viasna on patreon

Татуіроўку "А.С.А.В." прымусілі звесці, youtube-канал гурта прызналі "экстрэмісцкім": хроніка пераследу 26 ліпеня Дапоўнена

2024 2024-07-26T12:40:00+0300 2024-07-29T19:16:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dai-darohu_youtube.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрымалі жыхара Гродна, які зняў чаргу людзей каля ДАІ — МУС назвала гэта "інфармацыйным укідам, які не адпавядае рэчаіснасці"

У апошнія некалькі дзён каля рэгістрацыйнага падраздзялення ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама збіраюцца вялікія чэргі. Кіроўцы імкнуцца хутчэй перааформіць аўтамабілі з-за новых правіл уезду ў Польшчу.

Адзін з жыхароў Гродна зняў відэа чаргі і апублікаваў у сваім TikTok-акаўнце. Яго затрымалі і запісалі з ім "пакаяльнае відэа". Мужчыну абвінавацілі ў тым, што пад яго відэа былі негатыўныя каментары.


Палітвязень Анджэй Пачобут да гэтага часу знаходзіцца ў ПКТ

Андрэй Пачобут
Анджэй Пачобут

Гарадзенскі журналіст знаходзіцца за кратамі ўжо 40 месяцаў. 8 лютага 2023 года яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер ён адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, дзе на яго ўвесь час аказваецца ціск.

Віцэ-старшыня Саюза палякаў на Беларусі Марэк Занеўскі падчас акцыі салідарнасці з палітвязнем у Белыстоку распавёў, што Пачобута яшчэ ўтрымліваюць у ПКТ:

“На жаль, няма інфармацыі пра Анджэя. Ён надалей знаходзіцца ў Наваполацку, сядзіць у ПКТ у ізаляцыі і нічога не адбываецца. Уся гэтая інфармацыя, якая гуляла апошнія месяцы, некаторыя казалі, што яго выпусцілі, некаторыя казалі, што яго вазілі на мяжу.

Канешне, усё гэта няпраўда, усё гэта фэйкі. Нам вельмі прыкра, што такія сітуацыі адбываюцца. Сітуацыя з Анджэем застаецца вельмі складнай і на сёння дзень мы не бачым яе паляпшэння".

На мяжы затрымалі жыхара Брэста

Праўладныя тэлеграм-каналы распавялі пра затрыманне мужчыны за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Паведамляецца, што мужчына з'ехаў у Польшчу, адвучыўся там ва ўніверсітэце, але вырашыў вярнуцца ў Беларусь, дзе і быў затрыманы.


Транспарт палітзняволенага Эдуарда Бабарыкі выставілі на аўкцыён

Гаворка пра матацыкл Suzuki VX 800 (стартавы кошт — 5100 BYN) і аўтамабіль Mercedes-Benz GLC 300 (стартавы кошт — 118 000 BYN). Таргі павінны прайсці 21 жніўня, паведаміла "Люстэрка".


Па заяве пракурора Бешанковіцкага раёна інфармацыйная прадукцыя YouTube-канала "Дай Дарогу!" прызнаная судом "экстрэмісцкімі матэрыяламі"

Пра гэта паведаміла Генпракуратура на сваёй старонцы ў Facebook.

На афіцыйны YouTube-канал гурта "Дай Дарогу!" падпісаныя амаль 25 тысяч чалавек.


Сілавікі прымусілі мінчука звесці татуіроўку "А.С.А.В."

На "пакаяльным відэа" мужчына кажа, што яму стала дрэнна на вуліцы і ён звярнуўся па дапамогу да міліцыянтаў. Тыя адвезлі яго ў бальніцу, дзе заўважылі ў яго "экстрэмісцкую татуіроўку". Паведамляецца, што пазней мужчына прыйшоў у ГУБАЗіК і паказаў, што перабіў гэтае тату.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства