“Не толькі Бродскі”: акцыя вершаў у падтрымку зняволенага вясноўца Уладзя Лабковіча
За кратамі на «Валадарцы» ўжо больш за чатыры месяцы ўтрымліваецца палітзняволены праваабаронца “Вясны” Уладзімір Лабковіч. У нядаўнім лісце Уладзь падзяліўся, што цяпер чытае вершы Бродскага, асабліва, “Письмо Генералу Z”, “Письмо Римскому другу”, “Сонет”.
“Днямі да мяне прарваўся першы ліст за чатыры месяцы ад Уладзя. У ім ён напісаў, што цяпер асабліва ўчытваецца і знаходзіць сябе ў вершах Іосіфа Бродскага. І сапраўды, увесь яго ліст прасякнуты атмасферай яго вершаў. Зразумела, што ў засценках “Валадаркі” ў Уладзя пануе такі настрой, але хочацца з ім падзяліцца настроямі людзей, якія яму пакуль недасяжныя.
Беларусы і беларускі працягваюць верыць у лепшае для нашай краіны і робяць усё магчымае для гэтага, нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Беларусі, мякка кажучы, сапраўды часта нагадвае некаторыя вершы Бродскага. Калі сёння мы можам сабе выбраць кампанію (ці то з людзей, ці то з кніг, тэатру, фільмаў), то палітвязні, відавочна, — не. Таму трэба дзяліцца з імі ўсім, што ў нас ёсць, усімі магчымымі спосабамі. У дадзенай сітуацыі — натхненнем беларусаў і іх нязломнай верай у сябе і ў адзін аднога”, — кажа праваабаронца “Вясны” Дзіяна Пінчук.
Нядаўна мы праводзілі конкурс ілюстрацый “Кот на Валадарцы” ў падтрымку зняволенага вясноўца Валянціна Стэфановіча. Беларускія мастакі і мастачкі, палітзняволеныя, замежныя студэнты і нават дзеткі дасылалі Валянціну ў СІЗА-1 шмат карцінак катоў. Гэта вельмі падтрымала як яго самога, так і яго сям’ю.
“Цяпер мы заклікаем паўдзельнічаць у акцыі “Не толькі Бродскі” у падтрымку Уладзя Лабковіча паэтаў і паэтак, беларусаў, у якіх ёсць талент пісаць вершы. Таксама можна проста падзяліцца вершам, які падтрымлівае і натхняе вас у гэтыя складаныя часы. Вельмі хочацца данесці да Уладзя настроі нязломных беларусаў і беларусак на мове вершаў — ён іх вельмі разумее”, — падкрэслівае Дзіяна Пінчук.
Як паўдзельнічаць у акцыі?
Напісаць вашыя ўласныя вершы ці абраць вершы розных аўтараў, размясціць іх у сацсетках з хэштэгам #FreeViasna або даслаць нам на пошту freeviasna@gmail.com. У акцыі могуць прыняць удзел як паэты, так і ўсе неабыякавыя людзі.
І абавязкова дасылайце вершы Уладзю ў СІЗА:СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу |
Нагадаем, цяпер у Беларусі 884 палітзняволеных — гэта абсалютны антырэкорд у гісторыі нашай краіны. За кожнай лічбай стаіць чалавек, яго ўнікальная гісторыя і душа. Усім ім патрэбная падтрымка, надзея і вера ў іх. Сярод гэтай агромністай лічбы — сем праваабаронцаў “Вясны”, якіх утрымліваюць за кратамі толькі за тое, што яны абаранялі правы чалавека ў Беларусі і ў нейкі момант сталі нязручнымі для ўладаў.
Уладзімір Лабковіч – юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна”, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Затрыманы з іншымі вясноўцамі 14 ліпеня і змешчаны пад варту. Уладзя, як і старшыню “Вясны” Алеся Бяляцкага і яго намесніка Валянціна Стэфановіча, абвінавачваюць у нясплате падаткаў па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса.