Новыя "экстрэмісты" і затрыманні: хроніка рэпрэсій 19 ліпеня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Супраць блогера Антона Матолькі распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна
36-гадоваму Антону інкрымінаваныя 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх "здрада дзяржаве".
Яго запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.
Затрымалі маці і цёцю палітвязня Аляксандра Францкевіча
Пра гэта піша «Радыё Свабода», спасылаючыся на крыніцы з групы сваякоў палітвязняў.
Паводле крыніцаў, разам з Таццянай Францкевіч у калонію прыехала яе сястра Наталля Лабацэвіч — маці былога палітвязня Іллі Лабацэвіча.
"Яе таксама затрымалі", — пацвердзілі сведкі.
Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
Аляксандр Францкевіч — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы "Рэвалюцыйнага дзеяння". Ён асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Гродзенец вярнуўся ў Беларусь і трапіў у СІЗА
Мужчына працаваў мантажнікам сонечных панэляў у Нідэрландаў. Ён вярнуўся ў Беларусь. Хлопец распавёў, што зарэгістраваўся ў чат-боце "План "Перамогі", пісаў негатыўныя каментары супрацоўнікам міліцыі і пагражаў ім і іх сем'ям фізічнай расправай.
Старонка ў Instagram Аляксандры Герасімені прызнаная «экстрэмісцкай»
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Савецкага раёну Мінска 12 ліпеня.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Telegram-каналы і чаты «Инициатива ДАР», «Blackmap Belarus»;
- Instagram старонкі «vlad.savinn», «belarusians_suomessa», «Belarus_a_bordeaux»;
- Youtube-каналы «dokbit», «LongliveBelarus2020», «Margarita Levchuk. Soprano», «Беларусь за МКАДом»;
- Сацсеткі праекту «Асацыяцыя Палiтвязняў Беларусі»;
- Facebook-старонка «Yuliyana Shemetovets»;
- Старонкі ва «Укантакце» ЧС СОЛИГОРСК», »Первое радиоуправление (1РУ)»;
- Старонка ў «Аднакласніках» «Мы против налога на тунеядство»;
- TikTok-старонкі «snow_in_by», «Belarus», «Беларусь головного мозга 2.0», «vishnya.bу».
МУС абнавіла "Спіс экстрэмістаў" — дадалі 21 чалавека
19 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці". У яго патрапілі 21 чалавек, сярод якіх былы палітвязень Андрэй Анпілогаў, палітвязень з Пінска Сяргей Кулеш, архітэктары Дар'я Мандзік, Раман Забела, Ілля і Таццяна Палонскія, рэдактарка і перакладчыца Анастасія Мацяш.
Лаліта Крывец, Арцём Грыбко, Кірыл Крошкін, Андрэй Шчотка.
Ліквідацыя грамадскіх арганізацый
ГА "Беларускае таварыства ўрачоў агульнай практыкі" знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Так 11 ліпеня вырашыў Гродзенскі абласны суд. Аб'яднанне працавала ў г. Гервяты Астравецкага раёна з 2012 года, піша тэлеграм-канал "Право имеют".
Таксама ліквідавалі РФСАА "Беларуская федэрацыя паветрана-сілавой атлетыкі і паветранага эквілібра"
Рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд у той жа дзень — 11 ліпеня.
Арганізацыя зарэгістраваная ў Шчучыне і прапрацавала амаль пяць гадоў. Арганізацыя хацела развіваць паветрана-сілавую атлетыку і праводзіць спаборніцтвы. Арганізацыю стварыла Ірына Чымбур — шасціразовая чэмпіёнка свету па паветрана-сілавой атлетыцы, майстар спорту па сямі дысцыплінах.
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — "Медики Гродно"
Гаворка ідзе пра закрыты тэлеграм-чат. Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 16 ліпеня.
Паводле ведамства, дачыненне да чату маюць Віктар Шумель і Данута Каваленка.