"Ухіліліся ад прызнання «Вясны» падатковым агентам": за што чатыры месяцы ўтрымліваюць за кратамі трох вясноўцаў
Сёння чатыры месяцы як старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца за кратамі ў СІЗА-1. Раніцай 14 ліпеня да іх і іншых вясноўцаў з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. З тых часоў трое праваабаронцаў утрымліваюцца за кратамі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў). «Вясна» распавядае, у чым абвінавачваюць праваабаронцаў, хто вядзе крымінальную справу супраць іх і чаму пераслед нашых калегаў з'яўляецца палітычна матываваным.
Не зарэгістравалі «Вясну» — ухіліліся ад выплаты падаткаў
Паводле версіі абвінавачвання, "Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Зміцер Салаўёў (знаходзіцца за межамі Беларусі) і іншыя неўстаноўленыя асобы на тэрыторыі Мінска, у іншых населеных пунктах Беларусі і за яе межамі пасля ліквідацыі ў адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага суда ад 28.10.2003 года праваабарончай арганізацыяй «Вясна» ў парушэнне прынятага судом рашэння, кіравалі арганізацыяй і працягнулі ажыццяўленне гэтай арганізацыяй дзейнасці на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку па выкананні работ (паслуг), за якую асобам, якія выканалі, у перыяд з 2013 па 2020 год, вышэйпаказанай арганізацыяй выплачана матэрыяльнае ўзнагароджанне на агульную суму не менш 879 887 рублёў.
У парушэнне нормаў Грамадзянскага і Падаткавага кодэксаў, Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, Зміцер Салаўёў не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццяўлёных выплатах, асобаў, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам і выканання яго абавязкаў.
Сваімі дзеяннямі Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і Зміцер Салаўёў здзейснілі ўхіленне ад выплаты сум падаходнага падатку, якія падлягаюць падліку, утрыманню ў падаткаплацельшчыка і пералічэнню ў бюджэт падатковым агентам, шляхам утойвання падатковай базы за перыяд з 2013 па 2020 год у агульнай суме не менш за 113 428 рублёў, што складае 3911 базавых велічыняў і пацягнула прычыненне шкоды дзяржаве ў буйным памеры".
Як стала вядома праваабаронцам, крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 КК супраць «вясноўцаў» вядзе следчы па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарата Следчага камітэта, маёр юстыцыі Антон Уладзіміравіч Каляга.
Намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч кажа, што яму незразумелая сутнасць абвінавачванняў.
А што з крымінальнай справай супраць «Вясны», якую распачалі ў лютым?
Нагадаем, 16 лютага ў Мінску і іншых гарадах Беларусі прайшлі шматлікія ператрусы ў офісах і па месцы жыхарства сябраў ПЦ «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў, Незалежнага прафсаюза РЭП і іншых грамадскіх актывістаў. Ператрусы адбыліся і ў рэгіянальных аддзяленнях ПЦ «Вясна» ў Магілёве, Рэчыцы, Мазыры, Берасці, а таксама ў офісах арганізацыі ў Менску, якія былі санкцыянаваныя намеснікам генпракурора Рэспублікі Беларусь у рамках крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 342 КК.
"У рамках папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыявана правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя", – пракаментаваў тады масавы напад на актывістаў грамадзянскай супольнасці Следчы камітэт.
У многіх праваабаронцаў і актывістаў канфіскавалі тэхніку, якую не вярнулі па гэты дзень. Як пазней стала вядома, справа, узбуджаная супраць праваабаронцаў «Вясны» па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, аб'яднана з новай крымінальнай справай за "нявыплату падаткаў". Следчыя працягваюць і цяпер дапытваць сябраў арганізацыі і валанцёраў па фактах "фінансавання дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Прэтэнзія дзяржавы да праваабаронцаў складаецца ў тым, што нібыта дапамога пацярпелым ад дзеянняў уладаў падахвочвала людзей да ўдзелу ў пратэстах.
Адна з дапытаных праваабаронцаў пасля ператрусаў 16 лютага распавяла, што ў разуменні супрацоўнікаў сілавых ведамстваў сітуацыя выглядае так: «Калі чалавек выходзіць на вуліцу і ведае, што за магчымае адміністрацыйнае спагнанне яму дапамогуць, ён будзе і далей выходзіць, тым самым праваабаронцы іх падахвочвалі да дзеянняў».
"Яшчэ казалі, што і за дадатковыя грошы можа і "камень у руку возьме". Гэта значыць для іх дапамога з аплатамі = фінансаванне пратэстаў".
Рада Праваабарончага цэнтра «Вясна» выступіла з заявай з нагоды распачатай крымінальнай справы Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь:
"У склаўшайся сітуацыі вострага крызісу з правамі чалавека ў краіне дзейнасць ПЦ «Вясна» скіраваная на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій і масавых парушэнняў правоў чалавека. У гэтых мэтах мы актыўна ўзаемадзейнічаем з міжнароднымі механізмамі абароны правоў чалавека, у тым ліку ў межах такіх міжнародных арганізацый, як АБСЕ і ААН.
Мы расцэньваем пачатак крымінальнага пераследу па факце дзейнасці ПЦ «Вясна» як чарговы пераслед у сувязі з нашай актыўнай праваабарончай дзейнасцю з боку існуючага аўтарытарнага палітычнага рэжыму А. Лукашэнкі, які адбываецца на фоне беспрэцэдэнтных рэпрэсій у краіне".
Мы ў чарговы раз заяўляем: рукі прэч ад "Вясны", рукі прэч ад вясноўцаў!
3 лістапада ў Гомелі асудзілі палітзняволеных праваабаронцу Гомельскай "Вясны" Леаніда Судаленку і валанцёрку Таццяну Ласіцу да трох і двух з паловай гадоў калоніі адпаведна, у тым ліку, за дапамогу пацярпелым ад дзеянняў уладаў з аплатай штрафаў, пошлін за зварот у суд і працу адвакатаў.
"Усім зразумелая сутнасць прэтэнзій да "Вясны": праваабаронцы ніколі не маўчалі, калі парушаліся правы чалавека"
Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка, у якога 16 лютага таксама прайшоў ператрус у межах узбуджанай крымінальнай справы па арт. 342 КК, пракаментаваў цяпер справу супраць вясноўцаў:
"18 гадоў таму ўлады Беларусі паставілі праваабаронцаў «Вясны» перад выбарам: працягваць сваю праваабарончую дзейнасць або парушаць недэмакратычны рэпрэсіўны закон, калі рашэннем Вярхоўнага суда 28.10.2003 г. грамадскае аб'яднанне "Праваабарончы цэнтр «Вясна»" было беспадстаўна пазбаўленае дзяржаўнай рэгістрацыі.
Камітэтам па правах чалавека ААН ліквідацыя ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнана парушэннем арт. 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (свабода асацыяцый). Дадзенае рашэнне не выканана ўрадам. Сябрам ПЦ «Вясна» ў 2007-2009 гадоў тройчы было адмоўлена ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання.
Чытаць цалкам рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН наконт ліквідацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”
Калі ў 2011 годзе старшыню ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага асудзілі да пазбаўлення волі, КПЧ ААН зноў прызнаў, што дзяржава парушыла артыкул 22 Пакта. Тады ж КПЧ заявіў аб неабходнасці перагляду заявы «Вясны» аб дзяржаўнай рэгістрацыі і заканадаўства аб асацыяцыях, каб прывесці яго ў адпаведнасць з артыкулам 22 Пакта.
Рашэнне КПЧ ААН па справе Алеся Бяляцкага ў перакладзе ПЦ "Вясна"
Цяперашнія прэтэнзіі ўладаў як раз з'яўляюцца следствам іх жа ўласных парушэнняў правоў і свабод у дачыненні да «Вясны» і яе чальцоў.
У лютым гэтага года ўлады зладзілі атаку на сябраў праваабарончых і грамадскіх арганізацый і журналістаў, а ў сакавіку мы даведаліся аб існаванні канкрэтнага крымінальнай справы ў дачыненні да членаў праваабарончага цэнтра – па ч. 1 і 2 арт. 342 КК, цяпер яно злучана з крымінальнай справай, па якіх прад'яўленыя «эканамічныя» абвінавачванні нашым калегам.
Яшчэ ўвосень 2020 года ўлады пачалі кампанію дыскрэдытацыі нашай арганізацыі, калі адвольна, па надуманых падставах пазбавілі волі Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка і прад'явілі ім недарэчныя абвінавачванні ў фінансаванні пратэстаў, распальванні нянавісці і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі (Марфе) і ўдзелу ў масавых беспарадках (Андрэю).
Спроба схаваць палітычны матыў пераследу праваабаронцаў не першая. Але ўсім зразумелая сутнасць прэтэнзій да «Вясны»: праваабаронцы ніколі не маўчалі, калі парушаліся правы чалавека і душыліся свабоды".
"Мы не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці". Заява Праваабарончага цэнтру "Вясна"
Дасылайце адкрытыя лісты салідарнасці і падтрымкі зняволеным праваабаронцам нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх вясноўцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках. Усе падрабязнасці па "справе Вясны" можна знайсці на адмысловым сайце freeviasna.org.
Працягвайце пісаць праваабаронцам у турмы:
- СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
- СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)