"Хутка іх усіх закрыем, проста час не прыйшоў". Валанцёр "Вясны" – пра тое, як стаў фігурантам справы "аб масавых беспарадках"

2020 2020-09-21T19:22:05+0300 2020-09-22T08:27:09+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pavel_789.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Валанцёра "Вясны" Паўла Гарбуза затрымалі 31 жніўня па падазрэнню ва ўдзеле ў масавых беспарадках 9-11 жніўня ў Мінску. У межах крымінальнай справы па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса яго пратрымалі пад вартай 10 сутак: адразу – у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, а потым – у СІЗА №1 на Валадарскага. Паўла адпусцілі пад абавязацельства аб яўцы ў статусе падазраванага па ч. 2 арт. 293 КК. Павел распавёў, чаму ім зацікавіліся праваахоўнікі, якое дачыненне гэта мае да "Вясны", і з якімі цяжкасцямі за час яго ўтрымання пад вартай сутыкнулася яго сям'я.

Павел Гарбуз пасля вызвалення. Фота: spring96.org
Павел Гарбуз пасля вызвалення. Фота: spring96.org

"Ну што, папаўся, рэвалюцыянер?"

Паўла затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа каля яго дома, калі ён пайшоў выносіць смецце. Павел распавёў, як гэта было:

"Калі я ўбачыў, што пад'язджае машына з людзьмі ў масках, я зразумеў, што яны прыехалі за кімсьці. Але за мной? Што я зрабіў? Пісаў лісты палітвязням, даў пераначаваць Фурманавым, калі яны абвяшчалі галадоўку каля сцен Валадаркі, валанцёрыў на Акрэсціна, хадзіў на акцыі і шэсці. Гэта ж дробязі. Але секунда – і я ўжо ў машыне, тварам у падлогу, у кайданках: "Ну што, папаўся, рэвалюцыянер?"

Усю дарогу мы спрачаліся. Відавочна, ім цікава пагаварыць з намі, "сваімі ідэйнымі ворагамі", як яны гэта называюць. Але аргументы ім не патрэбныя, яны проста выплюхвалі свае эмоцыі".

Пасля затрымання Паўла для допыту даставілі ў Следчы камітэт.

"Везлі мяне як злачынцу: тварам у падлогу, рукі ў кайданках за спіной уверх. У Следчым камітэце прыйшлося доўга чакаць. Там адбылася доўгая размова з сілавіком, які мяне затрымліваў. Ён шчыра верыць, што мы – сляпыя авечкі, намі кіруюць. Што мы – прычына выпадковых збіццяў людзей на вуліцах. Што ў іншых краінах – яшчэ больш жорстка разганяюць. Што забастоўкі – падстроеныя і зробленыя рукамі іншых людзей, якія прарваліся на прадпрыемствы незаконна. Што апазіцыйныя телеграм-каналы – хлуслівая прапаганда, а вось канал "Жоўтыя слівы" – гэта праўда. Што за Лукашэнку ў яго галасавалі ўсе знаёмыя, і набраў ён "ну як мінімум 70%" (але не 80%).

"Дарма вы з "Вясной" звязаліся. Хаця хутка іх усіх таксама закрыем, проста час не прыйшоў"

На допыце я, мякка кажучы, здзівіўся. Ну, да сутак, да штрафаў, максімум, да брутальнага затрымання дзе-небудзь на акцыі я быў гатовы. Але да крымінальнай справы? Ад трох да васьмі гадоў? Гэта неяк залішне за валанцёрства.

Як я зразумеў з урыўкаў фраз, падставай для майго затрымання быў тэлефонны званок дадому жонцы з раёна Мінска, дзе выбухалі гранаты 9 жніўня, дзе я распавядаў, што адбывалася. А рэальная прычына затрымання – валанцёрства. Наша сям'я дапамагала «Вясне» на добраахвотнай аснове. Напрыклад, перадавалі перадачы палітвязням, пісалі ім лісты, падвозілі камусьці адваката. Здавалася б, што ў гэтым супрацьзаконнага? А вось і не: "Каму вы дапамагаеце, каму вы пішаце лісты? Гэта ворагі!" Гэта я чуў у машыне пасля затрымання. "Дарма вы з "Вясной" звязаліся. Хаця, не перажывай, хутка іх усіх таксама закрыем, проста час не прыйшоў. І скажы дзякуй, што дзеці дома – так бы паехалі разам з жонкай".

Дапытвалі на тэму падзей 9-11 жніўня, гэта крымінальная справа па масавых беспарадках у гэтыя дні. А менавіта, што канкрэтна я рабіў. Але сутнасць гэтага ўсяго – пасадзіць актывіста, або, як мінімум, "узяць яго на кручок", запалохаць астатніх". 

"Адной з умоваў майго выхаду было тое, што жонка будзе маўчаць"

Паўла ўтрымлівалі першыя трое сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

"Больш за ўсё мне раздзірала душу – сям'я. Мая жонка была незалежным назіральнікам на ўчастку галасавання, а таксама валанцёрам "Вясны". Мне прама сказалі, што яна – пад прыцэлам. А ў нас – двое дзяцей. І калі я даведаўся, што яна пакінула краіну, здаецца, я нават мог хадзіць, не дакранаючыся зямлі. Я тады яшчэ не ведаў, што ёй патэлефанавалі са школы, і спыталі, ці ведае яна, што такое СНС".

Пасля трохсутачнага затрымання Паўла этапавалі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Яго перавозілі ноччу ў аўтазаку з кайданкамі за спіной. Як распавядае жонка Паўла Марына, у дзень, калі яго перавялі ў СІЗА, ёй перадалі, каб яна перастала размаўляць з прэсай, "закрыла рот і падумала пра дзяцей, як ім будзе без бацькі, хто будзе іх выхоўваць".

"Пасля некалькіх дзён знаходжання на "Валадарцы" оперупаўнаважаны, які прыйшоў мяне "наведаць" сказаў, што мая жонка "разванялася ў інтэрнэце". Не ведаю, ці па гэтай прычыне, ці таму, што нічога мне не змаглі прад'явіць, ці таму, што "ты, здаецца, адэкватны", ці таму, што раней я працаваў у царкоўнай арганізацыі, мяне вырашылі выпусціць. Але адной з умоваў майго выхаду было тое, што жонка гэтага часу будзе маўчаць. Так ці інакш, у сваё вызваленне я ўжо верыў не моцна".

Марына 1-га верасня і ў наступныя дні не павяла сына ў школу. Яна назірала на прэзідэнцкіх выбарах на выбарчым участку ў гэтай школе. Па словах Марыны, ёй пагражалі пастаноўкай яе сям'і ў сацыяльна небяспечнае становішча, а ў наступстве адабраннем дзяцей.

"Сын павінен быў ісці ў 1-ы клас у школу, дзе я была незалежнай назіральніцай гэтым летам. На ўчастку, які размяшчаўся ў гэтай школе, былі зафіксаваныя фальсіфікацыі выбараў. Мяне прасілі прыйсці на размову да дырэктара школы, яна ж была старшынёй камісіі, якая выганяла мяне са школы, выклікала на нас міліцыю і АМАП 9-га жніўня. Але я не пайшла да яе па зразумелых прычынах".

Павел Гарбуз пасля вызвалення з
Павел Гарбуз пасля вызвалення з "Валадаркі" абдымае маму. Фота: spring96.org

"Пагражалі ўсіх закрыць, а пачаць менавіта з Марфы"

Марына распавядае, што з-за ўсіх пагроз, у тым ліку "прыйсці за ёй", яна з дзецьмі ў мэтах бяспекі былі вымушаныя пакінуць кватэру, а потым і зусім тэрыторыю Беларусі.

"Таксама прыходзіла інфармацыя да мяне ў Літву, што супрацоўнікіГУБАЗіКа пачалі актыўна пытацца пра мяне ў Пашы, пра маё супрацоўніцтва з "Вясной", пра тое, што мне трэба сачыць за дзецьмі, а не займацца глупствам і дапамагаць злачынцам і злачынным арганізацыям такім як "Вясна" і пагражалі ўсіх закрыць, а пачаць менавіта з Марфы", – распавядае Марына.

Паўла выпусцілі на волю з СІЗА-1 праз 10 сутак пасля затрымання пад абавязацельства аб яўцы. Ён застаецца ў статусе падазраванага па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу.

"Афіцэр, які выпускаў мяне, спытаў: "Пойдзеш яшчэ на мітынгі"? І ўсім сваім выглядам паказваў: "Ні ў якім разе! Сістэма настолькі моцная, што нават не спрабуйце".

На вуліцы нечакана для мяне мяне сустракалі валанцёры "Вясны", карэспандэнты. Хачу папрасіць у іх прабачэння, што не падзякаваў ім на месцы. На самай справе я вельмі ўдзячны ўсім, каму гэта ўсё неабыякава".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства