viasna on patreon

"Мы не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці". Заява Праваабарончага цэнтру "Вясна"

2021 2021-07-14T15:18:31+0300 2021-07-14T15:36:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Праваабарончага цэнтру "Вясна"

14 ліпеня 2021 года

14 ліпеня 2021 г. у Беларусі ўлады зноў здзейснілі атаку на праваабарончыя і іншыя грамадскія арганізацыі, праваабаронцаў і актывістаў: адбыліся ператрусы ў офісах Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хельсінкскага камітэта, Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend», Руху "За Свабоду", Аб'яднання беларусаў свету "Бацькаўшчына", арганізацыі "Гендарныя перспектывы", у Офісе еўрапейскай экспертызы і камунікацыі і іншых. Пасля ператрусаў у кватэрах затрыманыя сябры ПЦ "Вясна": сябра Рады арганізацыі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Сяргей Сыс, Віктар Сазонаў, Алег Мацкевіч, Алена Лапцёнак, Ігар Казмерчак, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда, а таксама праваабаронца Яўгенія Бабаева.

Таксама з ранку адсутнічае сувязь са старшынём Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесем Бяляцкім.

З ператрусамі прыйшлі да праваабаронцаў "Вясны": наступ на НДА ў Беларусі працягваецца

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі. 14 ліпеня працягваецца пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю: раніцай сілавікі прыйшлі да праваабаронцаў "Вясны".

У сувязі з дадзенымі падзеямі Праваабарончы цэнтр "Вясна" чарговы раз заяўляе:

ПЦ "Вясна", як і нашы калегі-праваабаронцы ў краіне і за яе межамі, пераследуе выключна легітымныя мэты і ажыццяўляе мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, гарантаваных як Канстытуцыяй краіны, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека. Любы ціск і пераслед сябраў нашай арганізацыі за ажыццяўленне такой дзейнасці з'яўляецца палітычна матываваным пераследам, які мае на мэце знішчэнне нашай арганізацыі і ў цэлым - свабоды асацыяцый у Беларусі.

Мы ўпэўнена заяўляем, што сапраўдным матывам пераследу з'яўляецца наша агульная з усёй праваабарончай супольнасцю Беларусі бескампрамісная барацьба за зацвярджэнне і прасоўванне правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў, супраць катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, а таксама нашы дзеянні ў абарону права на жыццё, свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў – у тым ліку цяпер, ва ўмовах глыбокага крызісу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Мы выказваем рашучы пратэст з нагоды чарговай хвалі рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым і заяўляем, што не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці.

Мы патрабуем неадкладна вызваліць затрыманых Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Андрэя Палуду, Сяргея Сыса, Алену Лапцёнак, Алега Мацкевіча, Ігара Казмерчака і іншых праваабаронцаў і актывістаў.

Мы паўтараем патрабаванне вызваліць з-пад варты сябраў нашай арганізацыі Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу.

Мы патрабуем спыніць рэпрэсіі ў краіне і вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і праваабаронцаў ўсіх краін выказаць свой рашучы пратэст супраць далейшага грубага парушэння правоў чалавека і пераследу праваабаронцаў у Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства