Затрыманні чыноўніцы, фінансавага кансультанта, футбольнага фаната. Хроніка пераследу 20-22 красавіка Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20-22 красавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі беларуса, які нібыта хацеў далучыцца да ўкраінскага войска
Сцвярджаецца, што мужчына звязваўся з рознымі ініцыятывамі з пытаннем, як яму можна прыехаць ва Украіну і далучыцца да арміі.
Адзначым, што файл з відэа затрымання мужчыны ГУБАЗіК назваў «Чепуха2».
Паводле «экстрэмісцкага» артыкула была затрыманая чыноўніца з Рагачова
17 красавіка ў судзе Рагачоўскага раёна была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці Ірына Зыкава — галоўная спецыялістка аддзела жылёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Рагачоўскага райвыканкама.
Судовы працэс паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) разглядала суддзя Ірына Прадун. Вынік суда высвятляецца.
Інфармацыя аб Ірыне Зыкавай знікла з сайту Рагачоўскага райвыканкама, а на месцы гэтай чыноўніцы ўжо працуе іншая асоба, піша «Гомельская Вясна».
Сілавікі затрымалі магілёўскага футбольнага фаната за «актыўны ўдзел у палітычным жыцці»
Паводле "Медыязона", гаворка пра Віталя Лазароўскага.
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што заўзее за маскоўскі «Спартак» і магілёўскі «Дняпро», і што затрыманы за «актыўны ўдзел у палітычным жыцці Беларусі ў 20-м годзе і за "экстрэмісцкія" матэрыялы».
Фінансавы кансультант вярнуўся з-за мяжы. Яму пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцыяў»
Уладзіміру Нікіціну 46 гадоў. Ён мінчук, у 2000-м скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Кіраванне продажамі», піша "Наша Ніва".
Мяркуючы па ягоным Linkedin, не пазней за ліпень 2023-га Уладзімір звольніўся і пераехаў жыць у Польшчу. Імаверна, яго затрымалі па вяртанні ў Беларусь. Дзейнасць ІП Уладзіміра прыпыненая з 5 лістапада 2023-га года.
Дата затрымання мужчыны невядомая. Суд над Уладзімірам пачнецца 29 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе. За «заклікі да санкцыяў» мужчыне пагражае ад 4 да 12 гадоў калоніі. Сутнасць абвінавачання невядомая.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Бальзам», «Адвокаты прав человека», «Берасце????Бярозаўка разам з Беларусамі цалкам і да конца!!!», «Владислав Живица | ŹYVITSA!»;
- Instagram старонкі «usual_morning», «traktorograd1», «mhramadaorg», «aleksandra__dobrova», «stasvolk262», «muzychny_ruh_wawa»;
- TikTok-старонкі «ямницкий флот», «Чаты 97%», «vladimir.malyavko», «rasstrigaby».