viasna on patreon

Мінчука асудзілі за жнівеньскую акцыю пратэсту ў 2020 годзе. Доказамі віны сталі фота і відэа з яго тэлефона

2024 2024-04-18T13:52:14+0300 2024-04-18T13:53:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mityng_2020.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Савецкага раёна Мінска 28 сакавіка да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года асудзілі мінчука Вадзіма Пятроўскага. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Асноўнымі доказамі віны мужчыны сталі фота і відэа з акцыі пратэсту з яго тэлефоне. Да суда Пятроўскі ўтрымліваўся пад вартай. Прысуд вынесла Алена Жуковіч, якая па "народным" артыкуле асудзіла ўжо мінімум 43 чалавекі. 

mityng_2020.jpeg
Жнівень, 2020. Ілюстрацыйнае фота

Згодна версіі абвінавачвання, Вадзім Пятроўскі ў жніўні 2020 года, "дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асоб з іншымі неўстаноўленымі ў ходзе следства асобамі, прыняў актыўны ўдзел у названых групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням супрацоўнікаў АУС, спыніць вышэйпаказаныя дзеянні, а таксама пацягнулі парушэнне працы транспарту і прадпрыемствы, знаходзячыся на тэрыторыі Мінска, стаяў і рухаўся па праезнай частцы дарогі, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, у выніку чаго вышэйпаказаныя дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту, якое выявілася ў прыпынку транспарту на тэрыторыі Мінска ў перыяд часу з 20:10 да 01:50 гадзіны, што перашкаджала нармальнай працы КТУП "Мінсктранс" у названы перыяд, прычыніўшы шкоду паказанаму прадпрыемству на суму 21 667 рублёў 77 капеек, што адпавядае не менш за 802,51 базавай велічыні". Меркавана, гаворка ідзе пра адну з першых акцый пратэсту пасля выбараў каля метро Пушкінскай.

На судзе Вадзім Пятроўскі прызнаў віну.

З прысуду, апублікаваным на pravo.by, стала вядома, што доказамі віны мужчыны сталі фота і відэа з ягоных тэлефонаў, вынятых падчас ператрусу. У памяці тэлефона знайшлі 15 відэазапісаў і чатыры фотаздымкі з акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года.

Таксама на тэлефоне Пятроўскага ў перапісцы ў Viber знайшлі фотаздымкі з акцыі пратэсту. На першым фотаздымку мужчына знаходзіцца натратуарнай дарожцы, у руках якога знаходзіцца флагшток з бел-чырвона-белым сцягам, таксама аналагічны сцяг знаходзіцца на яго спіне. На другім фотаздымку Пятроўскі з БЧБ-сцягамі з групай людзей знаходзяцца на газоне. Таксама быў агледжаны Telegram Пятроўскага, дзе знайшлі Telegram-бот "Редакция NEXTA". У прысудзе пазначаецца:

"У ходзе аналізу фотавыяў і відэафайлаў, якія знаходзяцца ў памяці мабільнага тэлефона, можна зрабіць выснову, што Пятроўскі дэструктыўна настроены да праводзімай палітыцы ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама прымаў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаюць грамадскі парадак і фіксаваў перамяшчэнне ваенізаваных падраздзяленняў".

На адным з відэа Птяроўскі праходзіць з натоўпам пратэстоўцаў па праезнай частцы насустрэч аўтамабілям, "тым самым перакрывае праезную частку і перашкаджае руху транспарту, на дадзеныя дзеянні яму і іншым асобам сігналяць аўтамабілі". Таксама маюцца фотавыявы Пятроўскага з расцягнутым бел-чырвона-белым сцягам і "Пагоняй".

Да матэрыялаў справы таксама далучылі пратакол аператыўна-вышуковага мерапрыемства "аператыўнае апытанне", згодна з якім Пятроўскі, як падкрэсліваецца, "у добраахвотным парадку без прымусу распавёў, што браў удзел у пратэстнай дзейнасці, спалучанай з перакрыццем праезнай часткі ў Мінску". Да справы таксама далучаныя відэа з інтэрнэту з барыкадамі і пратэстоўцамі.

У выніку Вадзіма Пятроўскага асудзілі да двух гадоў і шэсць месяцаў абмежвання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ("хатняй хіміі"). Пасля абвяшчэння прысуду мужчыну вызвалілі ў зале суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства