viasna on patreon

Да пяці гадоў калоніі. Асудзілі палітвязняў, якія вывесілі нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны

2023 2023-04-06T18:55:32+0300 2023-04-07T12:35:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nacianalnyja_scjagi.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Скрыншот з відэасюжэта МУС

Скрыншот з відэасюжэта МУС

У Мінскім гарадскім судзе 6 красавіка вынеслі прысуд па "справе сцягоў". У сярэдзіне верасня 2022 года сілавікі затрымалі пяць мінчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацынальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома па вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску. Гэта Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая. Супраць іх узбудзілі крымінальную справу за "злоснае хуліганства", але праз два тыдні пасля іх затрымання МУС прызнала "экстрэмісцкім фармаваннем" канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі мінчукі пры арганізацыі акцыі.У выніку справу перакваліфікавалі на ч. 3 арт. 361–1 (стварэнне або ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні") і ч. 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Дзіна Кучук прызначыла ўсім па пяць гадоў калоніі, а Уладзіміру Лавору — чатыры гады і дзевяць месяцаў зняволення. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Як піша Фонд "Страна для жизни", мінчукам прызначылі наступныя тэрміны:

  • Дзянісу Варозаву — пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Вячаславу Панцюшэнку — пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Вользе Церах — пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Уладзіміру Лавору — чатыры гады і дзевяць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Кацярыне Зарэцкай — пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

На першым пасяджэнні дзяржаўны абвінаваўца заявіў хадайніцтва аб правядзенні працэсу ў закрытым рэжыме па "прычыне прадухілення распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў". Суддзя Кучук задаволіла хадайніцтва.

Сукамернікі Дзяніса Воразава распавялі праваабаронцам пра яго жосткае затрыманне:

"Яго вывозілі ў лес і пагражалі забіць".

Раней юрыст "Вясны" Павел Сапелка каментаваў гэтую справу: 

"Сама па сабе норма аб магчымасці прыцягнення да адказнасці тых, хто стварыў "экстрэмісцкае фармаванне" або ўвайшоў у яго склад у мэтах здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці ўжо надзвычай спрэчная – існуючыя вызначэння надзвычай шырокія і нявызначаныя. Акрамя таго, прызнанне групы грамадзян "экстрэмісцкім фармаваннем" адбываецца адвольна, адміністрацыйным рашэннем, без неабходнасці публічнай аргументацыі рашэння. І нарэшце, практыка прымянення гэтага артыкула наогул выходзіць за межы разумнага, і праблема тут не столькі ў тым, калі група прызнаецца экстрэмісцкім фарміраваннем, а ў тым, што любая агульная прыкмета можа быць адвольна ужытая як вызначальная сутнасць фармавання.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што прыцягненне да адказнасці за сам па сабе факт уваходжання ў "экстрэмісцкае фармаванне" занадта часта становіцца адзінай падставай прыцягнення да крымінальнай адказнасці. То бок калі няма за што "пасадзіць" любога чалавека, то можна выбраць з наяўных або стварыць для яго "экстрэмісцкае фармаванне": падпісчыкаў Telegram-канала, аўтараў і чытачоў сайта, прыхільнікаў палітычнай фігуры і так далей. Таму што, вядома, вывешванне сцягоў – гэта дакладна не хуліганства ў дадзеным кантэксце, а пакараць за праяву грамадзянскай пазіцыі вельмі хацелася".

"Так званая справа". Што вядома пра затрыманых за вывешванне нацыянальных сцягоў Беларусі і Украіны

"Вясна" распавядае падрабязнасці справы, а юрыст Павел Сапелка каментуе яе.

Падтрымайце палітвязняў грашовымі пераводамі і пасылкамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства