viasna on patreon

У Беларусі працягваюць затрымліваць за каментары і інтэрв'ю: хроніка пераследу 24 ліпеня Дапоўнена

2024 2024-07-24T15:29:11+0300 2024-07-24T18:44:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karneyanka_12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

«Экстрэмісцкім фармаваннем» прызнаны праект «Propovednik» — ягонага адміністратара затрымалі ў траўні

МУС 24 ліпеня прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» праект «Propovednik». Паводле ведамства, дачыненне да яго мае 52-гадовы Шпак Уладзімір.

Адзначым, што пра затрыманне адміністратара тэлеграм-канала «Propovednik» сілавікі адсправаздачыліся ў траўні. Тады паведамлялася, што мужчына «распальваў нацыянальную і сацыяльную нянавісць, заклікаў да гвалту, выступаў за радыкалізацыю і тэрарызм». Сцвярджалася, што ў дачыненні да затрыманага быў распачаты шэраг крымінальных спраў — яму пагражалі 10 гадамі зняволення.


У праваабаронцы і рэдактара партала orsha.еu Ігара Казмерчака адбыўся чарговы ператрус

Ігар Казмерчак. Фота: spring96.org

Пра гэта паведамляе "Віцебская Вясна".

Паводле Казмерчака, ён стаў адным з фігурантаў новай крымінальнай справы, распачатай супраць тых, хто даваў інтэрв'ю СМІ, унесеным у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў».

У сакавіку супраць праваабаронцы распачалі спецвытворчасць. Казмерчаку былі інкрымінаваныя ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).


Жыхара Магілёва затрымалі за каментары ў Telegram

Сцвярджаецца, што мужчына пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.


Супраць удзельніка працоўнай групы «Хрысціянскай візіі» Дзмітрыя Карняенкі распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Пра гэта паведамляе "Віцебская Вясна" са спасылкай на сацсеткі мужчыны.

«Гэтыя два тыдні следчыя наведваюць родных у Віцебску і Оршы. Як я зразумеў, вытворчасць па маёй папярэдняй справе (арт. 361-1 КК — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) не змаглі пацягнуць, бо апытвалі цяпер па361-4 — садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці. Разумею хлопцаў: збіраць доказы — справа нялёгкая. Таму рашылі ісці шляхам папрасцей. Ставяць у віну інтэрв'ю «Белсату».

Дзмітрый — удзельнік працоўнай групы «Хрысціянская візія». Ён быў вымушаны з'ехаць з Беларусі ў верасні 2021 года, супраць яго распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 361 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Перад тым яго судзілі па адміністрацыйных справах за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.

Праваабаронцы маюць звесткі, што цяпер у Віцебску актыўна шукаюць тых, хто даваў інтэрв'ю «экстрэмісцкім СМІ».


Палітзняволенага Уладзіміра Гундара пазбавілі чарговага кароткатэрміновага спаткання 

Уладзімір Гундар на судзе 18 траўня

Пра гэта «Радыё Рацыя» стала вядомаз колаў, блізкіх да сям'і палітвязня:

«У яго ўжо зноў было нейкае правапарушэнне, з-за якога яго пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, якое павінна быць яшчэ толькі ў верасні, але наперад яго ўжо пазбавілі. Ён сам не ведае за што. Нават нічога не тлумачылі, проста сказалі, што пазбавілі і ўсё. І нават не ведае на які тэрмін».

Нагадаем, фігуранта «справы Аўтуховіча» асудзілі агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах.Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Напачатку кастрычніка 2023 года стала вядома, што Гундару ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.


Затрымалі мужчыну, які быў паранены сілавікамі падчас пратэстаў

Паведамляецца, што мужчына пакінуў каментар «ябатьки захватили админа?» у захопленым сілавікамі ў панядзелак чаце «Чат Бурдейного». Таксама сцвярджаецца, што затрыманы пакідаў «негатыўныя каментары» ў іншых чатах.

Вядома, што ў жніўні 2020-га году сілавікі паранілі мужчыну гумавой куляй.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства