viasna on patreon

"Фактычна яны былі затрыманыя за супрацоўніцтва з ААН". Што вядома пра справу "Офіса па правах людзей з інваліднасцю"?

2021 2021-04-08T12:50:38+0300 2021-04-08T12:50:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ofis_s_invalidnosty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за два месяцы таму пасля ператрусаў былі затрыманыя прадстаўнікі Асветніцкай праваабарончай установы "Офіс па правах людзей з інваліднасцю", дырэктар Сяргей Драздоўскі і юрыст Алег Граблеўскі. Перад гэтым Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў сябе на сайце паведаміў, што праводзіцца праверка ў дачыненні да службовых асоб установы "Офіс па правах людзей з інваліднасцю" па пытаннях "магчымага неправамернага завалодання грашовымі сродкамі, атрыманымі ўстановай у выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэт аказання дапамогі грамадзянам з інваліднасцю". "Офіс" на працягу дзесяці гадоў аказваў бязвыплатную прававую дапамогу, адвакатаваў змены заканадаўства, праводзіў асветніцкія мерапрыемствы па змене стаўлення да людзей з інваліднасцю. Па абвінавачванні ў махлярстве (артыкул 209 Крымінальнага кодэкса) праваабаронцу Сяргея, у якога першая група інваліднасці і ён перасоўваецца на інвалідным вазку, пасадзілі пад хатні арышт без права камунікацыі, а Алега змясцілі ў СІЗА №1 на Валадарскага. Нядаўна следчыя падоўжылі ім меры стрымання яшчэ на два месяцы. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала лідэраў "Офіса" палітычнымі зняволенымі. Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка распавяла "Вясне" пра ціск на калегаў-праваабаронцаў, чаму беларускім уладам у цяперашняй палітычнай сітуацыі нязручны "Офіс" і з чым можа быць звязаны пераслед Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага.

Сяргей Драздоўскі (злева) і Алег Граблеўскі
Сяргей Драздоўскі (злева) і Алег Граблеўскі

"Гэта адзіны выпадак, калі мы даведаліся аб праверцы ў сваіх калегаў не ад саміх калегаў, а з сайта Камітэта дзяржаўнага кантролю"

Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга адзначае, што, нягледзячы на тое, што ціск з боку ўладаў прадстаўнікоў "Офіса" быў і раней, цяперашняя форма пераследу праваабаронцаў гэтай арганізацыі выглядае дзіўнай:

"На самой справе прагназаваць, чаму пераслед пачаўся менавіта ў дачыненні да гэтай арганізацыі даволі складана. Апошнім часам мы бачым вельмі шмат фактаў ціску і крымінальнага пераследу ў дачыненні да беларускіх праваабаронцаў – гэта і сябры ПЦ "Вясна", і грамадскага аб'яднання "Звяно", і "БАЖ". Але тое, што гэта быў запланаваны пераслед лідэраў менавіта "Офіса" зразумець нескладана. Нават сама праверка пачалася ў іх вельмі дзіўна. На маёй памяці, гэта адзіны выпадак, калі мы даведаліся аб праверцы ў сваіх калегаў не ад саміх калегаў, або іх адвакатаў, ці хаця б са СМІ, а з сайта Камітэта дзяржаўнага кантролю. На гэтым сайце была апублікаваная інфармацыя аб пачатку праверкі ў гэтай арганізацыі на падставе "падазрэнні ў прысваенні грашовых сродкаў, атрыманых "Офісам па правах людзей з інваліднасцю" ў выглядзе дабрачынных ахвяраванняў і міжнароднай дапамогі для мэт аказання дапамогі асобам з інваліднасцю (арт. 210 Крымінальнага кодэкса). Пры гэтым ціск і затрыманні ў дачыненні да супрацоўнікаў арганізацыі былі зафіксаваныя і раней у сувязі з ажыццяўленнем імі дзейнасці па маніторынгу мірных сходаў з удзелам людзей з інваліднасцю".

"У ДФР іх называлі ашуканцамі і злачынцамі, пагражалі турэмным зняволеннем, Алега сілком распранулі да гола"

Дырэктар
Дырэктар "Офіса па правах людзей з інваліднасцю" Сяргей Драздоўскі. Фота: "Новы Час"

Вольга Смалянка ўзгадвае, як развіваліся падзеі па пераследу "Офіса па правах людзей з інваліднасцю" і як адбывалася затрыманне Алега і Сяргея:

"Пасля з'яўлення паведамлення на сайце КДК стала вядома, што 21 студзеня адначасова ў памяшканні "Офіса", а таксама дома ў дырэктара і бухгалтаркі арганізацыі быў праведзены ператрус і канфіскаваная ўся тэхніка ў рамках праверкі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, пазней дырэктар арганізацыі – Сяргей Драздоўскі і юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі былі дастаўленыя на допыт у ДФР, дзе яны правялі цэлы дзень. З офіса арганізацыі была канфіскаваная тэхніка і дакументы. 2 лютага  Сяргей і Алег былі зноў выкліканыя ў ДФР нібыта для вяртання тэхнікі. Пры гэтым, ніякі іншы статус, напрыклад, падазраваных, ім абвешчаны не быў. У выніку абодва былі падвергнутыя сямігадзіннаму допыту, адвакаты да іх дапушчаныя не былі. У дачыненні да абодвух ужывалася жорсткае і прыніжаючае годнасць абыходжанне: іх называлі ашуканцамі і злачынцамі, пагражалі турэмным зняволеннем, патрабавалі прызнацца ў неідэнтыфікаваных злачынствах, аказвалі псіхалагічны ціск, Алега сілком распранулі да гала, а ў дачыненні да Сяргея сямігадзіннае знаходжанне без руху можна расцэньваць як катаванні, з улікам яго ступені інваліднасці. Аб усіх гэтых фактах і Сяргей, і Алег першапачаткова распавялі на сваіх старонках у Фэйсбуку, а на наступны дзень далі шэраг інтэрв'ю незалежным СМІ. Аднак даць усе запланаваныя інтэрв'ю яны не змаглі – з імі проста знікла сувязь. Інфармацыю аб іх затрыманні мы змаглі знайсці толькі праз гадзін пяць 3 лютага – увесь гэты час ні калегі, ні сваякі не ведалі ні дзе яны, ні што з імі. Бліжэй да вечара аказалася, што знаходзіліся яны ўжо ў Следчым камітэце".

"Атрымаць хоць нейкую інфармацыю аб прад'яўленым ім абвінавачванні, іх фізічным стане вельмі складана"

Паводле інфармацыі дырэктаркі Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), Сяргею Драздоўскаму і Алегу Граблеўскаму выстаўленае абвінавачванне па артыкуле 209 Крымінальнага кодэкса "Махлярства". Алега ўжо трэці месяц утрымліваюць у СІЗА №1 на Валадарскага, а Сяргея – пад хатнім арыштам без права камунікацыі. Нядаўна стала вядома, што такая мера стрымання падоўжаная ім яшчэ на два месяцы. Вольга адзначае, што даведацца аб ходзе справы "Офіса" і стане праваабаронцаў практычна немагчыма:

"Атрымаць хоць нейкую інфармацыю аб прад'яўленым ім абвінавачванні, падаўжэнні меры стрымання, іх фізічным стане вельмі складана. У першую чаргу ў сувязі з тым, што іх адвакаты знаходзяцца на падпісцы аб невыдаванні, да чаго яны ставяцца вельмі сур'ёзна. Хоць, вядома, знаходжанне адвакатаў на такой падпісцы – гэта парушэнне права на атрыманне прававой дапамогі. Адвакаты заўсёды з'яўляліся, у тым ліку, крыніцай інфармацыі аб становішчы затрыманага. Цяпер ні ў сваякоў, ні ў сяброў, ні ў калег, у сувязі з гэтымі падпіскамі такога доступу да інфармацыі няма. У выніку немагчымасць спачатку знайсці інфармацыю, пра тое, дзе знаходзяцца твае блізкія, а затым немагчымасць атрымаць інфармацыю, у якім яны стане, па якім артыкуле затрыманыя – гэта вялікі псіхалагічны ціск на сваякоў, сяброў".

"Некалькі супрацоўнікаў ААН таксама былі затрыманыя і дапытаныя"

Як адзначае Вольга Смалянка, прадстаўнікі беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, міжнародных праваабарончых арганізацый і спецыяльных працэдур ААН звязваюць затрыманне супрацоўнікаў "Офіса" выключна з іх прафесійнай дзейнасцю па абароне правоў чалавека, у прыватнасці аказанні бязвыплатнай прававой дапамогі людзям з інваліднасцю.

"Унікальнасць іх сітуацыі складаецца яшчэ ў тым, што фактычна яны былі затрыманыя за супрацоўніцтва з ААН. Наколькі нам вядома, у рамках гэтай справы некалькі супрацоўнікаў ААН таксама былі затрыманыя і дапытаныя. Як напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Сяргей Драздоўскі, падставай для іх пераследу стала "па сутнасці рэкамендацыя некалькім пацярпелым з інваліднасцю і без звярнуцца па дапамогу да адвакатаў".  Пры гэтым такая дзейнасць ажыццяўлялася "Офісам" у межах сумеснай ініцыятывы з ААН у Беларусі па аказанні дапамогі людзям з інваліднасцю і іншым уразлівым групам насельніцтва. Важна адзначыць, што ні Алег, ні Сяргей ніякіх сродкаў ад ААН на адвакацкія паслугі не атрымлівалі. Паўстае заканамернае пытанне, адкуль тады тут махлярства або прысваенне грашовых сродкаў? Адказ на які, па-мойму, відавочны".

"Дзякуючы дзейнасці гэтай арганізацыі, Беларусь далучылася да Канвенцыі па правах інвалідаў". Чым займаўся "Офіс" да пераследу? 

Марш людзей з інваліднасцю. Фота: TUT.BY
Марш людзей з інваліднасцю. Фота: TUT.BY

"Офіс па правах людзей з інваліднасцю" з 2010 года займаецца сістэмнымі зменамі сітуацыі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю праз маніторынгі, асветніцкія і адвакацыйныя кампаніі ў Беларусі і на міжнародным узроўні. На базе арганізацыі працуе грамадская прыёмная. Людзі з інваліднасцю, члены іх сем'яў, іншыя грамадзяне, якія сутыкнуліся з пытаннямі інваліднасці рэгулярна звярталіся ў яе за прававымі кансультацыямі. Як распавядае дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), цяпер праца прыёмнай фактычна паралізаваная і ў краіне вельмі востра адчуваецца недахоп такой прававой дапамогі.

"У цэнтры дзейнасці "Офіса" знаходзіцца чалавек з інваліднасцю, але менавіта як чалавек, які мае правы чалавека, а не проста чалавек, які мае патрэбу ў патранажнай дапамозе, спажывец сацыяльных паслуг. За час сваёй дзейнасці "Офіс" зрабіў вельмі шмат для змены падыходу да правоў людзей з інваліднасцю ў Беларусі. Дзякуючы дзейнасці гэтай арганізацыі, наша краіна далучылася да Канвенцыі па правах інвалідаў. А кіраўнік гэтай арганізацыі Сяргей Драздоўскі не раз удзельнічаў у абмеркаванні праектаў нарматыўных актаў, якія рэгулююць пытанні становішча людзей з інваліднасцю з дзяржаўнымі органамі, дэпутатамі, рэалізацыі дзяржаўных праграм, якія закранаюць інтарэсы гэтай уразлівай групы".

Падтрымаць Алега лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2,

Алег Валер'янавіч Граблеўскі.

"Мне доўга тлумачылі, што я злачынец і што пытанне з турмой амаль вырашана"

Прэтэнзіі палягалі ў тым, што Офіс правоў людзей з інваліднасцю накіраваў некалькі чалавек да адвакатаў, якія дапамагалі гэтым людзям бараніць свае правы на судах ў справах аб масавых беспарадках.

   

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства