Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Паліны Шарэнды-Панасюк
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДЖ) 19 сакавіка 2024 года запытаў Беларусь тэрмінова прыняць часовыя меры для абароны палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы такі выпадак па справах супраць Беларусі.
У студзені 2024 года КЛДЖ зарэгістраваў скаргу Андрэя Шарэнда адносна дыскрымінацыі ягонай жонкі, Паліны Шарэнда-Панасюк, якая была незаконна асуджаная за нібыта абразу прадстаўнікоў улады і прымяненне гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, а пазней двойчы - за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі. Паліна адбывае тэрмін у папраўчай калоніі ў Беларусі і ўвесь гэты час знаходзіцца ў невыносных умовах: яе шматразова ўтрымлівалі ў ШІЗА і памяшканні камернага тыпу, ёй не аддавалі перадачы (у тым ліку і медыцынскія пасылкі з патрэбнымі ёй лекамі) і лісты; ёй не выдавалі бялізну, з-за чаго ёй прыходзілася спаць на падлозе, у камерах не было ацяплення і гарачай вады. Знаходжанне ў бесчалавечных умовах моцна паўплывала на Паліну і значна пагоршылі стан яе здароўя, аднак адміністрацыя калоніі ніяк не рэагавала на шматлікія запыты забяспечыць жанчыну неабходная медыцынскай дапамогай. З 8 студзеня 2024 года з Палінай няма сувязі: ад яе не прыходзяць лісты, і адвакату не даюць убачыцца з ёй.
Паколькі доўгае знаходжанне ў невыносных умовах без медыцынскай дапамогі і без сувязі са знешнім светам негатыўна адбіваецца на фізічным і псіхалагічным здароўі зняволеных, юрыст_кі Respect-Protect-Fulfill звярнуліся да КЛДЖ з запытам прыняць часовыя меры па гэтай справе. Камітэт пагадзіўся з аргументамі юрыста_к, і папрасіў Беларусь “у тэрміновым парадку забяспечыць Паліне Шарэнда-Панасюк паўнавартасную і належную медыцынскую дапамогу і стварыць умовы, якія б спрыялі захаванню яе жыцця, фізічнага і псіхалагічнага здароўя”. Часовыя меры КЛДЖ абавязковыя да выканання.
Забеспячэнне часовых мер у дадзеным выпадку з’яўляецца важным крокам у развіцці практыкі КЛДЖ у справах супраць уладаў Беларусі, бо гэта першы выпадак у гісторыі працы беларуса_к з гэтым механізмам.