viasna on patreon

У Гомелі аднавіўся суд над кампаніяй сяброў за стварэнне чату і падтрымку Украіны

2024 2024-02-06T12:18:23+0300 2024-03-01T09:12:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kamenau-papkou.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Папкоў, Ігар Чарнавусаў, Уладзімір Каменнаў

Дзмітрый Папкоў, Ігар Чарнавусаў, Уладзімір Каменнаў

У Гомельскім абласным судзе 6 лютага аднавіўся судовы працэс над трыма жыхарамі абласнога цэнтра, якіх абвінавачваюць адразу па некалькіх "палітычных" артыкулах: "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і 2 арт. 361- 4 КК), "Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім" (арт. 361-1 ч. 1), а таксама абраза Лукашэнкі (арт. 368 ч. 1).

Працэс пачаўся яшчэ 10 студзеня і праходзіць у закрытым рэжыме, таму сутнасць абвінавачвання невядомая. Згодна з раскладам суда, справу разглядае суддзя Алег Харошка.

Абвінавачаныя – Дзмітрый Папкоў, Ігар Чарнавусаў, Уладзімір Каменнаў – ужо амаль год знаходзяцца ў зняволенні: столькі доўжылася следства. Іх і яшчэ аднаго гамельчука жорстка затрымалі ў сакавіку 2023 года. Тады сілавікі зрабілі справаздачу аб раскрыцці «злачыннай групы», якая «збіралася ў гаражным кааператыве», якую назвалі «спячай ячэйкай экстрэмістаў».

На міліцэйскім відэа было паказана, як група сілавікоў у поўным абмундзіраванні ўваходзіць у будынак і кладзе тварам у падлогу аднаго з мужчын. У доказ іх «віны» паказалі бел-чырвона-белы сцяг, намаляваны на сцяне гаража, нанесены фарбай на цэглу герб «Пагоня» і партрэт Чэ Гевары, піша "Флагшток".

Сяброў прымусілі запісаць «пакаяннае відэа» і сказаць пра тое, што яны стварылі чат, дзе перапісваліся паміж сабой, а пасля ўварвання РФ ва Украіну нібыта некалькі разоў у перапісках абразілі Лукашэнку, таксама пісалі «няправільныя» каментары.

Яшчэ адно абвінавачванне – хлопцы «мелі знешнія сувязі» з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць за Украіну. Мяркуючы з усяго, менавіта гэта стала падставай для распачынання крымінальнай справы паводле артыкула «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Судзяць траіх хлопцаў, лёс чацвёртага невядомы. Усе яны родам з Гомеля і, мяркуючы па пастам у сацсетках, даўно сябравалі, разам удзельнічалі ў міжнароднай гульні ў Beer Pong У Гомелі. Цяпер ім пагражае шматгадовае зняволенне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства