viasna on patreon

Ад "сутак" да прастрэленых каленяў: як пераследуюць беларусаў за антываенную пазіцыю Дапоўнена

2024 2024-02-23T12:00:00+0300 2024-02-24T12:44:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vjasna_vaina_va_ukraine_pratest_facebook-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларусы актыўна праяўлялі антываенную пазіцыю: ладзілі пікеты, псавалі чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расейскай ваеннай тэхнікі, дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, ваююць на баку Украіны.

Па стане на 23 лютага 2024 года ў Беларусі налічваецца 13 асуджаных за дыверсіі на чыгунцы агулам на 199,5 гадоў няволі. За перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ асуджаныя не меней за 37 асобаў, за намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя як мінімум 15 чалавек. Не меней за 38 асобаў зазналі пераслед за публічнае асуджэнне расійскай агрэсіі і праяву салідарнасці з Украінай, 14 асобаў асудзілі за данаты беларускім добраахвотнікам. За першыя паўтара месяца вайны за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі больш за 1500 чалавек. У нашай краіне да гэтага часу пераследуюць за адкрытую падтрымку Украіны і падвяргаюць адміністрацыйнаму арышту. 

Агулам за праяву антываеннай пазіцыі затрымлівалі не меней за 1671 чалавека. З іх 94 асобы асуджаныя паводле крымінальных справаў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў. "Вясна" распавядае пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.

vjasna_vaina_va_ukraine_pratest_facebook
"Вайна ва Украіне". Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Адміністрацыйны пераслед за адкрытую падтрымку Украіны

У Беларусі да гэтага часу пераследуюць за адкрытую падтрымку Украіны і падвяргаюць адміністрацыйнаму арышту: за публічныя лозунгі "Слава Украіне", за украінскі сцяжок на аватарцы ў сацсетках і нават за спевы гімна Украіны ў караоке. 

Так, жыхар Наваполацка патэлефанаваў на лінію 102 і сказаў "Слава Украіне". Мужчыну затрымалі 26 снежня 2023 года і змясцілі ў ізалятар. Суд расцаніў яго званок як несанкцыянаванае пікетаванне і арыштаваў на 15 сутак. 

"Падчас тэлефоннай размовы па лініі 102 правёў масавае мерапрыемства — пікетаванне, публічна выяўляючы ўласныя грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы, шляхам прамаўлення фразы "Слава Украіне", — паведамлялася ў судовай пастанове. 

Андрэй Кудзік. Фота з Facebook
Былы палітвязень Андрэй Кудзік

Былога палітвязня Андрэя Кудзіка 19 кастрычніка 2023 года арыштавалі на 15 сутак за віншаванне Украіны з Днём незалежнасці ў TikTok. Андрэя абвінавацілі ў тым, што 24 жніўня ён размясціў у сацсетцы відэа з фотаздымкамі з подпісам "З Днём Незалежнасці, Украіна". Гэта палічылі "несанкцыянаваным пікетаваннем".

У пачатку красавіка 2023 года ў Брэсце асудзілі мужчыну паводле арт. 24.23 КаАП, якога абвінавацілі ў тым, што ён, знаходзячыся ў мясцовым караоке-бары, праспяваў гімн Украіны, "чым публічна выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы". Віны сваёй ён не прызнаў і патлумачыў, што рабіў гэта насуперак мужчыну, які прасіў не спяваць украінскія песні. Вядома, што незадаволены мужчына — грамадзянін РФ. Паводле яго сведчанняў, берасцеец прасіў яго з'ехаць з Беларусі і спяваў без мікрафона гімн Украіны, нягледзячы на шматлікія просьбы гэтага не рабіць. Яго прызналі вінаватым у "пікетаванні" і прызначылі 7 сутак арышту.


Фота ілюстрацыйнае
Фотаздымак мае ілюстратыўны характар

У судзе Наваполацка 17 жніўня 2023 асудзілі мясцовага жыхара, якога затрымалі напярэдадні раніцай. Мужчыну абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні. Падставай для затрымання стаў апаблікаваны ў Instagram фотаздымак жыхара Наваполацка з адпачынку ў Грузіі, на якім ён стаіць на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны. Пры гэтым фота было апублікавана яшчэ 8 жніўня 2021 года, але міліцыянты заўважылі яго толькі праз два гады. У выніку мужчыну прызначылі 15 сутак арышту.


Пераслед за ўдзел у антываенных акцыях пратэсту ў 2022 годзе

Скрыншот відэа затрымання Паўла супрацоўнікамі Амапу на выбарчым участку
Скрыншот відэа затрымання хлопца з украінскім сцягам супрацоўнікамі АМАПу на выбарчым участку 27 лютага 2022 году

Але самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага 2022 года. За два дні ў Беларусі было затрымана больш за 1100 чалавек. Удзельнікаў антываенных акцый пераследвалі за адзенне і сімволіку жоўта-блакітных колераў, за надпіс “Не вайне” на адзенні, за ўскладанне кветак каля Украінскай амбасады ў Мінску. Беларусы пратэставалі не толькі ў сталіцы, але ў большасці рэгіёнаў Беларусі.

Затрыманыя на акцыях падвяргаліся катаванням з боку сілавікоў. Пратэстоўцаў моцна збівалі ў РУУСах, адкуль некаторыя траплялі наўпрост у лякарні.

"Калі я ляжаў у лякарні, то мне знаёмыя скінулі спасылку на TikTok, дзе ролік са мной сабраў каля 60 тысяч праглядаў. Гэта сагрэла мне душу, і я спадзяваўся, што калі нейкая частка ўкраінцаў паглядзіць гэта відэа, то хоць трошкі зразумеюць, што сапраўдныя беларусы ніколі ў жыцці не запусцілі б у іх ракеты", — расказаў Павел, якога затрымалі на антываеннай акцыі, збілі ў РУУС і пасля адвезлі ў лякарню.

Яшчэ адзін былы арыштант распавёў праваабаронцам пра збіццё на антываеннай акцыі ў Мінску:

“У некаторы момант людзі пачалі крычаць "Пуцін ху*ло". Менавіта гэта, на думку хлопца, і стала прычынай жорсткіх затрыманняў сілавікамі. Да хлопца адразу падбеглі тры ці чатыры вайскоўцы, павалілі на зямлю і пачалі збіваць дубінкамі. Яму нанеслі 14 удараў, пяць з каторых былі па галаве. Пасля гэтага падбег амапавец і прытрымаў хлопца, пакуль чакаў сваіх калегаў. У выніку, некалькі сілавікоў за ногі і рукі пацягнулі хлопца ў аўтазак”.

А вось што распавядала жанчына пра збіццё ў ізалятары на Акрэсціна пасля затрымання на акцыі супраць вайны:

"З ім (супрацоўнікам ізалятара Урублеўскім) канфлікт выйшаў з нагоды таго, што мы папрасілі туалетную паперу і адкрыць кармушку. У адказ пачулі "За что боролись на то и напоролись" і лаянку. Пачаўся канфлікт паміж намі і ім. У выніку, адну жанчыну адцягнуць я яшчэ паспела, бо зразумела хто ён. А другую Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну".

Мінімум 6 380 затрыманых: вынікі адміністрацыйнага пераследу беларусаў у 2022 годзе

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўлады пачалі актыўна пераследаваць беларусаў за антываенныя пратэсты. Па дадзеных праваабаронцаў, агулам за 2022 год было затрымана не менш за 6381 чалавек — гэта мінімум 17 чалавек у дзень.

Прастрэленыя калені і рэкордныя тэрміны зняволення "рэйкавым партызанам"

reikavyja-partyzany.jpg
12 асуджаных "рэйкавых партызанаў" агулам на 191,5 гадоў няволі

Расія актыўна выкарыстоўвала са згоды Лукашэнкі тэрыторыю Беларусі дзеля вайны супраць Украіны. Шмат ваеннай тэхнікі перамяшчалася па чыгуначных шляхах. Беларусы з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання выводзілі з ладу чыгуначнае абсталяванне, каб перашкодзіць руху тэхнікі. Праз дыверсіі на чыгунцы ўлады ўнеслі спецыяльныя змены ў крымінальнае заканадаўства. Цяпер смяротнае пакаранне можа пагражаць не толькі за акт тэрарызму, але нават за замах на здзяйсненне акту тэрарызму. На сёння вядома пра 13 асуджаных "рэйкавых партызанаў" агулам на 199,5 гадоў няволі. Распавядзем пра іх.

Мінск

Рэзанансная справа Віталя Мельніка, якому пры затрыманні прастрэлілі каленныя суставы. 22 снежня 2022 года мужчыну асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі паводле пяці крымінальных артыкулаў, сярод якіх Акт тэрарызму. 40-гадоваму Віталю паставілі ў віну, што ён у сакавіку 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады-Барысаў падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакіроўкі, чым вывеў са строю сістэму сігналізацыі чыгункі. Супрацьпраўныя дзеянні нібыта стварылі рэальную пагрозу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджання рухомага складу, гібелі альбо траўмавання людзей.

Светлагорск

Гомельскі абласны суд 27 снежня 2022 года вынес прысуд траім мужчынам са Светлагорску па справе “рэйкавых партызан”, якіх абвінавацілі ў тэрарызме і здрадзе дзяржаве. Дзяніса Дзікуна асудзілі на 23 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Равіча – на 22 гады, Алега Малчанава – 21 год. Гэта самы суровы прысуд за дыверсіі на  беларускай чыгунцы. Мужчынам паставілі ў віну падпал рэлейнай шафы, інфармацыю аб чым яны нібы перадалі плану “Перамога” і BYPOL.


maksim-drabnica_1.jpg
Максім Драбніца

Гомельскі абласны суд 10 чэрвеня 2023 года вынес прысуд 22-гадоваму Максіму Драбніцу за ўступленне ў план "Перамога" і планы падарваць чыгунку ў Светлагорскім раёне. Хлопец прыехаў да чыгункі, дзе трапіў у засаду і быў затрыманы. Максіму прысудзілі восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф памерам 3700 рублёў.

Стоўбцы

Сяргея Глебку затрымалі ў ноч з 1 на 2 сакавіка 2022 года ў Стоўбцах. Паводле інфармацыі МУС, каб запаволіць рух цягнікоў, мужчына падпаліў бярвенні на чыгуначных шляхах. Супраць Глебкі ўзбудзілі крымінальную справу за акт тэрарызму (арт. 289 УК). Пасля затрымання Сяргея збівалі – гэта бачна на пакаяльным відэа. 19 кастрычніка 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе Сяргею прызначылі 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 300 базавых велічыняў. 

Віцебск

Віцебскі абласны суд 16 верасня 2022 года асудзіў палітзняволенага Сяргея Канавалава на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у некалькі артыкулах, у тым ліку ў тэрарызме (арт. 289 КК). Сяргей Канавалаў – супрацоўнік Віцебскай чыгункі, якога абвінавацілі ў вывядзенні з ладу сістэмы, якая адказвае за бяспеку чыгункі.

Асіповічы

2 сакавіка 2022 года супрацоўнікі ГУБАЗ затрымалі 43-гадовага мясцовага жыхара Аляксея Шышкаўца. Яго абвінавацілі ў тым, што Аляксей увайшоўшы ў склад BYPOL, атрымаў ад іх указанні па блакіроўцы чыгуначных шляхоў. 12 кастрычніка 2022 года Магілёўскі абласны суд прызначыў палітвязню Аляксею Шышкаўцу 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Бабруйск

У ноч на 30 сакавіка 2022 года затрымалі траіх жыхароў Бабруйска 27 і 28 гадоў, Яўгена Мінкевіча, Дзмітрыя Клімава, Уладзіміра Аўрамцава, якія, паводле інфармацыі МУС, мелі дачыненне да знішчэння дзвюх рэлейных шафаў сігнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання супраць Дзмітрыя Клімава сілавікі ўжылі зброю і прастрэлілі яму каленныя суставы. Пазней стала вядома, што мужчыны, якія не аказвалі супраціву, пасля затрымання былі мэтанакіравана расстраляныя ў каленныя суставы.

У Магілёўскім абласным судзе 10 лютага 2022 года вынеслі прысуд Дзмітрыю Клімаву, Уладзіміру Аўрамцаву і Яўгену Мінкевічу. Двум першым прызначылі па 22 гады калоніі, а апошняму — 1,5 года калоніі. Адзначаецца, што Мінкевіча вызвалілі ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год паводле Закона "Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства". З улікам часу знаходжання пад вартай пакаранне лічыцца адбытым.

Мазыр

10 сакавіка 2022 года стала вядома аб затрыманні палітзняволенных Сяргея Плешкуна і Юрыя Сельвіча. Мазыранаў абвінавацілі паводле сямі крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў акце тэрарызма, экстрэмісцкай дзейнасці і распальванні сацыяльнай варожасці. У прыватнасці, Плешкуна абвінавацілі ў вырабе “кактэйляў Молатава” і падрыхтоўцы да пашкоджання транспартных сродкаў. Гомельскі абласны суд 8 лютага 2022 года асудзіў Сяргея Плешкуна на 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юрыя Сельвіча – на 14 гадоў.

Інфармацыйная вайна

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за перадачу інфармацыі аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі беларускія ўлады прцягнулі як мінімум 39 асобаў. Асуджана не меней за 35 чалавек.

Іншы від антываеннага супраціву – так званая "інфармацыйная вайна". Беларусы па ўсёй краіне фатаграфавалі калоны расійскай ваеннай тэхнікі і перадавалі інфармацыю ў праект маніторынгу ваеннай актыўнасці "Беларускі Гаюн" або незалежным СМІ. Праз тое, што амаль усе недзяржаўныя медыя прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, то беларускія ўлады расцэньваюць перадачу ім дадзеных, як "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК), удзел у экстрэмісцкім фармаванні (арт. 361-1 КК) або нават "здрада дзяржаве" (арт. 356 КК). 

boika_alex.jpeg
Аляксандр Бойка

Так, інжынера-энергетыка Аляксандра Бойку затрымалі восенню 2023 года. Яго абвінавацілі ў перасылцы відэа ў неназваны чат відэа з вайсковай тэхнікай, якая рухалася па трасе М1 у бок Брэста. 

"На той момант быў спалоханы, таму выклаў відэа на эмоцыях. У гэтым чаце быў наратыў, што вось-вось пачнуцца ваенныя дзеянні паміж Беларуссю і Украінай", — сказаў інжынер у "пакаяльным відэа" падчас затрымання.

18 студзеня 2024 года Аляксандра асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК на 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму.


Маставы Дзмітрый
Палітзняволены Дзмітрый Маставы

Палітзняволенага праграміста Дзмітрыя Маставога затрымалі 26 лютага 2023 года пасля падрыву расейскага ваеннага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах. У прапагандысцкім фільме "Гаспар на сувязь не выйшаў", які выпусцілі неўзабаве пасля затрымання Дзмітрыя, распавялі, што Дзмітрый нібыта прапаноўваў "Беларускаму Гаюну" зліваць інфармацыю пра аэрадром Мачулішчы: ён наладзіў трансляцыю з камп’ютара, якая ішла два тыдні без перапынку. У выніку Дзмітрыя абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК), "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК) і асудзілі на 10 гадоў калоніі.


aljaksandr-jaucikhau.jpg
Затрыманы трэнер па каратэ Аляксандр Яўціхаў

Так, 20 кастрычніка 2023 года стала вядома аб затрыманні ў Брэсце трэнера па каратэ Аляксандра Яўціхава за відэа з перасоўваннем ваеннай тэхнікі. На "пакаяльным" відэа беларус расказаў, што працуе трэнерам па каратэ і яму прад'явілі абвінавачанне ў тым, што ён нібыта зняў на відэа ваенную тэхніку і выклаў яго ў "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал.


15 снежня 2022 года Брэсцкае дзяржСМІ апублікавала відэаролік пра затрыманне былога вайскоўца Дзмітрыя Гуліна, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. Сілавікі называюць Дзмітрыя "агентам украінскіх спецслужбаў". Былы вайсковец нібыта паведамляў украінскім вайскоўцам аб размяшчэнні расійскіх частак на тэрыторыі Беларусі.


Былую настаўніцу Ірыну Абдукерыну 6 снежня 2022 года асудзілі на чатыры гады калоніі паводле чатырох артыкулаў, сярод якіх арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) Крымінальнага кодэкса. Падставай для пераследу стала нібыта тое, што Ірына запісала на тэлефон перамяшчэнне калоны расейскай вайсковай тэхнікі і пераслала запіс у тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн". 


Ваеннага эксперта, палітзняволенага Ягора Лебядка 23 снежня асудзілі паводле арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса на 5 гадоў калоніі за інтэрв’ю “Еўрарадыё” пра вайну ва Украіне. Мужчыну затрымалі 13 ліпеня 2022 года. Згодна з матэрыяламі справы, Ягор "даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі".


Загадчыка гарадской аптэкі Дзмітрыя Макеева чацвёртага верасня 2023 года асудзілі па трох крымінальных артыкулах да шасці гадоў калоніі і штрафа 18500 рублёў за перадачу відэа расейскай ваеннай тэхнікі ў тэлеграм-канал, прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”, а таксама за данаты палку Каліноўскага.

vjasna_vaina_va_ukraine_represii_faceboo
"Вайна ва Украіне". Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Пераслед за намер ваяваць за Украіну

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну многія беларусы ўступілі ў беларускі полк (раней батальён) імя Кастуся Каліноўскага. Сілавікі пачалі затрымліваць беларусаў за намер ваяваць на баку Украіны і спробы далучыцца да палка. Ім ставяць у віну замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы (арт. 14 і 361-3 КК).

На сённяшні момант вядома не меней за 14 асуджаных беларусаў за жаданне ваяваць на баку Украіны. Вось іх імёны: Аляксандр КулікоўСяргей ГрыбовічАндрэй Раптуновіч, Анатоль Міхайлаў, Андрэй Маслаў, Міхаіл Лістападаў, Яўген Карпаў, Сяргей Вайцюк, Аляксандр Айнутдзінаў, Кірыл Балахонаў, Павел Абозны, Ян Папковіч. Максім Стасюк, Васіль Якімаў. Расказваем пра некаторых з іх.

Аляксандр Кулікоў
Палітвязень Аляксандр Кулікоў

Палітвязня Аляксандра Кулікова затрымалі летам 2023 года па вяртанні з Польшчы. Ён мусіў з'ехаць за мяжу праз палітычны пераслед. Пазней сілавікі паабяцалі мужчыну ў выпадку вяртання не пазбаўляць волі. Але ў выніку Аляксандра асудзілі на тры гады калоніі за абразу і паклёп на Лукашэнку.  6 снежня 2023 года на Аляксандра завялі новую крымінальную справу паводле трох артыкулаў: арт. 361-1, 361-3, 361-5 Крымінальнага кодэкса. А 12 снежня выйшаў прапагандысцкі фільм пра Кулікова, які распавявёў пра сваю спробу далучыцца да палка Кастуся Каліноўскага і пра праходжанне вайсковай падрыхтоўкі пад Кіевам. 20 снежня 2023 года Аляксандра Кулікова асудзілі на 4,5 гады калоніі. 


37-гадовы айцішнік з Брэста Сяргей Вайцюк – адзін з першых, каго асудзілі за жаданне ваяваць на баку Украіны пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Згодна з версіяй абвінавачвання, Вайцюк "у красавіку 2022 года праз розныя інтэрнэт-рэсурсы высветліў парадак і магчымыя спосабы залічэння ва ўзброеныя фарміравання Украіны, а таксама звязаўся з іх прадстаўнікамі". 28 ліпеня ў Брэсцкім абласным судзе Сяргея Вайцюка асудзілі паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса (замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы) на два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.


20-гадовага мастака Андрэя Раптуновіча асудзілі ў Мінску за жаданне далучыцца да палка імя Каліноўскага. Яго затрымалі 16 траўня 2022 года — на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае" відэа з ім, дзе ён кажа пра ўдзел у акцыях пратэсту і рэгістрацыю ў плане "Перамога" і боце батальёна. 14 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе Андрэя асудзілі на чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за намер ваяваць на баку Украіны (ч. 1 арт. 13 і арт. 361-3 КК) і за рэгістрацыю ў плане “Перамога” (ч. 3 арт. 361-1 КК).


46-гадовага Аляксандра Айнутдзінава затрымалі ў ліпені 2022 года. Сярод іншага, яго абвінавацілі ў намеры ваяваць на баку Украіны. У "пакаяльным" відэа мужчына распавядае пра тое, што 24 лютага, калі Расія распачала вайну ва Украіне, ён пачаў "чытаць розныя Telegram-каналы" і вырашыў далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага, каб абараняць Украіну. Для гэтага Аляксандр спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з Украінай, але быў затрыманы беларускімі памежнікамі. 16 лістапада ў Гомельскім абласным судзе Аляксандра асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-3 і ч. 1 арт. 317-2 Крымінальнага кодэкса на 2 гады і 1 месяц калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.


Былога інкасатара "Белгазпрамбанка" Яна Папковіча другога верасня 2022 года затрымалі затрымалі разам з жонкай перад іх ад’ездам у Польшчу. Яго паказвалі ў некалькіх сюжэтах БТ, дзе прадстаўлялі наймітам, які збіраўся ехаць на вайну ва Украіну. 16 траўня 2023 года ў Мінгарсудзе Яна Папковіча асудзілі паводле арт. 361-3 і арт. 342 Крымінальнага кодэкса на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.

Ціск на каліноўцаў: прызнанне "фармаваннем", крымінальныя справа і пагромы ў кватэрах

Таксама ўлады актыўна пераследуюць тых, хто ўжо далучыўся да палка Каліноўскага. 23 верасня 2022 года МУС прызнала аўдыторыю палка “экстрэмісцкім фармаваннем”.  А 11 кастрычніка Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць стваральнікаў і ўдзельнікаў палка Каліноўскага.

У 2022 годзе сілавікі прыдумалі новы спосаб ціску і запужвання тых нязгодных з уладай, хто знаходзіцца за мяжой – граміць кватэры. Сілавікі здымаюць відэа пагромаў, якія затым выкладваюць у сваіх тэлеграм-каналах. Спачатку яны здымаюць стан кватэры да вобшука, затым паказваюць яе стан пасля: раскіданыя рэчы і зламаная імі мэбля, выпатрашаныя шафы. Акрамя гэтага, здымаюць "пакаяльныя відэа" са сваякамі каліноўцаў.

backa-kalinouca-paula-kukhty.jpg
Бацька прадстаўніка палка Каліноўскага Паўла Кухты. Фота: скрыншот з прапагандысцкага відэа

Напрыканцы лістапада 2022 года сілавікі зладзілі вэрхал у кватэры прэс-сакратаркі палка Каліноўскага Крысціны “Чабор” і яе мужа. Таксама сілавікі разграмілі кватэру Наталлі Суславай, маці загінулага каліноўца Паўла “Волата”.

Так, у лістападзе 2023 года сілавікі прымусілі бацьку прадстаўніка палка Каліноўскага Паўла Кухты запісаць відэазварот да сына з просьбай вярнуцца ў Беларусь і "адсядзець столькі, колькі трэба".

Сястра добраахвотніка батальёну імя Кастуся Каліноўскага Яна Мельнікава Вікторыя Навіцкая была затрымана напрыканцы траўня 2022 года. Пасля двух адміністрацыйных арыштаў працягласцю 26 сутак жанчына не выйшла на волю, а была перазатрымана па крымінальнай справе паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 13 кастрычніка 2022 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска палітзняволеную асудзілі да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Мы не можам апублічваць усе прозвішчы, але таксама праваабаронцам вядома, што сілавікі перыядычна затрымліваюць і саджаюць на суткі сваякоў каліноўцаў.

Новыя метады пераследу ў 2022 годзе нязгодных з рэжымам Лукашэнкі

"Вясна" ўзгадвае, якія метады дзяржава пачала выкарыстоўваць у 2022 годзе ў барацьбе з палітычнымі нязгоднымі.

Затрыманні за антываенныя каментары і праяву салідарнасці з Украінай

Па даносе з чат-рулеткі вядома аб затрыманні пяці беларусаў, якія выказаліся супраць вайны і ў падтрымку Украіны. Агулам за антываенныя інтэрнэт-каментары затрымалі мінімум 11 асобаў.

Дзмітрый Папкоў, Ігар Чарнавусаў, Уладзімір Каменнаў

Траіх гамельчукоў Дзмітрыя Папкова, Ігара Чарнавусава і Уладзіміра Каменнава з 5 студзеня 2024 года судзяць у Гомельскім абласным судзе па шэрагу артыкулаў, сярод якіх "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК). Мужчын затрымалі вясной 2023 года. Тады сілавікі назвалі іх "спячай ячэйкай экстрэмістаў". Сярод іншага ім ставяць у віну "знешнія сувязі з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць за Украіну". Меркавана, менавіта гэта стала падставай для распачынання крымінальнай справы паводле арт. 361-4 КК. Акрамя гэтага, на "пакаяльным відэса" падчас затрымання іх прымусіілі сказаць, што гамельчукі стварылі агульны чат, а пасля ўварвання Расіі ва Украіну некалькі разоў абразілі Лукашэнку. 


Напрыканцы снежня 2022 года стала вядома, што за антываенны надпіс на 68-гадовую Людмілу Коган з Брэста завялі крымінальную справу за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. Жанчына напісала “Жыве Беларусь” і “Не вайне” на прыпынку грамадскага транспарту ў Брэсце. 22 лютага 2023 года Маскоўскі суд Брэста асудзіў Людмілу на адзін год “хатняй хіміі” за апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці (арт. 341 КК). Да прысуда жанчыну ўтрымлівалі пад хатнім арыштам.


Спявачку Мэрыем Герасіменка затрымалі 4 жніўня 2022 года пасля канцэрту ў мінскім бары "Банкі-бутэлькі", дзе яна выконвала песню «Обійми» гурта «Океан Эльзи» ў падтрымку Украіны. Факт выканання песень на ўкраінскай мове абурыў прапагандыстаў. 


За адмову абслугоўваць у краме расійскіх вайскоўцаў 20 лютага суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызначыў дырэктару крамы аўтазапчастак Віктару Макарэнку штраф у памеры 300 базавых велічыняў (11 100 беларускіх рублёў). Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 190 КК ("парушэнне раўнапраўя грамадзян").


З-за малітвы за воінаў і абаронцаў Украіны 5 студзеня 2023 года ГУБАЗіК затрымаў мінскага святара Дыянісія Карасталёва.


"Справы сцягоў"

У сярэдзіне верасня 2022 года сілавікі затрымалі пяць мінчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома ў Мінску. Супраць іх узбудзілі крымінальную справу за "злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў" паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і змясцілі ўсіх пад варту ў жодзінскую турму. Але пераслед затрыманых на гэтым не спыніўся. Праз два тыдні пасля іх затрымання Міністэрства ўнутраных справаў прызнала "экстрэмісцкім фармаваннем" канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі мінчукі пры арганізацыі акцыі. Затрыманыя – Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая.

Сярод інкрымінаваных артыкулаў няма "злоснага хуліганства", на падставе якога затрымалі і змясцілі пад варту палітвязняў. Цяпер пяць чалавек абвінавачваецца па больш цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1, 3 арт. 361-1 (стварэнне і ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні") і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ім пагражае да 7 гадоў калоніі.

У Мінскім гарадскім судзе шостага красавіка 2023 года ўсім удзельнікам справы прысудзілі па пяць гадоў калоніі, а Уладзіміру Лавору чатыры гады і дзевяць месяцаў зняволення. 


"Мінчане віншуюць украінскі народ з цудоўнымі навінамі з Крымскага моста"

У пачатку кастрычніка 2022 гогда ў Мінску на апоры лініі электраперадач невядомыя вывесілі бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Украіны. У тэлеграм-канале Антона Матолькі на наступны дзень з'явіўся пост з фатаграфіяй сцяга і подпісам: "Мінчане віншуюць украінскі народ з цудоўнымі навінамі з Крымскага моста. Крым — це Україна! Жыве Беларусь! Слава Украіне!". Пазней супрацоўнікі міліцыі затрымалі шасцярых мінчан ва ўзросце ад 34 да 36 гадоў, якія нібыта гэта зрабілі: Ігара Цікача, Несцярэнку Юрыя, Цяпцеева Ігара, Савельева Уладзіміра, Грынько Віктара. 15 чэрвеня 2023 года ўсіх шасцярых палітвязняў асудзілі да пазбаўлення волі паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Вынік суда праваабронцам невядомы.


У канцы лютага 42-гадовы Аляксандр пералічыў каля дзвюх тысяч еўра для ўкраінскай арміі. Пасля гэтага яго забралі на размову ў КДБ, а потым абвясцілі падазраваным у фінансаванні тэрарызму. У дадатак арыштавалі кватэру, бізнэс, асабістыя рахункі і нават карту 10-гадовага сына з інваліднасцю.

Мужчына паспеў з'ехаць разам з сям'ёй. Але сілавікі ўзяліся за яго бацькоў: настойліва патрабуюць, каб яны ўгаварылі сына вярнуцца ў краіну — інакш пагражаюць 66-гадовай маці і 68 бацьку арыштам.


Студэнтку Дануту Перадню затрымалі 28 лютага 2022 года ў Магілёве. На дзяўчыну завялі крымінальную справу па арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). У віну ёй паставілі тое, што яна 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступленняў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну. У выніку 22 лістапада 2022 Магілёўскі абласны суд асудзіў 21-гадовую дзяўчыну за антываенны рэпост на шэсць з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму.


13 красавіка 2023 года ў Гомельскім абласным судзе электрыка гомельскай крамы "Green" Уладзіміра Якімца асудзілі на два гады калоніі за публічнае асуджэнне ў адным з чатаў расійскай ваеннай агрэсіі. 

Затрыманні за данаты беларусам, што ваююць на баку Украіны

Беларусаў і беларусак, якія данацілі беларускім добраахвотнікам, пераважна судзяць за "фінансаванне вайны" паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса. За 2023 год было асуджана як мінімум дзесяць чалавек. У 2024 годзе гэта тэндэнцыя працягнулася: не меней за тры чалавекі асудзілі, а яшчэ чатыры знаходзяцца пад вартай у чаканні суда. Агулам па гэтым артыкуле прысудзілі як мінімум 57 гадоў калоніі.

Галіна Краснянская. Фота з сацыяльных сетак.
Галіна Краснянская. Фота з сацыяльных сетак

Так, 67-гадовую палітзняволеную Галіну Краснянскую затрымалі вясною 2023 года ў Мінску. Жанчына даўно жыве ў Швецыі і з’яўляецца адной з заснавальніц суполкі беларускай дыяспары. Жанына перыядычна прыязджала ў Беларусь да сваякоў. У адзін з прыездаў яе затрымалі. 12 студзеня 2024 года ў Мінгарсудзе Галіну асудзілі паводле ч. 2 арт. 361-3 на пяць гадоў калоніі.


dzijana-zavadskaja.jpg
Дзіяна Завадская

Менеджарку EPAM Дзіяну Завадскую затрымалі неўзабаве па вяртанні з-за мяжы. Пра гэта стала вядома 14 лютага 2024 года. Яна пераехала ў Тбілісі пасля пачатку вайны разам з 7-гадовым сынам. Але пазней вырашыла вярнуцца. Суд над Дзіянай пачнецца 26 лютага. Жанчыне ставяць у віну "фінансаванне вайны" (ч. 2 арт. 361-3 КК) і ўдзел у пратэсных акцыях (ч. 1 арт. 342 КК).


Леанід Райчонак
Праграміст Леанід Райчонак, асуджаны 17 кастрычніка 2023 года за данаты беларускім добраахвотнікам, што ваююць на баку Украіны, на шэсць гадоў калоніі

36-гадовага праграміста з Брэста Леаніда Райчонка 17 кастрычніка 2023 года асудзілі на шэсць гадоў калоніі за данаты беларускім дабраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны.

Згодна версіі абвінавачвання, ён летась пералічыў добраахвотнікам 400 даляраў на бронекамізэлькі. Другое ахвяраванне ён зрабіў на суму 150 даляраў на карысць "Prague Support Team" (аб'яднанне беларусаў Прагі, якія збіраюць данаты і на іх закупляюць абмундзіраванне, часам на зброевыя аксэсуары для беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны).


За пералічэнне грошай палку Каліноўскага 21 кастрычніка 2022 года затрымалі Анастасію Петрачэнка. На дзяўчыну завялі крымінальную справу і змясцілі ў СІЗА. 14 чэрвеня 2023 года ў Гомельскім абласным судзе Анастасію асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму. 


Уладзіслава Яцэнка 16 студзеня 2023 года асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён таксама данаціў на патрэбы каліноўцаў.

Дыверсія ў Мачулішчах

Затрыманне ў Сенніцы
Затрыманне ў Сенніцы пасля дыверсіі ў Мачулішчах. Скрыншот з праўладнага фільма

На ваенным аэрадроме ў гарадскім пасёлку Мачулішчы пад Мінскам 26 лютага 2023 года прагучалі два выбухі. Пазней стала вядома, што быў падарваны і выведзены з ладу расійскі ваенны самалёт дальняй выведкі ДРЛВ-50, які знаходзіўся на гэтым аэрадроме. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.

Пасля здзяйснення дыверсіі па Беларусі прайшла хваля затрыманняў, якую сілавікі назвалі "зачысткай". Супрацоўнікі КДБ зладзілі масштабную аперацыю па выкрыццю так званых "дыверсантаў". У дамах дзясяткаў беларусаў ладзілі вобшукі, пасля чаго іх дапытвалі і затрымлівалі. Частку з іх пазней адпусцілі.

"Украінскі дыверсант", айцішнік, супрацоўнік аблвыканкама: на дзяржТВ распавялі пра гучныя затрыманні

Сярод затрыманых — "украінскі дыверсант" Мікалай Швец, друкар Алег Сычоў, айцішнік Дзмітрый Маставы, супрацоўнік Віцебскага аблвыканкама Андрэй Шмай і іншыя.

Пад пераслед патрапілі тыя, хто пераследаваўся па адміністрацыйных палітычных артыкулах з 2020 па 2023 год. Таксама былі масавыя затрыманні па прафесійнай прыкмеце: псіхатэрапеўтаў і рэканструктараў. Гэта звязана з тым, што два фігуранты справы, якія знаходзяцца за мяжой, па логіцы сілавікоў, маглі мець сувязі сярод знаёмых у Беларусі ў гэтых суполках.

На праўладным тэлеканале АНТ выйшаў фільм, у якім распавядалася пра некаторыя гучныя затрыманні. Трэцяга сакавіка КДБ паведаміў, што па справе праходзіць каля 30 чалавек, супраць якіх узбудзілі крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 289 Крымінальныга кодэкса (акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай). А затрымана больш за 20 чалавек. Галоўным фігурантым справы стаў затрыманы ўкраінец Мікалай Швец з пазыўным "Гаспар". Паводле дзяржСМІ, ён нібыта яшчэ ў снежні 2022 года атрымаў заданне на падрыў расейскага борта ад куратара са Службы бяспекі Украіны. 

Алег Сычоў
Друкар Алег Сычоў. Фота: скрыншот з праўладнага відэа

Дзявятага сакавіка затрымалі памочніка старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Дзмітрыя Шадко. 24 сакавіка яго вызвалілі.

Пераслед украінцаў у Беларусі

Ужо два гады ў Беларусі пераследуюць украінцаў па падазрэннях у супрацоўніцстве з украінскімі спецслужбамі. Так, за "агентурную дзейнасць" на карысць Украіны паводле арт. 358-1 КК асудзілі мінімум пяць чалавек: Сяргея Бойку, Людмілу ГанчарэнкуМіхаіл Сталярчук, Дзмітрый ГудзікКупрыенку Паўла. Яшчэ адзін суд ідзе наўпрост цяпер над украінцам з Чарнікава Андрэем Шмаем, які працаваў у Віцебскім аблвыканкаме. Таксама ў Гомельскім абласным судзе 15 лютага ў закрытым пасяджэнні распачаўся суд над грамадзянкай Украіны Наталляй Захаранка. Яе абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Украіны паводле арт. 358 КК.

Некаторых украінцаў не пускаюць у Беларусь і дасканала дапытваюць на мяжы. Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", на адным з памежных пунктаў (Беларусь-Польшча) у Брэсце 13 лютага ў краіну беларускія памежнікі не пусцілі каля 10 грамадзян Украіны. Калі ўсе зайшлі ў будынак для праверкі пашпартоў, то зачынілі дзверы і запыталі, ці ёсць сярод прысутных грамадзяне Украіны і ці збіраюцца яны потым ехаць у Расію. Допыты ўкраінцаў цягнуліся да дзвюх гадзін. Прычыны адмовы ўезду ў Беларусь ніяк не растлумачылі. Кіроўцу аўтобуса памежнікі сказалі не чакаць і ехаць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства