viasna on patreon

"Такі дыягназ ва ўмовах Паліны — як смяротны прысуд". У палітзняволенай Шарэнды-Панасюк выявілі хранічны панкрэатыт

2024 2024-07-18T14:07:03+0300 2024-07-18T14:20:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sharenda_film.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк мусіла выйсці на волю 21 траўня гэтага года. Але за два дні да вызвалення яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3 у межах чарговай крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Нядаўна сваякі Паліны атрымалі афіцыйны адказ ад адміністрацыі жаночай калоніі № 24, у якім пазначана, што ў жанчыны дыягнаставалі "хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці". Пра гэта "Свабодзе" распавёў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

На цяперашні момант палітзняволеная ўтрымліваецца ў гомельскім СІЗА. Яна чакае ўжо трэці судовы працэс за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі". Як піша "Свабода", Паліна хворая на "хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці" — вельмі небяспечную для здароўя хваробу, лячэнне ад якой ускладняецца ва ўмовах зняволення. Пра дыягназ сваякам стала вядома з афіцыйнага адказу адміністрацыі папраўчай калоніі № 24, дзе жанчына яшчэ нядаўна адбывала пакаранне.

"Сімптомы гэтага захворвання — болі ў страўніку, слабасць і рэзкая страта вагі. Хвароба вельмі небяспечная, бо разбурае падстраўнікавую залозу, адбываецца незваротная змена структуры яе тканак. Што яна хворая на панкрэатыт, мы не ведалі, але даходзілі звесткі, што ў Паліны болі ў страўніку і здараецца рэзкая страта вагі. Аднойчы яна так рэзка схуднела, што стала важыць усяго 50 кілаграмаў. Аднак на ўсе запыты ў калонію нам афіцыйна адказвалі, што Паліна здаровая і нібыта атрымлівае неабходную дапамогу ў поўнай меры.

Між тым у Паліны былі праблемы з пячонкай, ёй былі патрэбныя пэўныя лекі, якія мы ёй слалі, але іх не перадавалі. Тады я звярнуўся ў Камітэт ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын (КЛДЖ) ААН. Сёлета ў студзені маю скаргу зарэгістравалі, а ў сакавіку Камітэт ААН запатрабаваў ад Беларусі тэрмінова прыняць часовыя меры для абароны Паліны. Беларускія ўлады мусілі адказаць на гэтае рашэнне і вось толькі з іхнага адказу нам стала вядома, што ў Паліны хранічны панкрэатыт, прычым ужо ў сярэдняй стадыі. Але гэта жахлівы дыягназ: фактычна ва ўмовах, у якіх яна знаходзіцца, гэта як смяротны прысуд", — распавёў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Паліны Шарэнды-Панасюк

Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДЖ) 19 сакавіка 2024 года запытаў Беларусь тэрмінова прыняць часовыя меры для абароны палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк.

Андрэй Шарэнда патлумачыў, чаму лічыць, што жыццю ягонай жонкі пагражае смяротная небяспека:

"Як патлумачылі мне спецыялісты і як пішуць у інтэрнэце, гэтая хвароба паступова разбурае страўнік. Пры такім захворванні абавязковая адмысловая дыета, адмысловае лячэнне, супрацьпаказаныя нагрузкі, абавязковыя добрыя ўмовы і трывалы медыцынскі нагляд. Усяго гэтага Паліна пазбаўленая.

Больш за тое, ёй наўмысна ствараюць цалкам процілеглыя ўмовы: даўгія этапы, дрэннае харчаванне, не прапускаюць ёй патрэбныя лекі, блакуюць харчовыя перадачы з дому. І гэта пры тым, што там добра ведаюць яе дыягназ. Таму я і кажу, што фактычна маю жонку павольна забіваюць. Яна мусіла выйсці на волю яшчэ ў траўні, а замест гэтага новая справа, расследаванне і этап у Навінкі. Гэта жах, што яны робяць з маёй Палінай!".

Актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк збівалі ў зарэчанскай калоніі

Паводле былой зняволенай, якая бачыла Паліну напрыканцы чэрвеня ў СІЗА на Валадарскага, у "яе было пабіта пераноссе і былі бачны два фінгалы".

Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021 года. Спачатку жанчыну асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў. Пазней яе двойчы асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

У сакавіку 2024 г., калі прапагандысты знялі сюжэт пра палітзняволеную, у кадр трапіла жоўтая бірка Паліны — на ёй было пазначана, што тэрмін зняволення мусіў скончыцца 21 траўня. Але ў гэтую дату Паліна не выйшла, ёй у трэці раз прад'явілі абвінавачванне ў "непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі". За два дні да вызвалення яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства