viasna on patreon

Больш за маці: гісторыі трох палітвязняў, для якіх матулі сталі абаронцамі правоў Фота

2021 2021-04-01T11:37:23+0300 2021-04-02T12:35:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gopta_01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

42,5% усіх прысудаў па “палітычных” 342 і 364 артыкулах Крымінальнага кодэкса ў Гомельскай вобласці агучаныя ў Жлобіне. Усяго вынесена 17 прысудаў мужчынам, 13 з іх – палітвязні – горад усё мацней сцягвае пятлю на шыях сваіх жыхароў. Некаторыя з іх бачаць прычыну ў буйных страйках на БМЗ, некаторыя – у пільных адказных адносінах да сваёй справы мясцовых супрацоўнікаў ворганаў і іх спробе запужаць астатніх жыхароў паўднёвага гораду.

Але сёння – аповед не пра метады і страх, а пра тых, хто трапіў у гэты вір, але застаўся моцным: гісторыі трох жлобінскіх сямей – у артыкуле “Вясны”. Тры маці распавядаюць нам, як апекаваць сына з разумовай адсталасцю, калі ён у турме; як прафесійна абараняць сына ў судзе; як клапаціцца пра непаўнагадовага сына за кратамі.

Дзмітры Гопта, 21 год

Дзіма ў дзяцінстве. Фота: архіў
Дзіма ў дзяцінстве. Фота: архіў

Дзмітры – жыхар Гомеля, якога асудзілі на два гады калоніі па падзеях 9-10 жніўня ў Жлобіне. Яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і арт. 364. Ён цалкам прызнаў віну (так яму параіла зрабіць дзяржаўная адвакатка), на судзе пацвердзіў, што кінуў адзін камень і збег.

Жлобін: Каханоўскаму і Гопту прысудзілі тры з паловай і два гады калоніі адпаведна

Суддзя выносіць прысуд: Яўгену Каханоўскаму - пазбаўленне волі на 3 з паловай гады калоніі агульнага рэжыму, Дзмітрыю Гопту - два гады калоніі агульнага рэжыму.

Дзмітры мае разумовую адсталасць лёгкай ступені, у школе хадзіў у інтэграцыйны клас, дзе не вывучалі фізіку і хімію. Пасля ён з цяжкасцю вывучыўся на будаўніка-цесляра, аднак хутка стамляўся, таму майстры такога навучэнца не вылучалі. Пасля маці шмат разоў спрабавала ўладкаваць сына на працу, але паўсюль ёй адмаўлялі. На мясцовай пілараме ён не прапрацаваў і тыдня: там сказалі, ён не спраўляецца з задачамі і наогул не заўсёды разумее, што патрэбна рабіць.

Экспертыза падчас следства пацвердзіла дыягназ хлопца, але суддзя палічыла, што ён у стане адказваць за свае ўчынкі. Маці палітвязня Вольга ўпэўненая, што яму не месца ў калоніі агульнага рэжыму, таму спадзяецца хутчэй не на тое, што апеляцыя скасуе прысуд, а хаця б на тое, што яна заменіць рэжым утрымання.

“Больш за ўсё я хвалююся, каб яго правільна ўспрымалі з ягонымі недахопамі, – кажа спадарыня Вольга. – Каб разумелі, што ён не вінаваты ў гэтым, не здзекваліся і не крыўдзілі. Да таго ж ён вельмі ўспрымальны і добры хлопчык, і я хвалююся, каб ён не азлобіўся праз сітуацыю”.

Маці Дзімы Вольга
Маці Дзімы Вольга

Вольга ўспамінае, што Дзіма з самага дзяцінства добры, любіць жывёл. Калі яму прапанавалі выбраць сабе кацяня, ён спыніўся на “самым страшненькім і слабым”. Хлопец таксама любіць ездзіць у вёску на бабулі і дзядулі, дзе таксама дапамагае даглядаць жывёл: корміць іх, выгульвае сабаку. Аднак выконвае ён простыя заданні, бо на складаныя з ягоным дыягназам не хапае ўседлівасці і ўважлівасці: Дзіма можа з радасцю ўзяцца за прапанаваную справу, але хутка стаміцца ад яе.

Таксама Дзіма любіць гуляць у футбол. У большасці ён бавіў час з дзецьмі, якія малодшыя за яго, бо ягоны інтэлект застаўся на ўзроўні 6-7 класа. Асабліва цёплыя адносіны ў хлопчыка склаліся з 5-гадовым пляменнікам Уладзікам, з якім ён пастаянна гуляў.

“Калі ішлі на апошняе паседжанне, унук быў дома – яны з дачкой жывуць з намі, – распавядае Вольга. – І Дзіма сказаў, што хоча з ім развітацца. Я кажу: “Што ты, зараз вернешся і пагуляеце з ім”. Мы да апошняга не верылі, што яму дадуць рэальны тэрмін, а Дзіма адчуваў, што не вернецца”.

Дзіма з пляменнікам
Дзіма з пляменнікам

У сям’і і дагэтуль не зусім разумеюць, як такое магло здарыцца: сваякі тэлефануюць, пытаюцца пра Дзіму. Стрыечны брат, даведаўшыся пра прысуд, ледзь не праламіў шафу праз эмоцыі. Плакаў нават бацька. Адзінае, што зараз не дае апускаць рукі, – гэта падтрымка. Маці палітвязня кажа, што праз рэзананс людзі даведаліся пра справу яе сына, і цяпер імкнуцца дапамагаць. У Жлобіне людзі звяртаюцца да мясцовых уладаў, просяць паўплываць на сітуацыю. Людзі з усёй краіны пішуць палітвязню ў турму – і гэта вельмі яго падтрымлівае.

“Калі была ў яго на спатканні, ён быў прыемна ўражаны колькасцю падтрымкі ад незнаёмых людзей, – усміхаецца Вольга. – Нехта нават даслаў яму плюшавага мядзведзіка, хаця яго і не аддалі. І калі на першых спатканнях ён не мог супакоіцца і паверыць у тое, што адбываецца, слёзы цяклі ракой, то зараз у яго нават з’явілася жывасць у вачах. Мяркую, і праз салідарнасць людзей, бо я бачу агонь у ягоных вачах, калі ён расказвае пра лісты. Так ён разумее, што на яго не забылі. Толькі папрашу пісаць яму вялікімі і зразумелымі літарамі, каб ён мог прачытаць: сын з задавальненнем падтрымае тэмы жывёл, спорта і машын”. 

Такія лісты Дзіма дасылае блізкім
Такія лісты Дзіма дасылае блізкім

На спатканнях Дзіма звычайна не шматслоўны: пра навіны з дому больш распавядае маці. Вольга адзначае, што ён нечакана мужна стаў успрымаць абставіны, супакойвае жанчыну, каб не хвалявалася: хутка ён будзе дома.

“Аднойчы ў размове ў яго нават праскочыла: “Не засмучайся: значыць, мне сапраўды трэба праз гэта прайсці”, – успамінае маці. – Такія думкі раней былі не ўласцівыя яму, напэўна, хтосьці напісаў у лісце – і яму спадабалася, ён іх успрыняў. Таксама папрасіў крыжык і малітваслоў, які яму перадала бабуля, хаця раней у царкву хадзіў хіба ў дзяцінстве”.

Падтрымаць Дзіму лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Дзмітрый Валер'евіч Гопта (28.10.1999)

Аляксандр Французаў, 28 год

francuzau_maci.jpg
Саша з маці на сваім вяселлі

Аляксандр Французаў – дальнабойшчык са Жлобіна, яго асудзілі дачатырох гадоў калоніі па арт. 364 Крымінальнага кодэкса за тое, што дзясятага жніўня ён нібыта наехаў на намесніка начальніка Жлобінскага РАУС. Ён павіс на акне ягонага аўто, калі Саша спрабаваў з'ехаць, а потым, калі машына набрала хуткасць, упаў. Адразу, калі палітвязень зразумеў, што супрацоўнікі ДАІ патрабуюць яго спыніцца, ён здаўся без супраціву.

Жыхара Жлобіна асудзілі на 4 гады калоніі за гвалт у адносінах да намесніка начальніка РАУС

Жлобінскі раённы суд 18 снежня асудзіў за гвалт па арт. 364 Крымінальнага кодэкса на чатыры гады калоніі 27-гадовага мясцовага жыхара Аляксандра Французава. 

Саша – адзіны сын Таццяны Французавай. 12 гадоў жанчына працавала ідэолагам на дзяржпрадпрыемстве, некалькі год была назіральнікам на выбарах, а сёння – сыйшла з пасады і больш за паўгады змагаецца за правы сына.

“Саша вельмі добры чалавек, – распавядае спадарыня Таццяна. – Не чула, каб хтосьці сказаў пра яго нешта дрэннае. Ён не п’е, не паліць, увесь запал накіроўвае на працу ды сям’ю. Зараз пастаянна хвалюецца за маіх сталых бацькоў, бо яму заўсёды было патрэбна быць з імі на сувязі.

Ён добра вучыўся ў школе і тэхнікуме, да 19 год атрымаў усе катэгорыі па кіраванню транспартам і заўсёды марыў пра “вялікую машыну”, сам навучыўся з ёй упраўляцца, чыніць яе. Таму крыху папрацаваўшы на заводзе пасля тэхнікума, вырашыў здзейсніць мару і стаў дальнабойшчыкам: яму сапраўды падабаецца гэтая праца, ён фактычна жыў у машыне”.

У некаторыя недалёкія рэйсы па Беларусі Саша браў з сабой сына – чатырохгадовага Мацвея. У бабулі нават ёсць фотаздымак, як унук спіць у машыне ў спальніку. Зараз хлопчыку сказалі, што тата ў камандзіроўцы, адкуль няма магчымасці патэлефанаваць. Кожны дзень ён пытае, калі бацька вернецца, гартае ягоныя фотаздымкі. А калі Таццяна прапанавала сфатаграфавацца для таты, Мацвей папрасіў пачакаць і прынёс партрэт Сашы, каб зняцца разам. Старэйшая дачка палітвязня Арына – падлетак, яна ведае праўду і таксама чакае бацьку. А ён кажа маці ў СІЗА: “Толькі зараз зразумеў, што дзеці для мяне значаць у жыцці”.

У Таццяны ёсць магчымасць бачыцца з сынам больш часта, чым у іншых: яна – адвакатка сына. Распавядае, што дамагчыся гэтага было не так складана. Хаця па законе прадстаўляць інтарэсы чалавека маюць права блізкія сваякі, на практыцы гэта рэалізаваць больш складана. Але Таццяна сабрала дакументы, прыклала дыплом аб юрыдычнай адукацыі – і хутка атрымала дазвол.

“Было складана ў першыя два тыдні, калі Сашу затрымалі, – успамінае Таццяна. – Потым адбыўся пераломны момант: за дзесяць дзён утрымання пад вартай было столькі парушэнняў заканадаўства, што я зразумела: яму не зменяць меру ўтрымання. Калі выставілі абвінавачанне, зразумела, што мінімум да суда яго не вызваляць. У гэты момант мазгі сталі працаваць у правільным накірунку. За той час я грукалася ў столькі інстанцый, але нідзе мяне не хацелі бачыць і чуць – я сабрала ўсе дакументы з адмовамі, потым яны спатрэбяцца”.

Таццяна пачала працаваць, дамаглася, каб прызналі абаронцай, каб можна было абмяркоўваць на спатканнях матэрыялы справы, вырашаць пытанні па абскарджванні і нагляду: юрыстка з 30-гадовым стажам добра ведае, што рабіць у такой сітуацыі. Зараз апеляцыя пакінула прысуд у сіле, сям’я перайшла на этап нагляднай інстанцыі. Працягвае сям’я змагацца за ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце збіцця Сашы ў РАУС: пасля адмовы ад Следчага камітэта, куды скаргу накіраваў раённы пракурор, хлопец даслаў скаргу ў абласную пракуратуру.

“Пасля суда і апеляцыі ў нас было адно спатканне, – кажа Таццяна. – Мяне не пусцілі ў СІЗА як адваката, таму я скарысталася спатканнем як маці. Ён трымаецца добра і выглядае нармальна. З першага дня я вучыла яго: “Саша, у любой сітуацыі трэба быць чалавекам: паголеным, пастрыжаным, вымытым, прыгожым”. І я радая, што ён прытрымліваецца гэтага: ад яго няма гэтага закаранелага паху турмы. Ён разлічвае, што мы чаго-небудзь даможамся, а я кажу: “Сын, ты галоўнае трывай, а я буду тут за цябе змагацца”. Бо ў мяне няма выбару”.

Таццяна адзначае, наколькі важная падтрымка людзей: яна адчувае салідарнасць з усіх бакоў: як маральную, так і матэрыяльную падтрымку выказваць людзі з усёй краіны. Саша распавядае, што яму пішуць лісты не толькі з Беларусі, але і з Амерыкі, Брытаніі, Германіі, нехта выпісаў на яго імя газету “Новы час”. Ён расказвае, што імкнецца кожнаму адказаць хаця б пару строк, але некалі нават і не паспявае.

Гэтая падтрымка трансфармуецца – і рушыць далей. Напрыклад, сваякі вязняў, якія даўно пад вартай, ужо могуць цвяроза думаць і мэтанакіравана дзейнічаць, дапамагаюць тым, каго толькі ўчора забралі ў залі суда. Таццяна ўзгадала фразу, якую днямі ім даслалі ў чат, дзе камунікуюць сваякі жлобінскіх палітвязняў: “Дзяўчаты, дзякуй, што ваш досвед хаця і горкі, але так нам дапамагае”.

Падтрымаць Сашу лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

ПК №2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1

Аляксандр Сяргеевіч Французаў (23.12.1992)

Віталь Прохараў, 17 год

Віталь з маці і братам
Віталь з маці і братам

Непаўнагадовага Віталя Прохарава абвінавацілі ў тым, што ён дзясятага жніўня шпурлянуў не менш аднаго камяня ў аўтазак, чым прычыніў матэрыяльную шкоду аўтамабілю (820 рублёў). Хлопец быў затрыманы амапаўцамі і, па ягоных словах, моцна збіты. Пасля яго адпусцілі дадому, а неўзабаве абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП РБ і аштрафавалі.

Сам Прохараў падчас дачы паказанняў у судзе сказаў, што ён не кідаў камень, але каб “папіярыцца ў сваім інстаграме” пахваліўся, што пабіў лабавое шкло аўтазака. Гэта запісаў на мабільны яго прыяцель і выклаў у тэлеграм. Прохараву прысудзілідва гады выхаваўчай калоніі.

У Жлобіне вынесены прысуд непаўнагадоваму Прохараву: два гады выхаваўчай калоніі

Суд Жлобінскага раёна 8 лютага працягвае разглядаць крымінальную справу 17-гадовага Віталя Прохарава.

Маці Віталіка – спадарыня Алеся – распавяла “Вясне”, што хлопец з дзяцінства быў гіперактыўным, таму яго спрабавалі захапіць фізічнынымі актыўнасцямі. Прасцей сказаць, якім відам спорта ён не спрабаваў заняцца, але апошнія два гады яго захапляюць ровары і BMX-экстрым: своеасаблівыя трукі на веліках. Менавіта ў цэнтры горада, дзе і адбыўся інцыдэнт, за які хлопца асудзілі, і месціцца кропка збору падлеткаў, якія займаюцца гэтым спортам – у тым ліку, Віталік і ягоны малодшы брат Мацвей.

“Яны часта збіраліся там, калі разам, калі – паасобку, кампаніі ў іх перасякаліся, – распавядае маці. – Зараз Мацвей цяжка перажывае сітуацыю з братам: раней ён заўсёды быў побач, у іх былі звычайныя брацкія зносіны: узаемныя падштурхванні і жартаўлівыя бойкі. А калі Віталіка затрымалі, Мацвей стаў па яму сумаваць, але не ведае, як гэта выказаць: раней быў такім “мядзведзікам”, а цяпер усё больш – “вожык”.

Праз два месяцы Віталь мусіў закончыць вучылішча ў Слаўгарадзе па спецыяльнасці “кіроўца-механік”: ён пастаянна разбіраў і сабіраў ровары і машыны.  Зараз вучоба нібы на паўзе, і дырэктар установы сказаў маці, што калі апеляцыя адменіць прысуд, хлопец можа спакойна вярнуцца: СІЗА – дастаткова ўважная прычына. А калі прысуд застанецца ў сіле, Віталя адлічаць – потым яму давядзецца аднаўляцца на пачатак трэцяга курса. У гэтым годзе на дзень народзінаў ён мусіў ехаць у падарожжа ў Барселону, але зараз у СІЗА не прынялі нават мапу горада.

Паколькі Віталь – непаўналетні, у ягоным заключэнні пад вартай ёсць пэўныя паслабленні. Напрыклад – неабмежаваная вага перадач ці больш частыя, у параўнанні з паўнагадовымі, спатканні. Зараз сваякі ездзяць да яго кожны тыдзень.

“Першы тыдзень ён быў вельмі сумным, – кажа маці. – Ледзь не плакаў, але мужык жа – трымаўся. Другі тыдзень быў ужо больш спакойны, зараз ужо супакоіўся зусім. Кажа, яму там амаль як у піянерскім лагеры: сваякі прыязджаюць, смачнасці прывозяць. Тым больш, нам вельмі дапамагаюць, ніколі не пакідаюць адных. Віталік радуецца і лістам: калі нарэшце сталі іх аддаваць, я бачыла па вачах, што ён вельмі ўзрушаны. Пішуць пра рознае: адна дзяўчынка, напрыклад, распавяла пра свайго хамяка”. 

Віталь за кратамі. Фота зрабіла маці
Віталь за кратамі. Фота зрабіла маці

Яшчэ адзін станоўчы момант непаўнагадовасці сына – паколькі Алеся – ягоны законны прадстаўнік, яна была на кожным допыце і паседжанні, ведае “кожную коску ў справе”. Таму, напрыклад, у яе на руках ёсць усе дакументы (у тым ліку, і прысуд) – праз гэта яна можа ўпэўнена звяртацца за дапамогай ў фонды, абскарджваць пастановы, атрымліваць іншую дапамогу. 

“Мы крычым пра сваіх дзяцей, – кажа Алеся. – Некаторыя не хочуць разгалошвання, а потым пытаюцца, чаму ніхто не піша іх дзецям. А адкуль мы можам пра іх даведацца? Напрыклад, у Волі Гопты не было сродкаў ні на адвакатаў, ні на скаргі, пакуль мы не пазнаёміліся і я не патлумачыла ёй, куды можна звярнуцца па дапамогу. І зараз гэтая салідарнасць дадае ёй імпэту, дапамагае трымацца. Таму і важна апублічваць інфармацыю: я хачу крычаць пра сына паўсюль, каб яму пісалі чужыя людзі, каб ён разумеў: яго падтрымліваюць, яго не кінуць”.

Падтрымаць Віталя лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Віталь Аляксеевіч Прохараў (03.05.2003)


Да Дня волі на адным з аддзяленняў пошты ў Жлобіне сабраліся сваякі палітвязняў, каб даслаць сваім блізкім крыху цяпла да свята. На сустрэчу прыйшлі не толькі сваякі, але і зусім незнаёмыя людзі: яны прынеслі грошы, выказалі падтрымку і дапамагалі клеіць маркі на капэртах, падпісваць вершы на паштоўках.

zhlobin_listy.jpg
Паштоўкі, якія даслалі жлобінскім вязням

“Мы хацелі паказаць, што яны нам аднолькава дарагія, – кажа Таццяна Французава. – Таму ўсе сабраныя грошы раздзялілі на ўсе 17 чалавек пароўну і адправілі ім аднолькавыя пераводы. Упэўненая, хлопцы зразумеюць наш пасыл, а мы адчуваем глыбокую падзяку людзям, якія паказалі нам, што мы не адны. Увечары дома пасля такога быў цудоўны настрой: думаю, калі так усё хораша атрымалася, абавязкова будзем працягваць, каб ім там было троху весялей!” 

Храналогію судоў над астатнімі жлобінцамі можна пачытаць па наступых спасылках.

Па два з паловай гады гады калоніі прысудзіў суд актыўным удзельнікам акцыі пратэсту ў Жлобіне

Суд Жлобінскага раёна 22 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да мясцовых жыхароў – Віктара Шмігельскага, Іллі Патрушава і Андрэя Шаўчука.

Жлобін: Тры гады калоніі за камень у бок міліцэйскага аўто

У судзе Жлобінскага раёна вынесены прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага Аляксандра Кісялёва

У Жлобіне вынесеныя два прысуды удзельнікам акцый пратэсту

У Жлобіне дзявятага сакавіка вынесеныя прысуды Сяргею Бекарэвічу і Андрэю Расулаву.

Жлобін: за знявагу супрацоўніка міліцыі ў чаце - два гады "хіміі"

Суд Жлобінскага раёна 20 лістапада вынес прысуд Яну Рымараву па крымінальнай справе за знявагу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства