viasna on patreon

Новыя метады пераследу ў 2022 годзе нязгодных з рэжымам Лукашэнкі

2023 2023-01-04T12:28:45+0300 2023-01-10T12:20:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belarus_dubinkai_loskutov.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Новае рэпрэсіўнае заканадаўства, затрыманне сваякоў палітвязняў і каліноўцаў, "Спіс экстрэмістаў", мінімум дзевяць разгромленых кватэраў, выкарыстанне зброі пры затрыманнях, мінімум 57 палітвязням у калоніях узмацнілі рэжым і асудзілі за "парушэнне рэжыму", яшчэ дзясяткі палітвязняў сталі фігурантамі новых крымінальных справаў, 17 абвінавачаных у парадку спецвытворчасці, прызнанне чатаў і каналаў "экстрэмісцкімі фармаваннямі" пасля затрымання іх удзельнікаў, затрыманні за інтэрв'ю СМІ. "Вясна" ўзгадвае, якія метады дзяржава пачала выкарыстоўваць у 2022 годзе ў барацьбе з палітычнымі нязгоднымі.

belarus_dubinkai_loskutov.jpeg
"Беларусь" (2020), палатно, акрыл, дубінапіс. Аўтар: Арцём Ласкутоў

Новае рэпрэсіўнае заканадаўства

У 2022 годзе быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў, накіраваных менавіта на барацьбу з нязгоднымі з афіцыйным палітычным курсам дзяржавы.

Так, у траўні былі прынятыя праўкі ў Крымінальны кодэкс, згодна якім цяпер прадугледжваецца смяротнае пакаранне за замах на тэракт. Менавіта так кваліфікавалі дзеянні "рэйкавых партызанаў", якія ладзілі дыверсіі на беларускай чыгунцы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. У парламенце мэтай такіх паправак назвалі "аказанне стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы і дэманстрацыю рашучай барацьбы дзяржавы з тэрарыстычнай дзейнасцю".

У ліпені заканадаўча быў уведзены інстытут "спецыяльнай вытворчасці". У межах яе абвінавачанага можна асудзіць без яго прысутнасці нават у дзяржаве. Гэта тычыцца злачынстваў супраць дзяржавы, масавых беспарадках, актаў тэрарызму, прывядзенні ў непрыдатнасць шляхоў зносін і яшчэ па некалькіх артыкулах. У інтэрв'ю тэлеканалу АНТ кіраўнік Следчага камітэту Дзмітрый Гара распавядаў, што адна з асноўных мэтаў завочных судоў — стварыць падставы для канфіскацыі маёмасці палітэмігрантаў, каб "пакрыць шкоду, якую яны нанеслі краіне".

У сярэдзіне снежня парламент ухваліў законапраект аб зменах у Закон "Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь", які дазволіць не толькі судзіць апанентаў рэжыму, якія жывуць за мяжой, завочна, але і пазбаўляць іх грамадзянства. Рабіць гэта можна будзе "ў сувязі з наяўнасцю прысуду, які ўступіў у законную сілу, які пацвярджае ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь". Законапраект прапануе пазбаўляць грамадзянства беларусаў па нараджэнні, асуджаных па адной з пералічаных у ім 55 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — распальванне варожасці, найміцтва, акт тэрарызму, удзел у масавых беспарадках, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім і іншыя. Аўтары законапраекта называюць працэдуру не пазбаўленнем грамадзянства, а яго стратай.

"Спіс экстрэмістаў"

Напярэдадні Дня Волі — 23 сакавіка 2022 года — Міністэрства ўнутраных справаў "павіншавала" беларусаў першай публікацыяй "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" (Спіса экстрэмістаў). Адразу ў яго ўключылі 140 чалавек, сярод іх былі палітвязні — Павел Севярынец, Марыя Калеснікава, Максім Знак. За гэтыя месяцы гэты Спіс узрос больш, чым у 16 разоў — цяпер у ім 2263 чалавекі, але ён пастаянна папаўняецца. МУС туды ўключае асуджаных і абвінавачаных па "палітычных" справах пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. 

На грамадзян, уключаных у гэты Спіс, накладаюцца пэўныя абмежаванні. Так, у дачыненні да тых, да каго маецца прысуд, які ўступіў у законную сілу, да пагашэння або зняцця судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці забараняецца:

  • займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў,
  • педагагічнай дзейнасцю (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм),
  • выдавецкай дзейнасцю,
  • займаць дзяржаўныя пасады,
  • праходзіць ваенную службу.

"Мама, я экстрэміст". Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у "Спіс экстрэмістаў"

Спецвытворчасць і завочныя суды 

На дадзены момант супраць 17 чалавек распачатая спецыяльная вытворчасць — усе па "палітычных" артыкулах. З 12 снежня ў Мінскім гарадскім судзе праходзіць першы завочны суд у рамках "спецыяльнай вытворчасці". Гэта справа "Чорнай кнігі Беларусі", па якой праходзяць пяць чалавек, якія знаходзяцца за мяжой, — Яніна Сазановіч, Дзмітрый Навоша, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая. 

Праз пяць месяцаў — 26 снежня — пасля заканадаўчага ўвядзення інстытуту "спецвытворчасці" ў Беларусі быў вынесены першы завочны прысуд. Па 12 гадоў калоніі прызначылі алімпійскай прызёрцы Аляксандры Герасімені і выканаўцу дырэктару Фонда спартыўнай салідарнасці Аляксандру Апейкіну. Яны прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні дзеянняў супраць нацбяспекі.

5 студзеня завочна па "справе Вясны" пачнуць судзіць праваабаронцу Змітра Салаўёва.

17 студзеня завочна пачнуць судзіць дэмакратычных лідараў Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку і прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады. Мінскі гарадскі суд просіць іх, а таксама Марыю Мароз, Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага прыйсці а 10-ай гадзіны раніцы на судовы працэс. Іх просяць не забыць узяць з сабой пашпарт. Кожнага з фігурантаў справы абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў — Ціханоўскай інкрымінавана ажно 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

"Спецыяльная вытворчасць" таксама распачатая супраць Валерыя Цапкалы, прадстаўнікоў Аб'яднанага пераходнага кабінета, рэдактара Nexta Сцяпана Пуцілы, блогера Яна Рудзіка, палітыка Вадзіма Пракоп'ева і іншых.

Разгромы кватэраў 

suslava_kvatera.jpg
Так выглядае кватэра пасля прыходу сілавікоў Наталлі Суславай

У 2022 годзе супрацоўнікі ГУБАЗіКа сталі больш масава практыкаваць такі спосаб ціску на тых, хто знаходзіцца за мяжой, — разгромы кватэраў. Па дадзеных праваабаронцаў, мінімум 9 кватэраў былі разгромленыя сілавікамі. Губазаўцы ламаюць мэблю і раскідваюць рэчы, разбіваюць посуд, люстэркі і нават закаткі, высыпаюць крупы. Потым здымаюць гэта на відэа і хваляцца ў сваім тэлеграм-канале.

Так, супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў 2022 годзе разграмілі кватэры рэдактаркі «Карателей Беларуси» і ютуб-канала "Дзікае паляванне" Яніны Сазановіч, грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп'ева, блогера Андрэя Павука, прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец, палітыка Валерыя Цапкалы, маці блогера Антона Матолькі, прэс-сакратаркі Палка Каліноўскага Крысціны "Чабор" і яе мужа, маці загінулага каліноўца Паўла "Волата"Наталлі Суславай.

Затрыманне сваякоў

losik_anishuk.jpeg
Ігар і Дар'я Лосікі, Арцём і Вольга Анішчукі

У мінулым годзе стаў практыкавацца такі спосаб ціску як затрыманне сваякоў. Як правіла, ён практыкуецца сілавікамі ў адносінах сваякоў палітвязняў і ваяроў ва Украіне.

Так, былі затрыманыя чатыры сваякі беларускага добраахвотніка Васіля Парфянкова, які летам загінуў пад Лісічанскам. Гэта стрыечны брат, сястра і маці загінулага байца Палка імя Кастуся Каліноўскага. Ім прызначалі "суткі" з надуманых прычынаў. Стрыечнага брата Васіля Сяргея Бандарэнку затрымлівалі двойчы пасля смерці брата. У лістападзе пасля допыту сілавікамі ён трапіў у мінскі шпіталь. Адтуль ён уцёк у Польшчу.

Былая арыштантка Акрэсціна стала сведкай, як судзілі маці і сястру Васіля, калі ён быў яшчэ жывы. Яна распавяла пра гэта праваабаронцам:

"Суд над імі праходзіў вельмі цяжка — мы чулі, як іх судзілі праз скайп. Па іх прыехалі шэсць ці восем чалавек у поўным абмундзіраванні, правялі вобшук. Іх абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і ў тым, што яны нібы напалі на тых, хто іх затрымоўваў. Там жанчыны досыць крохкага целаскладу, маці Васіля ў шаноўным узросце, ёй, здаецца, 67 гадоў, як яны маглі напасці? На судзе яны плакалі і казалі, каб яны не шылі ім тое, чаго не было насамрэч. Мама Васіля казала, што гатовая адседзець, але за справу, а не за гэта… Да іх стабільна прыходзілі з вобшукамі, як я зразумела, кожныя паўгода. У нас ва ўсіх ком у горле быў. Было складана слухаць гэты суд, вельмі складана".

У жніўні быў затрыманы стрыечны брат намесніка камандзіра ў Палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука Сяргей Франчук. У верасні быў затрыманы бацька добраахвотніка батальёну імя Кастуся Каліноўскага Яна МельнікаваВіктара. Вядома, што затрымалі мужчыну на працы, дома ў яго адбыўся перататрус.

Летам затрымалі сястру Яна Вікторыю Навіцкую. Восенню яе асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса да 1,5 года калоніі.

Затрыманне мужоў і жонак палітвязняў сталі восенню 2022 года. Так, жонку палітвязня Ігара Лосіка Дар'ю затрымалі 18 кастрычніка. Супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле матэрыялаў справы Дар'я дала інтэрв'ю «экстрэмісцкаму фармаванню» «Белсат», «у якім пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня. Яна дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад». Хутка над ёй мусіць адбыцца суд.

4 лістапада была затрыманая жонка палітвязня Арцёма Анішчука Вольга. Яе тры разы запар арыштоўвалі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) — на "сутках" яна правяла месяц. Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі з ёй "пакаяльнае" відэа і напісалі, што Вольга "нагнятала ўкідамі і фэйкамі сітуацыю вакол пенітэнцыярнай сістэмы, закідвала дзяржорганы надуманымі скаргамі".

22 снежня раніцай у сябе дома быў затрыманы муж палітзняволенай каардынтаркі Валанцёрскай службы "Вясны, асуджанай да 15 гадоў калоніі, Марфы Рабковай Вадзім Жаромскі. Яго арыштавалі на 15 сутак за "непадпарадкаванне" міліцыянтам.

Масавыя крымінальныя справы супраць асуджаных палітвязняў

Ужо асуджаных палітычных зняволеных прыцягваюць па новых крымінальных справах. Гэта справы, узбуджаныя ў месцах зняволення паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы" і справы па новых эпізодах. Па дадзеных праваабаронцаў, за апошні год як мінімум 41 палітзняволенага перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ шаснаццаці распачалі новыя крымінальныя справы паводле арт. 411 КК. Абсалютная большасць з іх была ўзбуджаная цягам апошняга года.

Беларусы на «крытай»: як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях

Супраць палітвязняў таксама ўзбуджаюць новыя крымінальныя справы, як правіла, за эпізоды, якія мелі месца да іх затрымання. Па сведчаннях былых вязняў СІЗА, цяпер там утрымліваецца дзясяткі палітвязняў, якіх этапавалі ўжо з калоній, каб асудзіць па новых крымінальных справах. Так, двойчы былі асуджаныя палітзняволеныя Андрэй Паднябенны, Арцём Анішчук, Аляксандр Цялега, Уладзіслаў Плюшчаў, Уладзіслаў Савін, Аляксандр Казакевіч і іншыя.

Прызнанне "экстрэмісцкімі фармаваннямі" задняй датай

У 2022 годзе стала звычайнай практыкай МУС прызнанне інфармацыйных рэсурсаў "экстрэмісцкімі фармаваннямі" пасля затрымання іх стваральнікаў ці ўдзельнікаў.

Юрыст Праваабарончага цэнтра"Вясна" Павел Сапелка трапна адзначыў:

"Прыцягненне да адказнасці за сам па сабе факт уваходжання ў "экстрэмісцкае фармаванне" занадта часта становіцца адзінай падставай прыцягнення да крымінальнай адказнасці. То бок калі няма за што "пасадзіць" любога чалавека, то можна выбраць з наяўных або стварыць для яго "экстрэмісцкае фармаванне": падпісчыкаў Telegram-канала, аўтараў і чытачоў сайта, прыхільнікаў палітычнай фігуры і так далей".

Так, праз два тыдні пасля затрымання пяці мінчукоў за вывешванне на шматпавярховіку нацыянальных сцягоў Украіны і Беларусі – 3 кастрычніка – МУС прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" канал у дадатку Zello "Xinkalik" з указаннем шасці прозвішчаў яго удзельнікаў і ўдзельніц. Канал у Zello выкарыстоўваўся як сродак сувязі паміж мінчукамі падчас гэтай акцыі. Упершыню ў Беларусі "экстрэмісцкім фармаваннем" прызналі суполку з дадатку Zello. І ўпершыню пры прызнанні "фармавання"пазначаныя канкрэтныя прозвішчы ўдзельнікаў і удзельніц. Гэта палітзняволеныя Дзяніс ВарозаўВячаслаў ПанцюшэнкаВольга ЦерахУладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая. Цяпер афіцыйна забаронена карыстацца каналам "Xinkalik" у Zello.

24 лістапада "экстрэмісцкім фармаваннем" быў прызнаны лакальны тэлеграм-канал "ГОБК". Жыхара Брэста Дзмітрыя Сцяпанава, якога будуць судзіць за стварэнне гэтага канала, затрымалі напрыканцы кастрычніка. Паводле абвінавачванняў, Дзмітрый як адміністратар чату нібыта "схіляў да экстрэмісцкай дзейнасці" ўдзельнікаў суполкі, "дапускаў", каб іншыя абражалі прадстаўнікоў улады, не перашкаджаў змяшчэнню ў чаце "экстрэмісцкіх матэрыялаў".

9 снежня МУС прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" сетку тэлеграм-каналаў "Веснікі". Сілавікі паведамілі пра затрыманне меркаванага рэдактара і аўтара артыкулаў для сеткі газет "Веснікі" Андрэя Фаміна яшчэ ў кастрычніку.

Праваабаронцам у лістападзе стала вядома пра затрыманне жыхароў Чыжоўкі, але тэлеграм-каналы і чаты "Чижовка Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле)" і "Чижовка перемен Семь Чижей" былі прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі" толькі напачатку снежня.

Затрыманні за інтэрв'ю 

Ягор Лебядок
Ягор Лебядок

У 2022 годзе ўпершыню затрымалі людзей за інтэрв'ю незалежным СМІ, якія ў Беларусі прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Іх дзеянні кваліфікуюцца паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Гэта ваенны аналітык Ягор Лебядок. Яго затрымалі 13 ліпеня 2022 года і асудзілі праз пяць месяцаў да пяці гадоў калоніі за інтэрв'ю "Еўрарадыё". Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок у красавіку і траўні 2022 года «ў мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыя якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі».

18 кастрычніка за інтэрв'ю "Белсату" была затрыманая жонка палітвязня Ігара Лосіка Дар'я. Яе справу паводле арт. 361-4 КК перадалі ў суд.

Прастрэленыя калені "рэйкавых партызанаў" і раненыя сабакі пры затрыманні гаспадароў

Самым гучным выпадкам выкарыстання зброі сілавікамі ў 2022 годзе — затрыманне рэйкавых партызанаў. У ноч на 30 сакавіка пры сілавой падтрымцы САХРа былі затрыманыя трое "рэйкавых партызанаў" з Бабруйску. МУС тады паведаміла, што "падчас затрымання мужчыны аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі ўцячы". Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне. Дзмітрый Клімаў быў паранены. Іншым аказана меддапамога на месцы. 

Каленныя суставы таксама тады прастрэлілі  Віталю Мельніку (на фота). 22 снежня яму прысудзілі 16 гадоў калоніі. Віталь да гэтага часу ў СІЗА перасоўваецца на мыліцах.

У ліпені ў Іванаве сілавікі зладзілі рэйд на мясцовых "экстрэмістаў". Пры затрыманні сілавікі стрэлілі ў сабаку настаўніцы Алены Пуцыковіч. Ён быў цяжка паранены — яго завезлі ў ветэрынарную лякарню, дзе медыкам удалося выратаваць хатняга гадаванца.

У верасні адбыўся рэйд на інкасатараў, падчас якога сілавікі таксама падстрэлілі сабаку. Вось, што распавяла жонка інкасатара "Белгазпрамбанка" Яна Папковіча. Паводле словаў Анастасіі, яны нават не паспелі апрануцца пасля сну, як у пакой уварваліся два сілавікі ў поўнай экіпіроўцы з аўтаматамі, і чатыры чалавекі ў чорнай форме. Акрамя Анастасіі і Яна ў пакоі начаваў іх пітбуль, які пачаў брахаць на незнаёмых людзей. Адзін з сілавікоў, па сцвярджэнні дзяўчыны, стрэліў у сабаку з аўтамата. 

Сабака Яна Папковіча пасля здарэння. Фота: асабісты архіў
Сабака Яна Папковіча пасля здарэння. Фота: асабісты архіў

"Ён не нападае, ён проста спалохаўся і пачаў гаўкаць. І яны страляюць у сабаку. У мяне муж забірае сабаку, каб ён не пабег на іх, і кладзецца на яе. Сілавікі страляюць ўжо другі раз, у мужа. Я пачула, як ён крычыць: «Не, не, не страляйце. Я зараз прыбяру сабаку». Я паглядзела, што ў сабаку яны пацэлілі".

Пра допыт з пісталетамі ў лесе вясной распавядаў айцішнік Аляксей Кавалеўскі:

"Мы толькі ад'язджаем ад Гродна — нас адразу максімальна жорстка прымае КДБ. Машыну толькі спыняе ДАІ, кіроўца не паспеў зацягнуць ручнік, ужо адчыняюцца дзверы — мне прылятае ўдар па сківіцы і людзі стаяць тыкаюць пісталетамі. Адразу — "мордай у падлогу" і куча ўдараў, якія ўжо не злічыць. Потым нас з кіроўцам вязуць у багажніку ў лес, там дастаюць і збіваюць, у тым ліку б'юць электрашокерам. У лесе праводзяць допыт з пісталетамі. Супрацоўнікі былі ў цывільным.

Як выявілася, у маёй групе мусілі перасякаць мяжу "рэйкавыя партызаны" з Бабруйска. Іх затрымалі задоўга да гэтага, а наша затрыманне было інсцэніроўкай. Людзі з нашай машыны, якія нібы меліся з намі перабягаць мяжу, былі падстаўныя супрацоўнікі. Я гэта зразумеў адразу. Калі нас затрымлівалі, то гэтыя трымалі мяне за рукі ў самой машыне. Вось у мяне "паплечнікі" — трымаюць, калі мяне затрымліваюць! Усё тупа, па-ідыёцку і непрафесійна. Потым яны разыгрывалі сцэнку з прастрэленымі каленамі. Крычалі, што і нам прастрэляць таксама. Білі так, каб як быццам знепрытомнеў, але мяне ж дапытваюць — максімальна дзіўна гэта было. Уся гэтая спецаперацыя была, каб злавіць чалавека, які дапамагае з пераходам мяжы".


Праваабаронцы працягваюць збор і дакументаванне фактаў катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org. Распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны" — @spring96info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства