальнік калоніі № 1 Андрэй Пальчык

Былы вязень заяўляе, што начальнік калоніі № 1 не толькі аддае загады наконт здзекаў і ціску на зняволеных, але і асабіста ўжывае фізічны гвалт да іх:

"Вядома, што начальнік калоніі Андрэй Пальчык асабіста збіваў асуджаных, ставіў іх на расцяжку — ледзь не на шпагат".

Пры такіх расцяжках у зняволеных ірвуцца мышцы ног і звязкі, "вылятаюць" каленныя суставы.

Крымінальная справа за збіванне асуджанага

Былы зняволены распавядае, што выпадкі збівання ў калоніі былі не толькі начальнікам Пальчыкам, але і іншымі супрацоўнікамі:

"Быў выпадак, калі начальнік аддзялення атрадаў 1-3 Пятроў ударыў асуджанага так, што ў яго адкрыўся ўнутраны крывацёк. Гэты асуджаны выйшаў на волю і напісаў заяву. На начальніка аддзялення распачалі крымінальную справу. Пасля гэтага ў калоніі трохі суцішыліся".

Пры гэтым былы зняволены адзначае прадузятае стаўленне да палітвязняў з боку адміністрацыі наваполацкай калоніі:

"Гэта выяўляецца ў памяншэнні званкоў і спатканняў, званкоў праз скайп, пазбаўленні лістоў ад не блізкіх сваякоў. Калі прыходзяць лісты ад не блізкіх сваякоў, то яны "губляюцца" дзесьці ў сценах ПК-1".

Паводле былога зняволенага, на пачатку 2022 года на лакальным участку павесіўся адзін са зняволеных, але ніхто з супрацоўнікаў калоніі не панёс пакарання за гэта. За год да гэтага ў карцары быў знойдзены павешаным 25-летні Андрэй Дубік — фігурант гучнай наркатычнай справы "37" у 2017 годзе. Да гэтага тры тыдні родныя не атрымлівалі ад яго лістоў. А яшчэ раней ён распавядаў пра ціск з боку адміністрацыі, патрабаванні прызнаць віну і скардзіўся на тое, што дрэнна сябе адчувае маральна. У калоніі Андрэй прабыў паўгода — і за шэсць месяцаў бацькі хлопца змаглі ўбачыцца з ім толькі два разы. Больш за тое, напярэдадні суіцыду тата хлопца тэлефанаваў у калонію і дазнаўся, што з ягоным сынам усё добра, але ён знаходзіцца ў карцары.

"У ШІЗА штораніцы ліюць хлёрку па пяць літраў, каб асуджаныя ёю труціліся"

У наваполацкай калоніі, як і ў некаторых іншых папраўчых установах, актыўна выкарыстоўваецца такі спосаб ціску на асуджаных, як змяшчэнне іх у штрафныя ізалятары з надуманых прычынаў:

"Зняволеных адпраўляюць у ШІЗА за розныя "парушэнні", напрыклад, не павітаўся з супрацоўнікам ці не зашпіліў гузік. Пры гэтым палітвязень за такое недарэчнае парушэнне можа адседзець 50 сутак запар. А калі зняволены, які супрацоўнічае з адміністрацыяй, стукне кагосьці, то ён адседзіць толькі 10 сутак, і тое гэта не факт.

Напрыклад, палітзняволены сябар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргей Капанец быў у ШІЗА за тое, што пагутарыў з Віктарам Бабарыкам, але рапарт быў напісаны за тое, што ён нібы парушыў лакалізацыю на прамзоне. Наогул Сяргей Капанец — самы часты госць ШІЗА ў ПК-1. Яму вешаюць парушэнні заўсёды з выдуманых прычынаў. Ён ездзіць у ШІЗА ледзь не штомесяц. Агулам у яго сабралася каля 150 сутак у ШІЗА.

Вельмі шмат палітвязняў пасадзілі ў ШІЗА перад Новым Годам. І гэта таксама было за надуманыя парушэнні паводле ўказання начальніка калоніі Андрэя Пальчыка.

У ШІЗА штораніцы ліюць хлёрку па пяць літраў, каб асуджаныя ёю труціліся. Вокны не зачыняюць пры любым надвор'і, хоць на вуліцы будзе -30°. Вокны асуджаныя завешваюць ручніком — адной з нешматлікіх рэчаў, што належаць у ШІЗА. Часам даходзіць да таго, што даводзіцца на акно вешаць анучу, якой мыеш падлогу ў ШІЗА, у тым ліку і хлёрку. За гэта таксама могуць выпісаць рапарт і даць дзесяць сутак. Калі ў камеры дрэнна прыбраны туалет ці ўмывальнік, то асабіста начальнік калоніі Пальчык можа паставіць у расцяжку ці напісаць рапарт, паводле якога адпраўляюць яшчэ на дзесяць сутак у ШІЗА".

"Часам палітвязні працуюць нават у святы, калі астатнім асуджаным даюць выходны" 

Зняволеныя ПК-2. Першымі стояць зняволеныя з жоўтымі біркамі
Зняволеныя ПК-2. Першымі стояць зняволеныя з жоўтымі біркамі

У наваполацкай калоніі восем відаў прац для асуджаных: дрэваапрацоўка, пераборка гранул поліэтылентэрэфталата (ПЭТ), металаапрацоўка па ачышчэнні правадоў і цвікоў, выраб плёнкі, мылаварня, пякарня, вытворчасць вуглёў. Шмат якія з іх са шкоднымі ўмовамі працы.

"На пераборцы гранул у замкнёным памяшканні дыхаць няма чым. Пры гэтым здымаць куртку (кліфт) нельга, таму што напішуць рапарт. На вырабе плёнкі і вытворчасці вугля за шкоднасць даюць малако.

Звычайныя асуджаныя працуюць тры дні на тыдзень з 8:00 да 17:00, а палітвязні — штодня, акрамя нядзелі. Часам палітвязні працуюць нават у святы, калі астатнім асуджаным даюць выходны. Палітзняволеных выганяюць на прамзону адмыслова, «каб не паслабляліся»".

Былы кіраўнік "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка пасля этапавання ў наваполацкую калонію працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў. Ён увесь час мусіў знаходзіцца ў пякарні — у памяшканні практычна без вентыляцыі, з тэмпературай плюс 30. У лістападзе стала вядома, што цяпер палітвязень выпальвае драўняны вугаль. Поўны дзевяцігадзінавы працоўны дзень шэсць дзён на тыдзень ён знаходзіцца на дварэ, без доступу да побытавага памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены. Вядома, што Віктар мае медыцынскія супрацьпаказанні для такога кшталту прац.

Як адзначае былы зняволены, на прамысловай зоне асуджаныя зарабляюць ад 0,1 капейкі да трох рублёў незалежна ад працы.

"Гэта было заўсёды так. Толькі брыгадзіры маюць добрыя заробкі, бо яны перакрываюць сабе заробкі іншых асуджаных".

Прафулік Бабарыкі як "схільнага да захопу закладнікаў, праявы агрэсіі і нападу на адміністрацыю" за нарэзку сала

Виктор Бабарико. Фото: dev.by

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, у ПК-1 налічваецца мінімум 70 палітвязняў. Былы зняволены распавёў пра некаторых з іх:

"За Бабарыкам заўсёды ўзмоцнены кантроль. Як правіла, дзе ён працуе, там ставяць вельмі шмат камер, дзеля таго, каб ён не пакідаў працоўнае месца не паводле часу. Таксама на Бабарыку павесілі прафілактычны ўлік як "схільнага да захопу закладнікаў, праявы агрэсіі і нападу на адміністрацыю". Праз тое, што ён ножыкам пакінуў драпіны на падваконні, калі рэзаў сала. Гэта ўбачылі пазаштатныя супрацоўнікі адміністрацыі, пабеглі ў штаб і даклалі пра гэта аперам [супрацоўнікам адміністрацыі калоніі]. На гэтай падставе палітвязню павесілі такі прафулік.

Берасцеец, фігурант "справы карагодаў" Дзмітрый Абрамук пасля "хіміі" ў атрадзе № 7 прабыў 2-3 дні, потым яго перавялі ў атрад № 2. Там яму супрацоўнікі паабяцалі, што зачыняць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ) да канца тэрміну. Так, у прынцыпе, і адбылося за чатыры месяцы. Дзесьці за 4 месяца і 15 дзён да яго выхаду з калоніі за выдуманыя парушэнні (спрачаўся з супрацоўнікам адміністрацыі, не павітаўся і г. д.) яго адправілі ў ПКТ".

"Калі пачалася вайна, то думалі, што асуджаных пачнуць страляць"

Былы зняволены на момант уварвання расійскіх войскаў, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, ва Украіну знаходзіўся ў наваполацкай калоніі. Ён кажа, што гэтая падзея выклікала страх сярод зняволеных:

"Калі пачалася вайна, так званая спецаперацыя, то ўсе моцна спалохаліся за свае сем'і і за сябе. Чамусьці думалі, што цяпер усіх асуджаных пачнуць страляць і закопваць на забароненай зоне. Цяпер у гэта мала верыцца, але было так..."

Праваабаронцы працягваюць збор і дакументаванне фактаў катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце: Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org.

Распавесці гісторыю журналістам "Вясны" (можна ананімна) у Telegram @Spring96info.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства