viasna on patreon

"Роднасная душа" і "барацьбіт з беспакаранасцю". Што кажуць пра Валянціна Стэфановіча віцэ-прэзідэнты FIDH

2021 2021-10-13T16:49:27+0300 2021-10-18T16:57:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/img_4180.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Валянцін Стэфановіч з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, куды ён быў абраны ў 2019 годзе. Разам з Валянцінам віцэ-прэзідэнтамі па рэгіёне зрабіліся Талекан Ісмаілава з Кыргызстана і Артак Кіракасян з Арменіі. "Вясна" папрасіла іх падзяліцца сваімі ўражаннямі ад сумеснай працы з Валянцінам Стэфановічам.

Вице-президенты Артак Киракосян и Валентин Стефанович. В центре президент FIDH Элис Магве
Віцэ-прэзідэнты Артак Кіракасян і Валянцін Стэфановіч. У цэнтры — прэзідэнтка FIDH Эліс Магвэ

Артак Кіракасян — дырэктар Інстытута грамадзянскай супольнасці Арменіі. Ён адзначае, што выбары ў Міжнародную федэрацыю — сур'ёзныя і канкурэнтныя.

"З нашага рэгіёна ў першы раз атрымалася так, што абралі адразу трох віцэ-прэзідэнтаў. Бо ёсць рэгіёны, у якім толькі адзін віцэ-прэзідэнт. Наогул жа на такую пасаду выбіраюць 15 чалавек з усяго свету. І абранне Валіка віцэ-прэзідэнтам азначае міжнароднае прызнанне, бо людзі хацелі бачыць менавіта яго ў міжнародным кіраванні".

Талекан Ісмаілава — дырэктарка "Праваабарончага руху: Бір Дуйно Кыргызстан" — нагадвае, што FIDH — гэта вельмі салідная і сур'ёзная гістарычная арганізацыя, якой ганарыцца ўвесь свет. Таму зрабіцца яе віцэ-прэзідэнтам — вельмі ганарова.

"На Тайвані 192 арганізацыі з 117 краінаў свету паслухалі праграму Валянціна — у яго велізарны досвед у барацьбе з незаконнасцю і беспакаранасцю чыноўнікаў, — узгадвае Талекан. — Асабліва як ён змагаўся супраць смяротнага пакарання і распавядаў розныя гісторыі людзей, якія трапілі пад гэтыя жораны. Мы абураліся, што Беларусь побач з Еўропай — як так можна практыкаваць смяротнае пакаранне?! Але мы зараз пераканаліся, чаму смяротнае пакаранне практыкуе Лукашэнка: таму што ён не адрозніваецца ад злачынцаў".

Толекан Исмаилова
Талекан Ісмаілава

Талекан і Артак былі знаёмыя з Валянцінам і раней — задоўга да кангрэсу FIDH на Тайвані. Талекан Ісмаілава наведвала Беларусь у 2000 годзе — яна была незалежнай назіральніцай на прэзідэнцкіх выбарах.

"Ужо тады "Вясна" займалася незалежным назіраннем за выбарамі, каб абавязанні Беларусі ў дачыненні да правядзення сумленных, свабодных, дэмакратычных, справядлівых і адкрытых выбараў працавалі ў краіне, — адзначае праваабаронца. — Я памятаю, як Валянцін і ягоная каманда абаранялі парушаныя правы кандыдатаў у дэпутаты і выбарнікаў".

Артак Кіракасян сустрэўся з Валянцінам у 2007 годзе — на чарговым кангрэсе FIDH, які праходзіў у Лісабоне.

"Гэта вельмі чулы чалавек, — апісвае сваё ўражанне пасля знаёмства з Валянцінам Артак. — Ён добры і сапраўды эмпатычны чалавек, які ўсім суперажывае і якому неабыякава. Мы з ім адразу знайшлі агульную мову".

Артак адзначае, што адразу ўбачыў у Валянціне роднасную душу. А Талекан называе Стэфановіча разам з Алесем Бяляцкім не толькі сваімі сябрамі:

"Валянцін і Алесь гэта самыя блізкія сябры для Кыргызтана, для Цэнтральнай Азіі. Таму што ў самыя цяжкія хвіліны, калі мы перажывалі трагічны час чэрвень 2010 (міжэтнічны канфлікт у Кыргызстане, які забраў жыцці каля 800 чалавек — заўв. рэд.), Алесь прыехаў і дапамагаў нам".

Алесь Бяляцкі, Талекан Ісмаілава і Артак Кіракасян. Фота з сацыяльных сетак
Алесь Бяляцкі, Талекан Ісмаілава і Артак Кіракасян. Здымак з сацыяльных сетак

У межах абавязкаў віцэ-прэзідэнтаў FIDH Талекан, Артак і Валянцін стэлефаноўваліся, каб абмеркаваць прыярытэты, магчымасці і абраць стратэгічны кірунак у працы

"Гэтыя сустрэчы вельмі каштоўныя, таму што ты параўноўваеш працу ў сваёй краіне з тым, як іншыя працуюць, якія ў іх магчымасці і выклікі і гэта вельмі карысны абмен. Валік цікавіўся нашай сітуацыяй, а я як ідуць справы ў Беларусі", — адзначае Артак.

Талекан Ісмаілава нагадвае, што Валянцін працаваў не толькі на нацыянальным узроўні, але і на міжнародным: выступаў у Камітэце ААН, Савеце Еўропы і Еўрасаюзе.

"Ён вёў адвакацыю: неабходна змагацца з беспакаранасцю, з той паліцыяй, якая слухала загады начальнікаў і забівала людзей ці арыштоўвала незаконна. Ён казаў пра тое, што гэта вельмі небяспечна для будучыні і я вельмі ўпэўненая ў тым, што грамадзяне Беларусі атрымлівалі вельмі добрую інфармацыю і інструмент уплыву: калі лідар ці хтосьці з вялікіх чыноўнікаў будзе растоптваць правы грамадзянаў, то ў кожным разе яны паўстануць перад судом. А гісторыя паказвае, як паўсталі такія аўтарытарныя лідары ў міжнародным крымінальным судзе. І над гэтым пытаннем Валянцін з калегамі-юрыстамі вельмі сур'ёзна і скрупулёзна працаваў".

Ілля Нузаў пра Валянціна Стэфановіча: ”Ён больш падобны да такога рокера, чым да праваабаронцы”

Кіраўнік аддзела Ілля Нузаў распавядае пра тое, што гэта значыць, пра працу Валянціна і яго асобу.

Талекан распавяла, што "Бір Дуйно" сумесна с Саюзам кінематаграфістаў і таленавітай моладдзю ладзіць штогадовы Міжнародны фестываль дакументальных фільмаў па правах чалавека. Сёлета ён прысвечаны тэме "Правы чалавека ў перыяд рызыкаў і бедстваў". Талекан Ісмаілава кажа, што яны вельмі хацелі запрасіць Валянціна на фестываль, каб ён падзяліўся досведам барацьбы з беспакаранасцю і практыкай змагання супраць смяротнага пакарання як у свеце, гэтак і ў Беларусі.

"Я захаплялася ім і казала: "Валянцін, трэба запрасіць вас у Кыргызстан, вы прыязджайце на фестываль". Ён казаў: "Я абавязкова прыеду, як толькі будзе вольны час". І вось мы бачым: цяпер ён за кратамі разам з Алесем..."

"Бір Дуйно Кыргызстан" далучаецца да кампаніі ў падтрымку праваабаронцаў Беларусі #FreeViasna

Актывісты БДК аднеслі Зварот Сеткі Салідарнасці і партнёраў "Людзі, якія змяняюць свет" у Амбасаду Беларусі ў Кыргызтане.

Кіраўнік "Вясны" Алесь Бяляцкі ўжо адбываў турэмнае зняволенне ў 2011-2014 гг., а офіс арганізацыі пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе зазнаў напад сілавікоў. Аднак сітуацыя, якая ўтварылася пасля выбараў 2020 года, выглядае нашмат больш жорстка, мяркуе Артак Кіракасян:

"Было зразумела, што гаворка ідзе не толькі пра Алеся усю "Вясну" могуць пасадзіць. І гэта вельмі цяжкая і па-людску складаная сітуацыя, калі ты ведаеш, што ты рызыкуеш сам і, адпаведна, сям'я і блізкія праз тое, што цябе, хутчэй за ўсё, пасадзяць. І гэта пры тым, што ўлады цалкам могуць быць задаволеныя, калі ты з краіны з'едзеш.

Думаю, гэта мужны крок, што "вясноўцы" і іншыя людзі ў Беларусі свядома зрабілі выбар не хавацца і працаваць публічна".

Талекан Ісмаілава ўзгадвае, што падчас турэмнага зняволення Алеся Бяляцкага ў 2011-2014 гг. яна разам са Стэфановічам удзельнічала ў акцыі салідарнасці ў Осла:

"Мы патрабавалі свабоду Алесю, і я памятаю, як Валянцін выступаў і казаў, што так з праваабаронцамі нельга рабіць... [Талекан плача — заўв. рэд.] Таму я віншую Валянціна з Днём народзінаў, ягоную сям'ю, асабліва ягоных дзяцей, жонку, родных, блізкіх — і гэта не слёзы роспачы, а слёзы любові да Валянціна, захаплення: бо седзячы ў Беларусі, у такой сістэме, ён — голас сусветнага праваабаронцы, які не мог трываць гэту беспакаранасць".

stefanovich_z_semiej.jpg
Валянцін Стэфановіч з жонкай Алінай і дзецьмі. Здымак з асабістага архіва

"Вядома, не хапае Валіка, — дзеліцца перажываннямі Артак. — Усіх не хапае. Я досыць блізка знаёмы і з Алесем, і з Валікам, і з Уладзімірам [Лабковічам]. І па-людску не хапае, і прафесійна таксама. Гэта ўсё ж такі людзі, якіх цікавяць глабальныя праблемы правоў чалавека".

"Валянцін вельмі шмат зрабіў для свету, для такіх праваабаронцаў, як мы, і маладых, паказваючы, што трэба змагацца вельмі сур'ёзнымі і моцнымі інструментамі: нягвалту, гуманнасці, выконваючы высокія стандарты, каштоўнасці правоў і свабодаў чалавека, — кажа Талекан. — І я зычу ўсяму беларускаму народу цярпення, але ў той жа час вельмі сур'ёзнай барацьбы за права на жыццё. Жыве Беларусь!"

Нагадаем, 14 кастрычніка намесніку старшыні "Вясны" Валянціну Стэфановічу спаўняецца 49 гадоў. Свой дзень народзінаў ён сустрэне ў СІЗА.

Падтрымаеце лістамі салідарнасці Валянціна і іншых "вясноўцаў"!

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марыя Рабкова, Андрэй Чапюк)

СІЗА-2, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства