viasna on patreon

"Гэта былі кароткія ўдары токам", — мінчанка распавяла пра допыт у ГУБАЗіКу электрашокерам, вярбоўку і амаль месяц на Акрэсціна

2022 2022-07-25T17:03:24+0300 2022-07-31T13:27:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pesnja_belarus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі жыхарку Мінска сёлета ў красавіку. Яе дапытвалі электрашокерам і адправілі на "суткі". Дзяўчыну два разы перазатрымлівалі — агулам на Акрэсціна яна правяла 27 сутак у тым адзенні, якое ёй дазволілі надзець дома, без душа, сродкаў гігіены і прагулак. Мінчанка выйшла на волю пад умовай супрацоўніцтва з сілавікамі — супрацоўнікі ГУБАЗіКа спрабавалі яе завербаваць і даць заданне. Дзяўчыне давялося пакінуць Беларусь. Яна распавяла "Вясне" пра электраметкі ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, пра ўмовы ў чатырох камерах на Акрэсціна, сукамерніц-сваячак нядаўна загінулага ва Украіне Васіля Парфянкова, "падсадную качку" ў камеры і вярбоўку сілавікамі.

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Песня пра Беларусь"
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Песня пра Беларусь"

"Кропкі ад электрашокера — іх было штук шэсць — трымаліся каля дзесяці сутак"

Як распавядае мінчанка, затрымлівалі яе супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Гэта адбывалася проста на працы дзяўчыны ў офісе, таму яна не адразу зразумела, што адбываецца, тым больш што супрацоўнікі былі без апазнавальных знакаў:

"Калі мяне забіралі, я не разумела, куды я паеду. Спачатку павезлі на допыт, а потым на вобшук дадому, я толькі дома зразумела, дзе буду спаць наступныя 15 сутак, таму там я спрабавала на сябе нацягнуць некалькі майткоў і маек, але за мной пільна назіраў адзін з супрацоўнікаў і сказаў, што гэта я ўзяць з сабой не змагу. Мне прыйшлося зняць дадатковы камплект адзення. Я разлічвала, што там будзе халодна, таму я надзела тэрмабялізну, байку флісавую і шарсцяныя шкарпэткі. Потым я заходжу ў камеру, а там спякота, дзяўчынкі ў станіках, і я зразумела, што я не трапіла з сезонам. Таму я хадзіла там у спартовым топе. Штаны на момант выхаду з мяне можна было здымаць, не расшпільваючы".

Дзяўчына ўспамінае, што на некаторых дзвярах у ГУБАЗіКу віселі Z-кі. За аднымі з такіх мінчанку катавалі электрашокерам:

"У мяне эмацыйная рэакцыя на стрэс — заміранне, а яны вырашылі, што я з імі не хачу кантактаваць. У нейкі момант мне сказалі павярнуцца тварам да спінкі крэсла, сесці на яго як бы верхам. Мне прыпаднялі джынсы, агалілі ногі і стукнулі токам. Я сядзела спінай, таму не бачыла канкрэтна, хто гэта робіць, але здагадваюся. Было балюча, што яшчэ сказаць. Гэта былі кароткія ўдары токам, якія выклікалі сутаргі, ад іх адымаліся ногі. Я дакладна не магла б устаць пасля такога. Але на вобшук дадому мяне павезлі толькі праз тры гадзіны дзесьці, таму ў мяне быў час адысці. Кропкі ад электрашокера — іх было штук шэсць — трымаліся каля дзесяці сутак. Ну затое не білі! Мне сказалі, што я павінна "дзякуй" сказаць за гэта. Я разумела, што хаця б праз меткі я паеду на Акрэсціна. Не могуць яны мяне выпусціць з гэтым".

"На дакументах, якія едуць у суд, ужо аловачкам напісана, колькі каму прысудзіць" 

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Акресціна: з успамінаў сведак"
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Акрэсціна: з успамінаў сведак"

Сапраўды, пасля гэтага мінчанку павезлі ў РУУС, дзе на яе склалі пратакол аб хуліганстве (арт. 19.1 КаАП). Згодна з версіяй сілавікоў, дзяўчына лаялася мацюкамі ў кабінеце ў РУУС:

"Супрацоўнік у РУУС параіў прызнаць віну. Кажа: "Я б на вашым месцы паспрабаваў бы прызнаць віну, а раптам атрымаецца выбіць штраф". Я паспадзявалася. Гэта быў, канечне, вельмі цікавы працэс. Я прызнала віну, аргументуючы гэта тым, што ў мяне ПМС і я ўзарвалася ў эмацыйным парыве праз тое, што мне не давалі патэлефанаваць, і я дазволіла сабе нецэнзурныя выразы.

Наступным разам [дзяўчыну перазатрымалі пасля выхаду з першых "сутак"] я вырашыла не прызнаваць віну, калі гэта не спрацавала ў першы раз. Розніца — толькі трое сутак арышту. Сэнсу не было прызнаваць віну. Мне толькі потым расказалі, што правілы дыктуе РУУС: на дакументах, якія едуць у суд, ужо аловачкам напісана, колькі каму прысудзіць".

"Умовы? Умовы — капец!"

Паводле дзяўчыны, за 27 сутак на Акрэсціна яна пабывала ў чатырох камерах — дзве ў ІЧУ і дзве ў ЦІПе:

"Першая камера была ў ІЧУ — № 1. Мяне туды змясцілі каля шостай раніцы, каб я чакала суд. Гэта камера, у якой усе часова знаходзіліся ў чаканні суда, усе былі адміністратыўшчыкі. Я так зразумела, яна для гэтага і выкарыстоўваецца. Умовы? Умовы — капец! Там драўляныя паліцы, брудная падлога, лаўка і стол, тумбачка, увесь час капае кран. У двухмеснай камеры нас было чатыры чалавекі. Мы ўсе былі пасля ночы ў РУУС, чакалі суду, вельмі хацелася спаць, але спаць нам ніхто не даваў — білі ў дзверы і загадвалі не ляжаць і не спаць. Ежа нейкая ніштаватая была. Сяброўка нашай сукамерніцы называла акрэсцінскую кухню карнай кулінарыяй — выдатны выраз. З хлеба былі зроблены шахматы, а на лаўцы была выразана шахматная дошка, таму нам было чым заняцца. Але праз тое, што ўсе ў шоку знаходзіліся, ноч правялі ў РУУС не спаўшы, асабліва не да гульняў было".

"Адзінае, што мне дазволіў узяць з сабой, — два пачкі гігіенічных пракладак"

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Акрэсціна: з успамінаў сведкаў"
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Акрэсціна: з успамінаў сведкаў"

Мінчанка таксама ўтрымоўвалася ў чаканні другога суда ў камеры № 6 ІЧУ, дзе знаходзіліся "палітычныя" затрыманыя паводле крымінальных спраў. Там чакаюць заканчэння дзесяці сутак да выстаўлення абвінавачвання. Як кажа дзяўчына, максімальная колькасць людзей у камеры № 6 была 12 чалавек..

"Галоўным чынам, гэта былі дзяўчыны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса — за "перакрыццё дарог" на акцыях пратэсту. Ва ўсіх адна гісторыя — фота з маршаў, дзе дзяўчынкі на праезнай частцы. За акцыі сядзяць сем'ямі, выяўляюць ланцужкамі: арыштоўваюць аднаго, а ў тэлефоне знаходзяць па здымках іхных знаёмых.

У камерах, дзе ўтрымоўваюцца "палітычныя", заўсёды добрая атмасфера: ты сярод сваіх, ты разумееш, што ты не адзін і вакол цябе адбываецца бязглуздзіца. У "палітычных" камерах псіхалагічна было лягчэй: усе ў адной лодцы — выграбаем. Праз тое, што ўсе адна адну маральна падтрымліваюць, не асабліва зважаеш на побытавыя пытанні. Добра, што была вада — можна было піць, і была гарачая вада і бутэлька — можна было мыцца. Што да сродкаў гігіены, то як каму пашанцуе тут. У кагосьці атрымлівалася праносіць сродкі гігіены, а ў кагосьці — не. Мне не далі ўзяць з дома зубную шчотку, пасту, шампунь і да т. п., таму што чалавек, які заставаўся са мной падчас ператрусу, вельмі кантраляваў, як я збіралася. Адзінае, што дазволіў узяць з сабой, — два пачкі гігіенічных пракладак. Я горда з гэтымі двума пачкамі выходзіла на ўсе абыходы і праверкі, таму што ўсё каштоўнае, што не павінны забраць падчас "шмону", ты павінна забраць з сабой. Гэта, канечне, зневажальна ўсё.

Я месяц чысціла зубы ватай і тоўчаным вуглём, які мы ўзялі ў лекараў. Але потым нам перасталі даваць вату, якую давалі замест пракладак. Але затое пачалі даваць пракладкі, як і належыць. Праўда, выдавалі адну пракладку на суткі — ну гэта такое".

"Напэўна, S.Oliver рабіў кеды адмыслова для Беларусі — адразу без шнуркоў"

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Акресціна: з успамінаў сведкаў"
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Акрэсціна: з успамінаў сведкаў"

Дзяўчына нагадвае, што ў кожнай камеры ў ЦІП і ІЧУ, дзе яна ўтрымлівалася, была ўсталяваная відэакамера:

"Вось такое ў іх рэаліці-шоў".

"У "палітычных" камерах у ЦІП і ІЧУ па-ранейшаму не даюць спаць: святло ніколі не выключаюць і будзяць а 2-й і 4-й ночы. Гэта катаванне сном. Самае жорсткае — гэта тое, што ў камеры вельмі шмат людзей. Але яны гэта робяць свядома — адмыслова напіхваюць людзей. У ІЧУ было больш брудна, бо там увесь час цякучка, таму там камеру асабліва ніхто не даглядае.

Дзяўчынкі ў ІЧУ чамусьці асабліва любілі спаць на шконках, хоць там жывуць кляшчы, таму яны былі пакусаныя. Я не захацела спаць з насякомымі, таму я сабе вымыла падлогу — невялікую дзялянку — і спала там. Потым да мяне далучыліся яшчэ дзве такія ж "карусельшчыцы" (каго пераарыштоўвалі на другі тэрмін). Дзяўчынкі пазналі мяне па маіх кедах без шнуркоў каля камеры. За год да арышту я ў сацсетках жартавала, што, напэўна, S.Oliver рабіў кеды адмыслова для Беларусі — адразу без шнуркоў. Я як у ваду глядзела. У гэтых кедах я і прайшла амаль месяц арышту і нашу іх дагэтуль, выдатныя кеды, не палічыце за рэкламу".

"У камеры № 15 мы спалі тэтрысам"

Асноўныя "суткі" дзяўчыну трымалі ў ЦІП, дзе яна таксама пабывала ў дзвюх камерах:

"Мяне адразу змясцілі ў знакамітую "палітычную" камеру № 15. Гэта двухмесная камера з двухпавярховым ложкам з кратамі з металічных пласцін без матрацаў. Там бывала да 18 чалавек нас — з іх пяць бамжых — жанчын з жудасным пахам. У гэтай маленькай прасторы не было чым дыхаць. Як высветлілася потым, у адной з бамжых яшчэ былі вошы, таму з гэтай камеры я ўжо выйшла з вошамі.

У камеры № 15 мы спалі тэтрысам. У момант, калі нас было 17, мы неяк знайшлі спосаб размясціцца на прыкладна 9 кв. м., але калі завялі 18-ю дзяўчынку, мы зразумелі, што яе фізічна няма куды пакласці — проста няма куды яблыку ўпасці. Спалі на падлозе, на стале, на лаўцы і пад ёй. Такі тэтрыс людзьмі. Я залезла на стол і паглядзела зверху — і так вызвалілі лапік зямлі каля тумбачкі. У выніку 18-ы чалавек у нас спаў седзячы.

Нам не выдавалі мыла і туалетную паперу, аргументуючы гэта тым, што на ўсім Акрэсціна няма іх. На гэта мы казалі, каб папрасілі ў сваякоў, якія стаяць пад сценамі, і тыя заваляць мылам і паперай. Прыміце перадачы! "Не, нам нельга, нам не дазволена".

"Было вельмі дзіўна чуць пытанне ад чалавека, які кажа, што ён тут "па палітыцы", хто такі ГУБАЗІК"

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Акресціна: з успамінаў сведкаў"
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч ""Я не магу пачуць усіх"

"Мяне ў першую ноч паклалі спаць на невялікі стол. Пад галаву я паклала сабе кеды. Але ўначы мяне паднялі і перавялі ў іншую камеру на паверх ніжэй. Там я ўбачыла, як павінны ўтрымоўвацца арыштанты: гэта была камера з пасцельнай бялізнай і матрацамі, тут дазволены кнігі, часопісы, асадкі, кантэйнеры для ежы. Я была пятай у чатырохмясцовай камеры. Некалькі дзён я спала на падлозе, але мне далі лішнюю коўдру, так што адносна камфортна. У мяне ёсць падазрон, чаму мяне туды змясцілі: у камеры ўтрымоўваліся тры "палітычныя", яшчэ адна — за дробныя крадзяжы, а адна — арышт за дэбош, здаецца. І вось яна, як называюць такіх людзей, хутчэй за ўсё, была "качкай", якая даносіла на людзей. Яна сама выводзіла на размовы пра затрыманне, пра прычыны арышту, пра дзейнасць актывістаў агулам. Гэтая жанчына казала, што яна наогул "звычайна не па палітыцы сядзіць", але вось цяпер першы раз патрапіла па палітыцы. То бок яна спрабавала ўсімі спосабамі пранікнуць у нашы шэрагі. Але мне было вельмі дзіўна чуць пытанне ад чалавека, які кажа, што ён тут "па палітыцы", хто такі ГУБАЗіК. Сур'ёзна?

Калі мяне адтуль вярталі назад у камеру № 15, то мы з дзяўчынкамі з гэтай "блатной" камеры перлі ўсё, што можна: часопісы, асадкі, кніжку Ясеніна, рэшткі мыла ў кантэйнеры, шампунь, навалачку. Зразумела, што не ўсё атрымалася пранесці, але ўсё ж. Гэта было перад Вялікднем, таму я вярнулася ў камеру як велікодны трус з дарамі. Дзяўчынкі ўзрадаваліся, што можна будзе памыць галаву шампунем, таму што яны мылі галаву настойкай вады на хлебе ў бутэльцы. Я такое не спрабавала, але дзяўчынкі кажуць, што гэта не дапамагае, але ствараецца ілюзія таго, што ты штосьці робіш з валасамі. Нейкі час атрымлівалася ўсё хаваць, але потым у нас усё пазабіралі падчас праверкі камеры.

У камеры мы рабілі зарадку. Мы ўвесь час ваявалі, каб нам адчынілі кармушку і пусцілі трохі свежага паветра, таму што было вельмі душна, дзяўчынкі сядзелі ў станіках, абліваліся потам. Камусьці рабілася блага — складана было дакрычацца да медперсанала".

"Як гэта я 12-я ў двухмеснай камеры?!"

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Акресціна: з успамінаў сведкаў"
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Акрэсціна: з успамінаў сведкаў"

Стаўленне супрацоўнікаў ЦІП і ІЧУ дзяўчына апісвае як хамскае і непаважлівае:

"Іх звароты зводзіліся да ўсяго спектру аднакарэнных слоў да мацерных словаў, што абазначаюць геніталіі".

"Палітычных не называюць палітычнымі. Яны называюць нас кантрольнымі. У нас на ўсіх дакументах стаіць літара "К", што значыць "палітычны". Вельмі цікава было назіраць, калі памылкова людзям ставілі "К" і ён трапляў да нас у камеру з такімі ўмовамі ўтрымання. Дзяўчынка, якая так патрапіла, была вельмі здзіўленая: "У сэнсе? Як гэта? Гэта ж двухмесная камера. Як гэта я 12-я ў двухмеснай камеры?!" У людзей ламаліся шаблоны. Такія людзі, якія бывалі тут раней, але цяпер выпадкова патрапілі да палітычных у камеру, вельмі дзівіліся, што няма прагулак і душа", — адзначае дзяўчына.

"Можна я апушчу акно і скажу ім, каб мяне не чакалі і ішлі дадому?"

Мінчанка распавядае, што за амаль месяц пад арыштам яна толькі адзін раз заплакала — намагалася трымацца гумарам. Але калі яе перазатрымалі і правезлі на машыне міма бацькоў і не дазволілі сказаць, каб тыя яе не чакалі, дзяўчына не змагла стрымаць слёз:

"Мы намагаліся жартаваць больш, таму што без гумару нічога не вывезеш. У мяне там была напарніца па жартачках — мы на дваіх раскідвалі, каб падтрымліваць неяк баявы дух. Таму што дзяўчынкі, хто маральна слабейшыя, ім вельмі складана. З намі была дзяўчынка, якая апынулася проста не ў той час не ў тым месцы, таму яе на тры тэрміны пусцілі. Яна рыдала ўвесь гэты час — такі эмацыйны тып чалавека. А ў камеры адбывалася ланцуговая рэакцыя: адна пачынае рыдаць, а ўсе астатнія мімаволі падхапляюць, калі не пераключаць.

Мяне на слязу прабіла толькі адзін раз, калі мяне перазатрымалі і везлі на машыне міма родных і сяброў. Я бачу, што мае бацькі яшчэ не сышлі, яны мяне шукаюць, б'юцца ў тыя дзверы, каб дазнацца, дзе я і чаму не выходжу. А я тым часам сяджу ў машыне, у якой мяне скаталі ў РУУС і назад, сяджу перад брамай Акрэсціна і кажу: "Можна я апушчу акно і скажу ім, каб мяне не чакалі і ішлі дадому?" Не дазволілі".

"Мама Васіля [Парфянкова] казала, што гатовая адседзець, але за справу, а не за гэта…"

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Песня пра Беларусь"
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Песня пра Беларусь"

Мінчанка з цяжарам прыгадвае гісторыі некаторых сваіх сукамерніц. Вось адна з іх:

"За кожным чалавекам, які патрапіў на Акрэсціна, стаіць цэлая гісторыя. Распавяду гісторыю дзвюх жанчын, якія са мной прайшлі першы тэрмін. Гэта мама і сястра каліноўца Васіля Парфянкова, які нядаўна загінуў ва Украіне. Суд над імі праходзіў вельмі цяжка — мы чулі, як іх судзілі праз скайп. Па іх прыехалі шэсць ці восем чалавек у поўным абмундзіраванні, правялі вобшук. Іх абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і ў тым, што яны нібы напалі на тых, хто іх затрымоўваў. Там жанчыны досыць крохкага целаскладу, маці Васіля ў шаноўным узросце, ёй, здаецца, 67 гадоў, як яны маглі напасці? На судзе яны плакалі і казалі, каб яны не шылі ім тое, чаго не было насамрэч. Мама Васіля казала, што гатовая адседзець, але за справу, а не за гэта… Да іх стабільна прыходзілі з вобшукамі, як я зразумела, кожныя паўгода. У нас ва ўсіх ком у горле быў. Было складана слухаць гэты суд, вельмі складана".

"Даюць заданні, і ты іх павінен выконваць", — пра вярбоўку

Мінчанка выйшла на волю пад умовай супрацоўніцтва з губазаўцамі. Адпаведныя дакументы яна падпісала проста ў ЦІП за кратамі:

"Мяне запісалі на відэакамеру, дзе папрасілі ў вольнай форме ўсё распавесці, але пры гэтым я была за кратамі. Гэта, канечне, быў вельмі "нязмушаны" маналог. Які ціск — месяц на Акрэсціна", — іранізуе дзяўчына.

"Наогул "працаваць" па табе пачынаюць з першага допыту: накідваюць усе тэмы і глядзяць на тваю рэакцыю. За гэтыя два гады яны паднабраліся досведу ў допытах. Напэўна, я дзесьці дапусціла эмоцыю на адно з пытанняў, таму пачалі больш канкрэтна размаўляць. Калі ты не адказваеш на пытанні, то адпраўляюць "падумаць" на Акрэсціна.

Даюць падпісаць дакументы пра добраахвотнае супрацоўніцтва, дзе сказана, што я абавязваюся паведамляць любую важную інфармацыю. Потым даюць заданні, і ты іх павінен выконваць. Напрыклад, хадзіць на сустрэчы з патрэбнымі людзьмі з дыктафонам".

Дзяўчына выйшла з першым заданнем і з псеўданімам, але, не выканаўшы яго, пакінула Беларусь. Цяпер яна знаходзіцца ў бяспецы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства