viasna on patreon

"Прапанавалі раскаяцца для БТ". Праваабаронцу Алега Граблеўскага палічылі “каардынатарам” маршу людзей з інваліднасцю Аўдыё

2020 2020-10-31T13:42:03+0300 2020-10-31T15:09:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/grableuski-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля 15-сутачнага арышту з СІЗА горада Баранавічы (на тэрыторыі гэтай установы апошнім часам пачалі змяшчаць затрыманых у Мінску) 30 кастрычніка выйшаў праваабаронца і юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі. Яго затрымалі 15 кастрычніка на першым маршы людзей з інваліднасцю. Туды ён прыйшоў у якасці праваабаронцы – каб паманіторыць, як праходзіць марш.

Марш людзей з інваліднасцю 15 кастрычніка. Фота: TUT.BY
Марш людзей з інваліднасцю 15 кастрычніка. Фота: TUT.BY

Алег Граблеўскі распавёў "Вясне", што прыйшоў на марш прыкладна ў 14 гадзін, а затрымалі яго каля 15-й гадзіны, калі марш з плошчы Незалежнасці пачаў рухацца ў бок ГУМа:  

"Пад’ехаў мікрааўтобус, з якога выпрыгнулі два ці тры чалавекі ў чорным. Я зразумеў, што яны хочуць затрымаць менавіта мяне, і рэфлексіўна зрабіў можа крокаў пяць. Мяне ўдарылі па нагах, я ўпаў — і мяне завалаклі ў бус. Адзін начапіў мне сцяжку на рукі, другі рабіў дагляд (забраў тэлефон і грошы), а трэці адначасова здымаў гэта на відэакамеру і па рацыі некаму сказаў: «Мы затрымалі каардынатара»”.

Алег Граблеўскі. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.
Алег Граблеўскі. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Алега Граблеўскага прывезлі ў Маскоўскі РУУС. Яго завялі ў актавую залю, куды потым прыйшоў нейкі чалавек у штацкім і пачаў пагражаць фізічнай расправай:

“Ён выгаворваў такімі словамі, быццам бы «вы на самае святое пасягнулі — на інвалідаў», — успамінае правабаронца. —Тыпу што я каардынатар, і каб я ва ўсім сазнаўся і зрабіў гэта на камеру БТ. Я ўспрымаў гэтыя пагрозы як рэальныя і таму не ўступаў з ім у дыскусію. Яго маналог працягваўся каля 20 хвілін. Ён казаў: «калі ты мужык і ў цябе харошая сперма, то ты павінен нараджаць дзяцей, а не займацца такімі рэчамі, як выводзіць на вуліцу інвалідаў»”.

Граблеўскаму (і не тольк яму) яшчэ некалькі разоў прапаноўвалі зняцца на БТ для сюжэта з “раскаяннем”. Пра тое, як гэта было, слухайце ў аўдыё:

Потым у актавую залю Маскоўскага РУУС зайшлі чатыры аціфэры (магчыма, бо ў іх былі зоркі на пагонах) і пачалі задаваць Алегу пытанні: “Вы разумееце, за што вас затрымалі? Як вы ажыццяўлялі каардынацыю дзеянняў? Вашае прозвішча і дзе вы жывяце?” Таксама яны патрабавалі пароль да мабільнага тэлефона праваабаронцы.

“Я сказаў ім, што я не разумею, ці было гэта нейкае затрыманне, бо мяне проста выкралі з вуліцы нейкія людзі ў чорнай вопратцы і балаклавах”, распавёў Алег Граблеўскі.

Людзі, якія праводзілі допыт над Алегам, увесь час мяняліся, прыкладна разоў шэсць. Гэта былі і мужчыны, і жанчыны. Увесь час яны задавалі адныя і тыя ж пытанні. Допыт з невялікімі перапынкамі працягваўся каля пяці гадзін. Перапынкі ж былі звязаныя з тым, што у міліцынятаў былі ўнутраныя нарады.

“У нейкі момант я апынуўся ў кабінеце аператыўнікаў. Уся іх праца заключалася ў тым, што яны перапячатвалі з раздруковак (відаць нейкіх іншых людзей) з тэлеграм-каналаў інфармацыю ў кампутар”,успамінае праваабаронца.

Сам праваабаронца ўвесь час патрабаваў, каб супрацоўнікі прадставіліся, але яны не адказвалі.

Потым да Алега прыйшоў нейкі чалавек (магчыма, следчы) і прынёс тоўстую тэчку са словамі: “Ну ўсё, мы ўсё зрабілі, азнаёмся і падпішы. І бачыш, ты нас падманваеш, а мы цябе не падманваем”.

Алег перагарнуў адну старонку і зрабіў заўвагу на тое, што яго не азнаёмілі з яго правамі, як гэта прадугледжана адміністрацыйным працэсам, да таго, як ажыццяўляць працэсуальныя дзеянні.

На што гэты мужчына сказаў: «Ну ўсё, табе п**ц», вырваў гэтую тэчку ў мяне з рук і выйшаў. І ўсё, больш я не ведаў, у чым мяне абвінавачвалі і што было ў гэтых паперах ажно да самаго суда”.

Таксама ў Граблеўскага яшчэ раз запатрабавалі даць доступ да яго мабільнага тэлефона, але ён ізноў адмовіўся:

“На гэта мне сказалі: «Тады мы разаб’ем яго!». На што я адказаў: «Калі ласка, але вы будзеце адказваць за гэта і за ўсё, што вы тут зрабілі”». У выніку прыйшоў нейкі чалавек, пакалупаўся ў маім тэлефоне — і сказаў: «Мы [выпадкова] яго абнулілі да завадскіх настроек… Выбачай»".

На момант, калі праваабаронца выйшаў пасля 15 сутак з Баранавічскага СІЗА, яго тэлефон заставаўся яшчэ ў Маскоўскім РУУСе.

СІЗА горада Баранавічы, дзе таксама адбываюць арышт затрыманыя па артыкуле 23.34 КаАП
СІЗА горада Баранавічы, дзе таксама адбываюць арышт затрыманыя па артыкуле 23.34 КаАП

Алег Граблеўскі падзяліўся з “Вясной” сваім адчуваннем – падобна на тое, што яго затрыманне было адмысловым і што гэта нібы спецаперацыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства