viasna on patreon

Правы людзей з інваліднасцю ў Беларусі і Офіс, які іх абараняў. Што сталася за мінулы год?

2021 2021-12-03T15:54:00+0300 2021-12-03T18:10:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_liudzej_z-invalidnasciu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Трэцяга снежня адзначаецца Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю. У Беларусі правамі гэтай уразлівай групы займаўся Офіс па правах людзей з інваліднасцю. “Вясна” узгадвае, што рабіў Офіс і што здарылася з ім і правамі людзей з інваліднасцю за апошні год.

drazdousky_grableusky.jpg
Дырэктар Офіса Сяргей Драздоўскі і юрыст Офіса Алег Граблеўскі

Офіс па правах людзей з інваліднасцю — асветніцкая праваабарончая ўстанова. "Мы — каманда прафесіяналаў, якія сабраліся для сумеснай працы па абароне правоў людзей з інваліднасцю ў Рэспубліцы Беларусь. Доўгі час складвалася сітуацыя, у выніку якой людзі з інваліднасцю вымушаныя заставацца на краі грамадскага жыцця, у ізаляваных супольнасцях, не маючы магчымасці жыць паўнавартасным жыццём. Праца Офіса скіраваная на тое, каб змяніць наша грамадства, робячы яго свабодным ад бар'ераў і забабонаў", — гаворыцца на сайце Офіса.

Прадстаўнікі Офіса заўсёды падкрэслівалі: не "інвалід", а "чалавек з інваліднасцю". Чаму так слушна казаць, у тым ліку патлумачыў у чэрвені 2020 года дырэктар Офіса Сяргей Драздоўскі ў адным з адукацыйных відэа офіса на youtube-канале:

Праблемы людзей з інваліднасцю ўпіраюцца не толькі ў пытанні безбар'ернага асяроддзя і пандусаў. У Беларусі гэта, напрыклад, і пазбаўленне чалавека дзеяздольнасці, і практыка адабрання дзяцей у бацькоў з інваліднасцю. Часта гэтыя тэмы пераплятаюцца паміж сабой. Дапамагаючы людзям, Офіс у сваім вопыце назбіраў шмат "сюррэалістычных" гісторый.

“Патэлефанавала жанчына [у Офіс] і плакала: выклікаюць на камісію ў школу і будуць ставіць на СНС (Сацыяльна небяспечнае становішча). Я пытаюся: чаму? –Таму што я не ўдзельнічаю у бацькоўскіх сходах. – А чаму вы не ўдзельнічаеце? – А таму што я не магу на інвалідным вазку заехаць у гэтую школу: там няма пандуса і няма таго, хто мог бы мне дапамагчы”, — такую гісторыю распавёў юрыст Офіса Алег Граблеўскі ў першым выпуску праваабарончага падкаста “Вясна прыйдзе” у пачатку красавіка 2020 года.

"Вясна прыйдзе" · #1. Людзі з інваліднасцю

З пачаткам пандэміі Офіс забіў трывогу наконт становішча людзей у закрытых установах: гэта дамы, дзе знаходзяцца пажылыя людзі, а таксама агульныя інтэрнаты для састарэлых і людзей з інваліднасцю, псіханеўралагічныя інтэрнаты. "Мы вымушаныя крычаць SOS!!" — заявіў Офіс у красавіку 2020 года. Ва установы, якія дзяржава зрабіла закрытымі, пачаў пранікаць СOVID-19, а людзі, якіх дзяржава пазбавіла дзеяздольнасці, з гэтай жа прычыны і не могуць сябе абараніць.

"Нашы ПНІ трапілі ва ўласную пастку, бо ўсе, хто там пражывае, пазбаўленыя дзеяздольнасці. А аднавіць яе большасці з іх у прынцыпе немагчыма — з-за асаблівасцяў беларускага заканадаўства", — распавядаў Сяргей Драздоўскі “Вясне”:

"Мы стаім на парозе бяды, якая адбудзецца непазбежна". Закрытыя інтэрнаты і COVID-19

"Мы вымушаныя крычаць SOS!! У інтэрнатах краіны складваецца вельмі цяжкая абстаноўка ў сувязі з COVID-19". Дырэктар Офіса Сяргей Драздоўскі патлумачыў "Вясне", у чым жа прычына такой трывогі.

У 2020 годзе планавалася прыняць Закон "Аб інвалідах і іх сацыяльнай інтэграцыі", у распрацоўцы якога доўга і актыўна ўдзельнічаў і Офіс: ён прасоўваў туды міжнародныя стандарты правоў чалавека і ініцыяваў тое, у чым была зацікаўлена беларуская супольнасць людзей з інваліднасцю. Але пасля палітычнага крызісу ў краіне, звязанага з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, прыняцце гэтага Закона "застапарылася" (пераканаць чыноўнікаў замяніць у назве закона слова "інваліды" на "людзі з інваліднасцю" Офісу таксама не ўдалося).

Сітуацыя пасля жніўні 2020 года моцна паўплывала і на актыўнасць людзей з інваліднасцю ў абароне іх правоў. Бо людзі пабачылі агульны прававы дэфолт і таму сталі менш адстойваць свае пытанні і праблемы. На гэта Сяргей Драздоўскі звярнуў увагу ў межах Праваабарончай праграмы “Вясна” на Беларускім радыё Рацыя ў снежні 2020 года:

"Людзі з інваліднасцю разумеюць: [калі працягваць] дамагацца сваіх правоў... але перад кім? — перад дзяржавай. Бо беларуская сістэма пабудаваная так, што ўся сацыяльная абарона і ахова здароўя — гэта дзяржава. Гэта значыць, любыя прэтэнзіі ў сувязі з гэтым будуць прэтэнзіямі да дзяржавы. А людзі ўбачылі, што дзяржава цяпер заняла жорсткую пазіцыю. І таму любыя прэтэнзіі да дзяржавы — не толькі па палітычных пытаннях, але і па сацыяльных і жыццёвых — гэта будзе скарга на дзяржаўныя дзеянні, і таму гэта бескарысна і бессэнсоўна. Адзін наш кліент сказаў: «Не пайду я ў суд [адстойваць свае правы ў сферы інваліднасці], а то мне там яшчэ дадуць 15 сутак за тое, што я супраць дзяржавы нешта выказваю»".

Але спачатку людзі з інваліднасцю праяўлялі і грамадска-палітычную актыўнасць: гэта ўвасобілася ў Маршах людзей з (не)абмежаванымі магчымасцямі.

marsh_liudzej_z-invalidnasciu.jpg
Адзін з Маршаў людзей з (не)абмежаванымі магчымасцямі ў кастрычніку 2020 года. Фота: Беларускае Радыё Рацыя

На першым такім Маршы, 15 кастрычніка 2020 года, затрымалі юрыста Офіса Алега Граблеўскага. Ён прыйшоў туды ў якасці праваабаронцы — дзеля маніторынгу за мірным сходам. Але сілавікі палічылі па-іншаму: Граблеўскі ў іх вачах быў “каардынатарам маршаў”.

"[Сілавік] казаў: «Калі ты мужык і ў цябе добрая сперма, то ты павінен нараджаць дзяцей, а не займацца такімі рэчамі, як выводзіць на вуліцу інвалідаў»”, — так апісваў Алег Граблеўскі, што з ім адбывалася ў РУУСе пасля затрымання на Маршы.

Пры затрыманні сілавікі хацелі прымусіць Алега Граблеўскага зняцца ў сюжэце для БТ з раскаяннем. Што з гэтага атрымалася, праваабаронца распавёў тут:

Viasna96 · Міліцыянты прапануюць зняцца ў сюжэце БТ з раскаяннем

За “ўдзел" у маршы Алег Граблеўскі адседзеў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Але нажаль, пасля гэтага пачаўся і крымінальны пераслед. 2 лютага 2021 года Граблеўскі і Драздоўскі правялі на допыце у Дэпартамент фінансавых расследаванняў сем гадзін, а на наступны дзень — некалькі гадзін у Следчым камітэце. Гэта прывяло да паўгадавога зняволення ў межах крымінальнай справы, якую распачалі на праваабаронцаў паводле ч. 4 артыкула 209 КК РБ, — "махлярства, здзейсненае арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры".

“Фактычна, яны былі затрыманыя за супрацоўніцтва з ААН”, — пракаментавала гэтую сітуацыю Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка у красавіку 2021. На той момант прадстаўнікі Офіса ўжо два месяцы былі ў зняволенні: Алег Граблеўскі сядзеў у СІЗА-1, а Сяргей Драздоўскі — пад хатнім арыштам.

Нечакана 31 ліпеня 2021 года меру стрымання ў дачыненні да Граблеўскага і Драздоўскага змянілі — і вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Тады стала вядома і аб ліквідацыі ўладамі Офіса па правах людзей з інваліднасцю. Пра свой паўгадовы хатні арышт, які зусім не “паўгадавы адпачынак”, Сяргей Драздоўскі распавядаў у гэтым інтэрв’ю:

Паўгадавы адпачынак? Праваабаронца Сяргей Драздоўскі распавёў, як яму жылося пад хатнім арыштам

Меру стрымання ў дачыненні да Сяргея Драздоўскага змянілі — цяпер ён пад падпіскай аб нявыездзе, дзейнічае паручальніцтва. Гэта азначае, што Драздоўскі можа свабодна выходзіць з дому, кантактаваць з людзьмі і карыстацца інтэрнэтам — усяго гэтага ён быў пазбаўлены. Праваабаронца распавёў "Вясне" аб тым, як для яго выглядаў хатні арышт.

5 лістапада суддзя суда Партызанскага раёна горада Мінска Міхаіл Макарэвіч правёў пасяджэнне над чатырма паручыцелямі праваабаронцаў Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага. Рашэннем суда паручыцеляў прымусілі заплаціць агулам 18 850 рублёў.

Тады суддзя спытаў у паручыцелькі Алега Граблеўскага, чаму яна вырашыла падпісаць паручальніцтва.

“Таму што Алег — харошы чалавек”, — адказала яна.

“Вы і цяпер так лічыце?” — спытаў суддзя.

“Так”.

А тым часам, 24 лістапада 2021 года Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі з «Офісу па правах людзей з інваліднасцю» сталі лаўрэатамі прэміі Front Line Defenders 2021. Гэтая міжнародная прэмія ўручаецца праваабаронцам у небяспецы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства