"Мне доўга тлумачылі, што я злачынец і што пытанне з турмой амаль вырашана"
Дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі 2 лютага 7 гадзін правёў на допыце ў ДФР КДК. Разам з ім быў юрыст Офісу Алег Граблеўскі.
Сяргей сцвярджае, што работнікі ДФР называлі яго злачынцам і махляром. Прэтэнзіі палягалі ў тым, што Офіс правоў людзей з інваліднасцю накіраваў некалькі чалавек да адвакатаў, якія дапамагалі гэтым людзям бараніць свае правы на судах ў справах аб масавых беспарадках.
Сяргей Драздоўскі перасоўваецца на інвалідным вазку. Ён зазначае, што правесці 7 гадзінаў у адным памяшканні амаль без магчымасці рухацца было для яго катаваннем.
Больш падрабязна аб тым, што адбывалася ў ДФР распавёў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Алег Граблеўскі
Прыехаў у ДФР разам з двумя адвакатамі ў 9-30. Пайшоў спытаць, як нам заехаць на калясцы. Падняўся на трэці паверх на ліфце. Пазначыў сваю прысутнасць дзяжурнаму. Дзяжурны патэлефанаваў камусьці, сказаў - інваліды прыехалі. Спусціўся чалавек, сказаў, хадзем са мной на чацвёрты паверх…
Завялі мяне ў пакой з надпісам “1 аддзел”, там знаходзілася два чалавекі. Мне паведамілі, што мы пакуль чакаем калі прывязуць вашу тэхніку, а пакуль пагаворым.
Размова пачалася ў мяккіх танах.
“Разумееце, Алег Валяр'янавіч, вы парушалі заканадаўства. Вось зараз вырашаецца вашае пытанне. І калі вы распавядзеце пра ўсё - паедзеце дадому, а не - вымушаныя вас этапаваць на Валадарку. Адтуль вы выйдзеце праз пяць гадоў у лепшым выпадку”.
Я адказаў: разумееце, калі б вы сапраўды хацелі разабрацца, вы б разабраліся і без мяне. Пацікавіўся, дзе мой адвакат і які ў мяне статус.
Мне было сказана, што адваката мы з'елі, а статусу ў вас няма, вы ж самі прыйшлі.
Окей хлопцы, кажу я, пайшоў тады дадому. Як увайшоў - так і выходжу.
І іду да выхаду. Гэта каля 10.00.
Мне: “Стаяць, я табе зараз пайду”.
Окей, хлопцы, а вось з гэтага моманту, вы мяне незаконна ўтрымліваеце. Вось мая дамова з адвакатам, далейшая размова толькі ў яго прысутнасці.
Забягае мужчына: "Ты ў мяне праз 10 хвілін заспяваеш салаўём, раз не хочаш гаварыць".
Вырывае ў мяне дамову з адвакатам і крычыць, што дамова падробленая...
Хлопцы, кажу я, у ізраільскай арміі, калі чалавек трапляе ў палон, па інструкцыі павінен казаць усё што ведае. Галоўнае - захаваць жыццё. Я вам усё раскажу, таму што ўспрымаю пагрозу як рэальную.
Яны адчулі поспех і заўсміхаліся, зусім іншая размова!
Стаў ім цытаваць Канвенцыю, чытаў лекцыю хвілін дзесяць. Потым яны зразумелі, што гэта не тое. І кажуць, ты нам абяцаў расказаць усё што ведаеш…
...Мяне схапілі, зафіксавалі і сталі распранаць.
Распранулі дагала. Прамацалі, абмацалі, празванілі усё што можна. Загадалі сесці голым на крэсла і глядзець толькі на куток стала.
Я сказаў: “Хлопцы, ідзіце на ...".
Спакойна апрануўся. Яны аслупянелі, сказалі, ну борзы нам трапіўся. У далейшым, а гэта да 16.30 мы сядзелі моўчкі…
Каля 16.30 мне сказалі, пішы, што адмовіўся ад тлумачэнняў, і далі раздрукаваны бланк, дзе пазначана што я азнаёмлены з арт. 27 Канстытуцыі і прэтэнзій не маю.
Арт. 27 Канстытуцыі мне невядомы. Мне яе зачыталі. Я сказаў, што не ўспрымаю інфармацыю на слых. Мне яе раздрукавалі.
Яны зразумелі, што я здзекуюся. Сказалі, ай, напішы сам як хочаш, толькі напішы, я ўсё напісаў і пра распрананне і ўсё-ўсё, што тут ужо ў кантэксце катаванняў і бесчалавечнага абыходжання.
Пасля чаго мне сказалі быць свабодным і сыходзіць. Я сказаў, не, хлопцы, вы ж хацелі пагаварыць. Давайце пагаворым, вас нешта цікавіць. Сказалі - ідзі адсюль. Даў сябе ўгаварыць і сышоў.
Адвакатаў увесь гэты час да нас не пускалі.
Спыніць ціск на арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў сувязі з рэалізацыяй іх права на доступ да фінансавання