viasna on patreon

Распачаўся першы ў Беларусі завочны суд — па справе адміністратараў "Чорнай кнігі Беларусі"

2022 2022-12-12T10:52:37+0300 2022-12-12T11:16:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chornaja_kniha_belarusi.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 12 снежня распачаўся першы завочны суд у рамках "спецыяльнай вытворчасці". Гэта справа "Чорнай кнігі Беларусі", па якой праходзяць пяць чалавек, якія знаходзяцца за мяжой, — Яніна Сазановіч, Дзмітрый Навоша, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая. Іх абвінавачваюць за адміністраванне Telegram-канала "Чорная кніга Беларусі" па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 3 арт. 203-1 (незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных дадзеных). КДБ унёс фігурантаў у "тэрарыстычны спіс". Справу разглядае суддзя Наталля Бугук, якой адна з абвінавачаных заявіла адвод.

chornaja_kniha_belarusi.jpeg
Працэс па справе адміністратараў "Чорнай кнігі Беларусі" 12 снежня 2022 года

Судзяць 28-гадовую Яніну Сазановіч, 25-гадовага Данііла Багдановіча, 23-гадовую Вольгу Высоцкую, 21-гадовую Валерыю Занемонскую, а таксама 44-гадовага грамадскага дзеяча і журналіста, сузаснавальніка Sports.ru, выхадца з Беларусі Дзмітрыя Навошу. Усе фігуранты справы знаходзяцца за мяжой. Абвінавачаных прасілі з'явіцца да 10.00 12 снежня ў Мінскі гарадскі суд, пры сабе мець дакумент, які сведчыць асобу. Вольга Высоцкая паспрабавала ўдзельнічаць у судзе па скайпе, але суддзя ёй адмовіла і прапанавала прысутнічаць на пасяджэнні фізічна.

Следчы камітэт пачаў працэс спецыяльнай вытворчасці па гэтай справе ў канцы верасня, а ўжо 10 кастрычніка справу перадалі пракурору для накіравання ў суд. Адвакаты па справе прызначаныя пастановамі следчых. У крымінальнай справе 45 тамоў.

У пачатку судовага пасяджэння стала вядома, што Занемонская заявіла суду адвод. Судовая калегія Мінскага гарадскога суда, разгледзеўшы заяўленае хадайніцтва, адмовіла абвінавачанай. Абвінавачаная ў сваім хадайніцтве заявіла, што раней звярталася ў суд і прасіла дазволіць ёй удзельнічаць у пасяджэнні з дапамогай відэасувязі, у чым ёй было адмоўлена.

Згодна з версіяй абвінавачвання, абвінавачаныя і іншыя асобы не пазней за жнівень 2020 года "аб'ядналіся ў злачынную групу, у складзе якой стварылі і адміністравалі Telegram-канал "Чорная кніга Беларусі" і іншыя аналагічныя рэсурсы". Як адзначылі раней у Генпракуратуры, сярод асноўных мэтаў іх дзейнасці — дыскрэдытацыя ўлады і праваахоўных органаў, распальванне сацыяльнай варожасці, варожасці і нянавісці ў адносінах да сілавога блоку і дзяржслужачым, а таксама іншым асобам, якія выступаюць за захаванне правапарадку і дзеючага канстытуцыйнага ладу ў краіне, распаўсюджванне паклёпніцкіх звестак пра іх, падбухторванне да злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці.

"Злачынная група незаконна сабрала і размясціла ў адкрытым доступе інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальныя дадзеныя сотняў грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці. Сярод іх — супрацоўнікі органаў унутраных справаў, работнікі пракуратуры, суддзі, журналісты. Пасля публікацый у дачыненні да некаторых з іх былі здзейсненыя злачынствы, уключаючы знішчэнне і пашкоджанне маёмасці, пагрозы гвалтам", — гаворыцца ў абвінавачванні.


Нагадаем, беларусаў цяпер можна судзіць завочна па 48 "экстрэмісцкіх" крымінальных артыкулах. Закон дае магчымасць не толькі судзіць завочна, але і канфіскоўваць маёмасць беларусаў, якія пакінулі краіну. Наступны завочны суд пачнецца 19 снежня. Гэта будзе справа супраць Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства