«Вясна» атрымала прэмію The Albie Awards 2022 ад Фонду «Клуні за справядлівасць» Відэа
Праваабарончы цэнтр «Вясна» удастоены прэміі The Albie Awards 2022, заснаванай Фондам «Клуні за справядлівасць», у намінацыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі».
«Праваабарончая група была голасам супраціву ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў, ведучы адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Напярэдадні і пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года група заплаціла высокую цану за сваю працу: сем членаў «Вясны» былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачваннях, абодва лідары арганізацыі знаходзяцца ў турме», – заявілі арганізатары.
Узнагароду таксама атрымалі:
- суддзя Албі Сакс — за дасягненні ў галіне правасуддзя на працягу ўсяго жыцця;
- Марыя Рэса — у намінацыі "Справядлівасць для журналістаў";
- iAct — у намінацыі "Справядлівасць для тых, хто выжыў";
- доктар Жазэфіна Кулеа — у намінацыі "Справядлівасць для жанчын".
Прэмія Албі, якая ўручаецца ўпершыню, названая ў гонар суддзі Албі Сакса, які вядомы сваім гераічным імкненнем пакончыць з апартэідам у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Яе мэта — прыцягнуць увагу да бясстрашных людзей, якія змагаюцца за справядлівасць, нягледзячы на вялікую асабістую рызыку.
Фонд «Клуні за справядлівасць» быў заснаваны ў канцы 2016 года Джорджам і Амаль Клуні для прасоўвання правасуддзя ў залах суда, аўдыторыях і супольнасцях па ўсім свеце.