Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня, валанцёра ПЦ “Вясна” Андрэя Чапюка

2020 2020-10-13T15:47:28+0300 2020-10-14T00:05:13+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/andrei_chapyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Чапюк. Фота з сацыяльных сетак

Андрэй Чапюк. Фота з сацыяльных сетак

Заява беларускай праваабарончай супольнасці

Мінск, 13 кастрычніка 2020 г.

2 кастрычніка у г. Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіК быў затрыманы валанцёр ПЦ “Вясна” Андрэй Чапюк. Па месцы ягонага жыхарства адбыўся ператрус.

9 кастрычніка Андрэю было прад’яўлена абвінавачванне па ч.2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту ў СІЗА № 1 г. Мінска.

Трэба адзначыць, што на працягу ўсёй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і пасля выбараў сябры  ПЦ “Вясна” сутыкаліся з ціскам і пераследам з боку дзеючай улады: крымінальным пераслед, адміністрацыйным арыштам і затрыманнямі, блакаваннем сайту арганізацыі.

31 жніўня 2020 г. супрацоўнікамі ГУБАЗіК быў затрыманы ў якасці падазраванага па ч.2 арт. 293 КК валанцёр ПЦ “Вясна” Павел Гарбуз.

Неўзабаве Павел Гарбуз быў вымушаны пакінуць Беларусь і падрабязна распавёў пра акалічнасці свайго затрымання і пра пагрозы ў адрас ПЦ “Вясна”, якія гучалі ад супрацоўнікаў ГУБАЗіК, якія казалі, што хутка арыштуюць усіх сябраў арганізацы і пакладуць канец яе дзейнасці.

17 верасня 2020 г. супрацоўнікамі ГУБАЗіК была затрыманая і ўзятая пад варту сяброўка ПЦ “Вясна” і каардынатарка валанцёскай службы “Вясны” Марфа Рабкова. 25 верасня ёй было прад’яўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293 КК. З тых часоў Марфа знаходзіцца ў СІЗА № 1 г. Мінска.

Уся іх дзейнасць насіла выключна мірны, праваабарончы характар і была скіраваная на дапамогу людзям, якія церпяць за свае палітычныя погляды і перакананні, за абарону сваіх правоў.

Андрэй Чапюк добраахвотна ахвяраваў свой вольны асабісты час на аказанне дапамогі ПЦ “Вясна” у ажыцяўленні праваабарончай дзейнасці,  з’яўляецца чалавекам шчыра адданым ідэалам гуманізма і правоў чалавека.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, пратэстуем супраць непрыхаванага пераследу і ціску на сябраў ПЦ “Вясна” у сувязі з  ажыцяўленнем імі легітымнай праваабарончай дзейнасці.

Нагадваем, што такая дзейнасць гарантаваная праваабаронцам Канстытуцый Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэкларацыяй аб праваабаронцах, зацверджанай Генасамблеяй ААН 9 снежня 1998 г.

Пераслед Андрэя Чапюка у сувязі з яго легітымнай праваабарончай дзейнасцю расцэньваецца намі як працяг кампаніі па запалохванню і ціску на прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” і ўсю праваабарончую супольнасць краіны ў цэлым.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 3.1 b) Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні  Андрэя Чапюка палітычным зняволеным і патрабуем:

  • Неадкладна вызваліць з-пад варты валанцёра ПЦ “Вясна” Андрэя Чапюка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яго;
  • Спыніць усялякія спробы ціску і пераследу ў дачыненні да сябраў ПЦ “Вясна” і ўсіх беларускіх праваабаронцаў;
  • Неўхільна выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы па забеспячэнні гарантый ажыцяўлення праваабарончай дзейнасці ў краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

РГА "Прававая ініцыятыва”;

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі Дакументацыйны цэнтр;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства