Заява праваабарончай супольнасці Беларусі аб прызнанні сямі палітычных зняволеных
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
26 ліпеня 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэстную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна больш жорсткім і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і праводзімай ім палітыцы, таксама экстрэмісцкімі фарміраваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
Ігар Жывалун асуджаны паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Наталля Левая асуджаная паводле ч. 2 арт. 361-1 ч.2 арт. 361-3 і арт. 361-2 КК за ахвяраванні пратэстным ініцыятывам і беларускаму падраздзяленню, якое ваюе на баку Украіны.
Таксама ўзятыя пад варту:
Юрый Лагадзюк паводле арт. 361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці;
Таццяна Францкевіч паводле арт. 361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці;
Наталля Лабацэвіч паводле арт. 361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці;
Алеся Дзернакоўская паводле арт. 361-2 КК за фінансавую дапамогу палітвязням;
Аляксандр Сырыца паводле арт. 361-1 і 368 КК па абвінавачванні ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў яго дзейнасці і абразе А. Лукашэнкі.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Ігара Жывалуна, Наталлю Левую, Таццяну Францкевіч, Наталлю Лабацэвіч, Юрыя Лагадзюка, Алесю Дзернакоўскую, Аляксандра Сырыцу;
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Human Constanta;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі ПЭН.