"Праваабаронца — не злачынца": год за кратамі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзь Лабковіч
14 ліпеня — роўна год, як старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі брутальна cхопленыя беларускімі ўладамі і кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць, легальную дапамогу грамадзянам і імкненне да дэмакратыі ў краіне.
Што вядома пра справу?
Асноўная прэтэнзія дзяржавы да праваабаронцаў — тое, што яны не зарэгістравалі Праваабарончы цэнтр "Вясна". З гэтага ўлады зрабілі выснову, што вясноўцы ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам і выканання яго абавязкаў, а значыць "здзейснілі ўхіленне ад выплаты сум падаходнага падатку, якія падлягаюць падліку, утрыманню ў падаткаплацельшчыка і пералічэнню ў бюджэт падатковым агентам, шляхам утойвання падатковай базы за перыяд з 2013 па 2020 год у агульнай суме не менш за 113 428 рублёў, што складае 3911 базавых велічыняў і пацягнула прычыненне шкоды дзяржаве ў буйным памеры".
"Ухіліліся ад прызнання «Вясны» падатковым агентам": за што чатыры месяцы ўтрымліваюць за кратамі трох вясноўцаў
Следства працягваецца ўвесь гэты год, а меры стрымання пад вартай для Алеся, Валянціна і Уладзя падаўжаецца кожныя 1-2 месяца. На допыты былі выкліканыя родныя затрыманых, дзеючыя і былыя сябры арганізацыі, валанцёры, актывісты і простыя грамадзяне, якія раней звярталіся ў “Вясну” па дапамогу.
З адвакатаў праваабаронцаў, а таксама шматлікіх сведкаў былі ўзятыя падпіскі аб неразгалошванні, таму справа пакрытая таямніцай. На якой стадыі цяпер знаходзіцца следства і якія следчыя дзеянні вядуцца — дакладна невядома. Самі вясноўцы асабліва не пішуць у лістах пра рух справы, ды і ліставанне з імі значна пагоршылася з пачаткам вайны ва Украіне.
Аднак у нядаўнім лісце на волю Валянцін Стэфановіч падзяліўся:
“У мяне асабліва навінаў няма. Ніякіх зрухаў па справе і калі яе ўжо закрыюць і пачнуць знаёміць са справай, невядома. 14-га будзе роўна год, як я за кратамі. Такі своеасаблівы сумны юбілей”.
Як прайшоў год за кратамі?
Адзначым найбольш знакавыя моманты і падзеі, якія адбыліся цягам гэтага года з Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзем Лабковічам.
14 ліпеня 2021
Чарговы разгром грамадзянскай супольнасці. З раніцы сілавікі прыходзяць з вобшукамі да праваабаронцаў “Вясны”, БХК, Lawtrend, прадстаўнікоў незалежных СМІ і грамадзянскіх актывістаў. У гэты дзень затрымліваюць 11 сябраў “Вясны”, якіх пасля ўтрымліваюць за кратамі ад 3 да 10 сутак. Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча пакідаюць пад вартай.
15 ліпеня 2021
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні палітвязнямі затрыманых сябраў «Вясны» і грамадскіх актывістаў, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.
18 ліпеня 2021
Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) правяла ў Парыжы акцыю салідарнасці з затрыманымі праваабаронцамі "Вясны" і ўсімі палітвязнямі Беларусі.
26 ліпеня 2021
161 праваабарончая арганізацыя з усяго свету патрабуюць спыніць рэпрэсіі супраць Праваабарончага цэнтра “Вясна”, вызваліць праваабаронцаў і валанцёраў.
У гэты ж дзень Праваабарончы цэнтр "Вясна" атрымаў заахвочвальную прэмію імя Марыён Дзёнхаф (Marion Dönhoff) за выдатны ўклад у падтрымку дэмакратыі і абарону грамадзянскіх правоў. Пра рашэнне журы заснавальнікі прэміі паведамілі ў панядзелак, 26 ліпеня.
"Сваёй працай "Вясна" ўносіць важны ўклад у развіццё актыўнай грамадзянскай супольнасці, выказвае незадаволенасць і падтрымлівае тых, хто змагаецца за свабоду ў сваёй краіне. Без такіх арганізацый, як "Вясна", у Беларусі не было б надзеі на ліберальнае развіццё", — сказаў старшыня журы Маціяс Нас.
28 ліпеня 2021
Еўрадэпутаты выступілі ў абарону Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча.
“Іх затрыманне — ганьба. Беларускія ўлады павінны зразумець, што немагчыма пасадзіць у турму ўсё грамадства, якое ў мінулым годзе праявіла неверагодную мужнасць і рашучасць у барацьбе за свабоду”.
10 верасня 2021
#WeStandBYou: “Хросныя” для Уладзіміра Лабковіча, Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча
17 верасня 2021
Распачынаецца міжнародная кампанія за вызваленне “вясноўцаў” — #FreeViasna.
Сотні актывістаў і спачуваючых грамадзянаў выходзіць на акцыі падтрымкі ў шматлікіх гарадах розных краінаў. Праваабаронцы з 23 арганізацый па ўсім свеце патрабуюць неадкладнага вызвалення зняволеных сябраў “Вясны”.
“Я ведаю пра кампанію ў нашу падтрымку. Я ў гэтым і не сумняваўся. Я верыў і веру ў вас, сябры, я ведаю, што вы робіце ўсё, што ў вашых сілах, у нашу падтрымку. Гэтыя намаганні рана ці позна прынясуць свой плён. Я гэта ведаю”, — піша Валянцін з-за кратаў.
Свабоду “Вясне”! Як прайшлі акцыі салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі
25 верасня 2021
Алесь Бяляцкі сустракае свой Дзень народзінаў у турме.
З Днём народзінаў, Алесь!
27 верасня 2021
Уладзімір Лабковіч перадае ўсім прывітанне. Вядома, што ён трохі прастудзіўся, але трымаецца бадзёра і добра харчуецца з атрыманых перадачаў. Таксама ў Уладзя за два месяцы за кратамі значна пагоршыўся зрок праз недахоп святла ў камеры.
6 кастрычніка 2021
Становіцца вядома, што Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу прад'яўленыя абвінавачанні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у буйным памеры.
14 кастрычніка 2021
Валянцін сустракае свой дзень народзінаў у зняволенні.
“Лісты для мяне зараз ледзь не адзіны канал камунікацыі з навакольным светам. Я зараз жыву лістамі і снамі, у якіх я сустракаюся са сваімі сябрамі, калегамі, сям'ёй, з жывымі і мёртвымі. Калі-небудзь я напішу пра гэтыя сны, сны ў падвалах Пішчалаўскага замка...”
"Роднасная душа" і "барацьбіт з беспакаранасцю". Што кажуць пра Валянціна Стэфановіча віцэ-прэзідэнты FIDH
22 кастрычніка 2021
Уладзіміру Лабковічу спаўняецца 43 гады.
"Дзень народзінаў я сустрэў цяпло. Паелі самаробны торт з гарбатай. Пісаў казку дзеткам. Былі і паштоўкі з віншаваннямі. Але, на жаль, вельмі шмат віншаванняў згубіліся. Тым прыемней кожны ліст, які прарываецца".
Акімат, дэпартацыя і вялікія джыпы ў Данецку. Як Уладзімір Лабковіч назіраў за выбарамі ў міжнародных місіях
кастрычнік 2021
Цягам кастрычніка праводзіцца конкурс ілюстрацый "Кот на Валадарцы" ў падтрымку Валянціна Стэфановіча.
"Кот на Валадарцы": Падводзім вынікі конкурса ілюстрацыі
23 лістапада 2021
Пачалася акцыя вершаў “Не толькі Бродскі” ў падтрымку заняволенага вясноўца Уладзя Лабковіча.
"Беларусы і беларускі працягваюць верыць у лепшае для нашай краіны і робяць усё магчымае для гэтага, нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Беларусі, мякка кажучы, сапраўды часта нагадвае некаторыя вершы Бродскага", — піша ў лістах на волю Уладзімір.
27 лістапада 2021
Міжнародны ПЭН заклікае вызваліць праваабаронцу і літаратара Алеся Бяляцкага.
снежань 2021
У снежні Валянцін Стэфановіч тры тыдні ляжыць з пнеўманіяй у турэмным шпіталі:
“Адно я ведаю, што мы павінныя проста рабіць сваю праваабарончую справу, рабіць, калі нават няма надзеі, няма спадзяванняў на тое, што хутка стане лепш. Як казалі нашы савецкія папярэднікі: "Рабі, што можаш, і будзь тое, што будзе".
"Я павінен трымацца, берагчы сілы і здароўе, таму што не маю права памерці тут, я абавязаны вярнуцца жывым да сваіх дзетак і сям'і".
11 снежня 2021
Валянцін віншуе сваіх калег з Міжнародным днём абароны правоў чалавека.
“Азіраючыся назад, дух захоплівае ад зробленага намі, ад нашай шматгадовай упартай працы. Працы, якая часам выглядае безнадзейнай, але гэта толькі на першы погляд можа так падацца. Таму ў наш прафесійны дзень, сябры, трымайце галовы высока паднятымі і ганарыцеся тым, што вы робіце!”
"Cпадзяемся, што Вясна надыйдзе раней за каляндарную". Як прайшоў Міжнародны дзень правоў чалавека
14 снежня 2021
Уладзь Лабковіч даслаў на волю вестачку ад 14 снежня — ліст напісаў у дзень, калі споўнілася пяць месяцаў як ён, старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі і яго намеснік Валянцін Стэфановіч утрымліваюцца за кратамі. Вось, што піша вясновец:
"Сёння пяць месяцаў роўна, як я ў вязніцы. Сумна, канешне, асабліва ад разумення, што наперадзе бясконцасць тут. Я б таксама хацеў пабачыць надзею, але тут пакуль халодна, вільготна і няма сонца. А вам трэба ісці наперад. І толькі так!"
14 студзеня 2022
Зняволеным “вясноўцам” падаўжаюць меру стрымання да 14 сакавіка. Пра гэта ў лісце піша Валянцін Стэфановіч:
“У мяне ўсё добра, наколькі гэта можа быць у турме. Асаблівых навінаў у мяне няма. Сёння хадзіў гуляць на вуліцу і глядзеў на неба, як я заўсёды раблю на прагулцы. Неба было такое блакітнае, такое яснае, нават сонейка з'явілася. Мне ўсё гэта нагадала вясну, хаця да вясны яшчэ месяц”.
28 студзеня 2022
Суд у чарговы раз не задаволіў скаргу Бяляцкага на падаўжэнне тэрміна зняволення.
2 лютага 2022
Уладзімір Лабковіч піша з-за кратаў і адзначае, што мае праблемы з ліставаннем:
“Лісты не даходзяць зусім. Іншапланецяне вырашылі, што я павінен застацца ў гэтай касмічнай бездані і цемры без лістоў. Мне пападае толькі па адным лісту ад мамы і Ніны. Вось ужо два тыдні з апошняга ліста ад іншых (з 11 студзеня). І вось мы стаім і ўзіраемся ў чорную дзірку і спрабуем дакрычацца. Але ў гэтай дзірцы знікае ўсё: мары, надзеі, час, цеплыня”.
14 сакавіка 2022
Валянцін Стэфановіч піша ліст з асуджэннем вайны ва Украіне:
“Адно можна сказаць — гэта нічым не прыкрытая агрэсія Расіі, і свет ужо не будзе такім, як быў да гэтага. Мы вяртаемся, прычым імгненна, у часы жорсткага супрацьстаяння з Захадам, як у часы СССР. З усімі наступствамі — жалезнай заслонай і гістэрычнай прапагандай, скіраванай на прамыўку мазгоў людзей”.
21 сакавіка 2022
Перад Еўрапейскім цэнтрам салідарнасці ў Гданьску пад адкрытым небам праходзіць выстава “Вольная Беларусь”. На ёй сярод іншых размешчаны фотапартрэт Алеся Бяляцкага.
26 красавіка 2022
Валянцін Стэфановіч віншуе сваіх калегаў з гадавінай заснавання "Вясны":
“Дарагія сябры!
Віншую нас усіх з нашай 26-ай гадавінай! Для нас гэта вялікі ўзрост, шмат чаго мы зведалі за гэты час, шмат выпрабаванняў прайшлі і яшчэ пройдзем! Перакананы, што мы абавязкова сустрэнемся, абдымемся і будзем крочыць гэтым шляхам разам далей!
Ваш Валянцін”
12 траўня 2022
“Вясна” ўдастоеная прэміі The Albie Awards 2022, заснаванай Фондам “Клуні за справядлівасць”, у намінацыі “Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі”.
"Праваабарончая група была голасам супраціву ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў, ведучы адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Напярэдадні і пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года група заплаціла высокую цану за сваю працу: сем членаў "Вясны" былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачваннях, абодва лідары арганізацыі знаходзяцца ў турме", — заявілі арганізатары.
21 траўня 2022
У Дзень палітвязня ў Беларусі амбасадар Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель напісаў адкрыты ліст на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
“Сёння, у абвешчаны праваабаронцамі Дзень палітвязня ў Беларусі, я бы хацеў звярнуцца, у першую чаргу, да нашых шаноўных сяброў-вясноўцаў. Алесь, Валянцін, Марфа, Уладзімір, Леанід, Таццяна, Андрэй, вы шмат гадоў прысвячаеце сябе абароне фундаментальных каштоўнасцяў чалавецтва, настойваеце на павазе свабод і правоў сваіх суграмадзян, змагаецеся за Беларусь, у якой панавала б вяршэнства права ды існавала б магчымасць адкрыта выказваць думкі, не асцерагаючыся арышту. Вы дапамагалі палітзняволеным і іх сем’ям, не зважаючы на рызыку для сябе, і на працягу доўгіх месяцаў вы самі ў статусе палітычных зняволеных, як і многія сотні вашых суайчыннікаў. Сёння і кожны дзень я, як і мноства людзей у Беларусі і ва ўсім свеце, думаю пра вас і ўсім сэрцам жадаю, каб усе палітвязні Беларусі хутка апынуліся на волі і ў бяспецы”.
Нагадаем, што за кратамі знаходзіцца яшчэ чацвёра праваабаронцаў “Вясны”: кіраўнік Гомельскага аддзялення Леанід Судаленка, які быў асуджаны на тры гады калоніі, і яго памочніца і валанцёрка Таццяна Ласіца - асуджаная на два з паловай гады. Прама цяпер у Мінскім гарадскім судзе трэці месяц запар у закрытым рэжыме судзяць каардынатарку Валанцёрскай службы “Вясны” Марфу Рабкову і валанцёра Андрэя Чапюка. За праваабарончую працу па каардынацыі назіральнікаў за выбарамі і мірнымі сходамі, а таксама дапамогу палітвязням ім пагражае да 20 і 8 год пазбаўлення волі адпаведна. |
Як можна падтрымаць праваабаронцаў “Вясны”?
14 ліпеня — ў гадавіну затрымання нашых калегаў, мы хочам нагадаць: праваабаронцы — не злачынцы!
Заклікаем вас падтрымаць “вясноўцаў” і далучыцца да простых дзеянняў салідарнасці:
- напішы ліст ці паштоўку салідарнасці
- дашлі пасылку ці бандэроль, або зрабі грашовы перавод (акрамя Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы)
- падпішы петыцыю за вызваленне праваабаронцаў
- зрабі фотаздымак у майцы ці з плакатам з выявай “вясноўцаў” і выкладзі ў сацсеткі з хэштэгам #FreeViasna
- напішы ўспаміны або цікавыя выпадкі пра нашых калегаў з хэштэгам #FreeViasna і #мойсябрапалітвязень
- “вазьмі” праваабаронцу ў падарожжа: сфатаграфуй выяву “вясноўца” на фоне прыгожага краявіду ці гістарычнага месца
- зрабі акцыю салідарнасці ці адзіночны пікет “Праваабаронца - не злачынца” ў сваім горадзе
- крэатыў і патрабуй вызвалення “вясноўцаў” незвычайным спосабам: напрыклад, намалюй “Свабоду Вясне” на мапе бегам ці велапаездкай ды інш.
Адрасы для лістоў і паштовак:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Леаніду Леанідавічу Судаленку ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 Таццяне Леанідаўне Ласіцы |
Рэквізіты для грашовых пераводаў: СІЗА-1, г. Мінск УНП: 100744291 BIC: BAPBBY2X IBAN: BY52BAPB36429197000200000000 Прызначэнне плацяжа: для асабістых патрэбаў зняволенага (імя, імя па-бацьку, прозвішча і год нараджэння) |