Валянцін Стэфановіч абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека
На 40 сусветным кангрэсе Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, які праходзіць у гэтыя дні на Тайвані, адбыліся выбары кіраўніцтва гэтай аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі. Прэзідэнтам на наступныя тры гады абраная адвакатка з Батсваны Эліс Магвэ, якая да гэтага была Генеральным сакратаром FIDH.
Таксама былі абраныя 15 віцэ-прэзідэнтаў па рэгіёнах. Пры галасаванні за віцэ-прэзідэнтаў па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі абраныя тры прадстаўнікі: Артак Кіракасян (Арменія), Талекан Ісмаілава (Кыргыстан) і Валянцін Стэфановіч (Беларусь, Праваабарончы цэнтр "Вясна").
Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч лічыць, што такое рашэнне будзе спрыяць таму, каб голас праваабарончай супольнасці Беларусі мацней загучаў на міжнароднай арэне.
"Для нас, для "Вясны", надзвычай важна сяброўства ў FIDH, бо мы дзейнічаем разам у шмат якіх накірунках. Гэта дапамагае праводзіць міжнародную адвакацыю і дае больш магчымасцяў казаць пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі на міжнародным узроўні. Дарэчы, мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем у пытанні смяротнага пакарання. Упэўнены, што досвед Федэрацыі і сяброўства ў ёй і надалей будуць дапамагаць нам прасоўваць ідэі правоў чалавека ў Беларусі".
Праваабарончы цэнтр "Вясна" - сябра Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека ўжо 15 гадоў. Старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі тройчы займаў пасаду віцэ-прэзідэнта па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі.