viasna on patreon

Трое дэпутатаў парламента са Швейцарыі і Нідэрландаў сталі "хроснымі" палітвязняў у Беларусі

2024 2024-04-22T14:56:00+0300 2024-04-22T16:28:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/samira-marti-632x790.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі #Westandbyou Саміра Марці (Сацыял-дэмакратычная партыя Швейцарыі), Герт Габрыэлс ды Эсма Лала (абое з партыі GroenLinks-PvdA, Нідэрланды) стануць "хроснымі" Анжэлы Сікорскай, Дзяніса Дзямідовіча і Валерыі Касцюговай.

samira-marti-632x790.png
Саміра Марці

Анжэла Сікорская была арыштаваная 15 чэрвеня 2023 года па абвінавачванні ў "абразе Лукашэнкі" (артыкул 368), "абразе дзяржаўнага служачага" (артыкул 369) і "гвалце або пагрозе ў дачыненні да службовай асобы" (артыкул 366). Цяпер Анжэла адбывае чатырохгадовы тэрмін у калоніі.

Саміра Марці з'яўляецца сябрай Нацыянальнай Рады Швейцарыі (Sozialdemokratische Partei der Schweiz) і сустаршынёй сацыял-дэмакратычнай групы Федэральнага сходу. Другі раз стаўшы "хроснай", яна выказвае салідарнасць з Анжэлай Сікорскай і заяўляе:

"Анжэла губляе 4 гады свайго жыцця праз тое, што яна нібыта абражала беларускіх чыноўнікаў і пагражала ім. Адзіны небяспечны ўчынак, які яна здзейсніла, — гэта выкарыстанне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў. Такая сітуацыя неймаверная ў Швейцарыі, але, на жаль, з'яўляюцца часткай паўсядзённага жыцця ў Беларусі пры рэжыме Лукашэнкі. У адказ на мірны пратэст ужываецца грубы гвалт. Свабода самавыяўлення вядзе да страты ўласнай свабоды. Як "хросная" Анжэлы Сікорскай, я выступаю за тое, каб яна і ўсе палітвязні ў Беларусі былі неадкладна вызваленыя і рэабілітаваныя. Я салідарная з Анжэлай і ўсімі смелымі людзьмі, што выступаюць супраць аўтарытарнай, бесчалавечнай сістэмы і адстойваюць свабоду і дэмакратыю! #WeStandBYyou".

geert-gabriels-632x790.png
Герт Габрыэлс

Дзяніс Дземідовіч быў арыштаваны 12 верасня 2022 года і пасля асуджаны да 3 гадоў турэмнага зняволення за "абразу Лукашэнкі" (артыкул 368) і "паклёп на адрас Лукашэнкі" (артыкул 367).

Герт Габрыэлс — чалец парламента ад Партыі GroenLinks-PvdA у Палаце прадстаўнікоў Нідэрландаў. Ён растлумачыў сваё рашэнне стаць "хросным" Дзяніса Дземідовіча:

"Палітычныя зняволеныя ў Беларусі пазбаўленыя свайго жыцця на волі. Яны рызыкуюць быць забытымі, і гэта несправядліва. Вельмі важна працягваць адстойваць іх інтарэсы. Магчымасць крытыкаваць прэзідэнта або ўрад з'яўляецца часткай свабоды выказвання меркаванняў. Для нас гэта відавочна. У Беларусі гэта цягне за сабой турэмнае зняволенне, у выпадку з Дзянісам Дземідовічам — на тры гады. Я пішу гэтыя словы і разумею, што хачу пабольш даведацца пра гэтага чалавека. Хто ён яшчэ, акрамя палітвязня беларускага рэжыму? Як я магу дапамагчы яму цяпер ці, магчыма, пасля яго вызвалення ў будучыні? Што яму трэба і пра што ён марыць? Якая ў яго гісторыя? Я хацеў бы калі-небудзь сустрэцца з ім. Дзякуючы гэтай кампаніі зараз мы ўсе ведаем пра яго існаванне. Будзем спадзявацца, што гэта прывядзе да нечага, што яму дапаможа".

esmah-lahlah-632x843.jpg
Эсма Лала

Валерыя Касцюгова — вядомая паліталагіня, кіраўніца экспертнай маніторынгавай групы "Беларусь у фокусе". Яна была арыштаваная 30 чэрвеня 2021 года праз сваю дзейнасць, якую рэжым палічыў антыўрадавай. Валерыі былі прад'яўленыя абвінавачванні ў "стварэнні пагрозы нацыянальнай бяспецы" (артыкул 361), "змове з мэтай захопу ўлады" (артыкул 357) і "распальванні нянавісці" (артыкул 130). Суддзя прызнала Валерыю вінаватай і асудзіла яе да 10 гадоў зняволення.

Эсма Лала — сябра парламента ад партыі GroenLinks-PvdA у Палаце прадстаўнікоў Нідэрландаў і яна стала "хроснай" Валерыі Касцюговай. Яна зрабіла наступную заяву:

"Я выступаю за вызваленне палітвязняў, таму што ні адзін чалавек не мусіць быць пад уціскам за выказванне сваіх поглядаў. Я ўдзельнічаю ў гэтай кампаніі, таму што лічу свабоду фундаментальным правам, а не прывілеем. Разам за мір, у якім справядлівасць і свабода — гэта нешта натуральнае".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства