Хроніка пераследу актывістаў 8 жніўня: затрыманні працягваюцца Дапоўнена
За дзень да выбараў прэзідэнта па ўсёй краіне працягваюцца затрыманні актывістаў. ПЦ “Вясна” збірае факты пераследу.
Мінск
Каля 7 гадзін раніцы ў дом да актывісткі “Еўрапейскай Беларусі” Вольгі Нікалайчык ломяцца супрацоўнікі міліцыі. Пра гэта паведамляе Наста Паліенка ў сваім Фэйсбуку. Верагодна, Вольгу Нікалайчык хочуць закрыць для адбыцця адміністрацыйнага арышту, што ёй быў прызначаны раней судом. Міліцыянеры прыходзілі да жанчыны і ўчора - 7 жніўня.
Кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў, што яшчэ ўчора каля 19 гадзін быў затрыманы сябра сойму БНФ Юрась Меляшкевіч і яшчэ два чалавекі (прозвішчы ўдакладняюцца). Юрась паспеў патэлефанаваць свайму бацьку і сказаць пра іх затрыманне, пасля чаго тэлефон у яго адабралі міліцыянеры. Да суда, які меркавана адбудзецца ў панядзелак, Юрась Меляшкевіч будзе ўтрымлівацца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Вольгу Суркову затрымалі ўвечары 7 жніўня ў Мінску за распаўсюд улётак. Яна была дастаўленая ў Фрунзенскі РУУС.
Ноччу з 7 на 8 жніўня з Беларусі выслалі журналістаў "Настоящего времени" Ірыну Рамалійскую, Івана Грабянюка і Юрыя Баранюка. Іх абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ — працу ў Беларусі без акрэдытацыі. Уезд у Беларусь цяпер забаронены ім на 10 год.
Каля дома за расклейку абвестак быў затрыманы Яўген Ермачонак у Заводскім раёне сталіцы. Таксама за распаўсюд улетак была затрыманая Вольга Елісеева ў Фрунзенскім раёне.
У суботу 8 жніўня па месцы жыхарства актывіста анархісцкага руху Міколы Дзядка прыбыў АМАП. Службоўцы ўварваліся ў жытло і учынілі ператрус, паведамляе "Новы час". Як стала вядома "Вясне", на вобшук прыйшло шэсць чалавек у масках. Міколы ў той час у кватэры не было. Па выніках вобшука забралі два кампутары і тэлефон. Вобшук праводзіўся ў межах крымінальнай справы. Падрабязнасці справы ўдакладняюцца.
У ЦІП на Акрэсціна сёння раніцай быў дастаўлены Яўген Катульскі. Ён паспеў паведаміць жонцы аднага з арыштантаў, якая прынесла перадачу мужу, што на яго складзеныя пратаколы па арт. 9.3 ("Абраза") і 23.4 КаАП ("Непадпарадкаванне службовай асобе").
У ЦІП знаходзіцца і Іван Салагуб, які ўчора ехаў на машыне, сігналіў і трымаў руку ў акне з белай стужкай. Машыну мужчыны канфіскавалі.
Таксама "Вясне" вядома, што каля 12 гадзін ночы быў затрыманы Арцём Федарэнка. Ён таксама сігналіў, калі ехаў на машыне ў цэнтры горада. Мужчыну даставілі ў Ленінскі РУУС. Дзе зараз знаходзіцца Арцём Федарэнка дакладна невядома.
У 17.20 затрыманая кіраўніца штаба Святланы Ціханоўскай Марыя Мароз. Яе вязуць у Центральны РУУС.
Як паведамляюць актывісты "Маладога Фронту", з вечара 7 жніўня на сувязь не выходзіць сакратар арганізацыі Максім Урбановіч. Верагодна ён быў затрыманы. Кіраўнік "Маладога Фронту" Дзяніс Урбановіч знаходзіцца ў "блакадзе": другія суткі каля месца яго знаходжання дзяжураць мікрааўтобусы з АМАПам і супрацоўнікамі ў цывільным.
Марына Адамовіч, жонка палітыка і палітвязня Міколы Статкевіча, напісала ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку, што сёння да яе прыязждалі міліцыянеры, якія папярэдзілі яе пра недапушчальнасць арганізацыі і ўдзелу ў масавых беспарадках.
На 98-ым участку Фрунзенскага раёна ў Мінску затрыманы выбаршчык Андрэй Кажэмакс. Ён фатаграфаваў пратакол яўкі выбаршчыкаў за 8 жніўня.
Ігар Мурашка быў затрыманы за распаўсюд агітацыйных матэрыялаў альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты.
Вечарам 7 жніўня ў Мінску жорстка затрымлівалі раварыстаў. Спіс.
Баранавічы
У Баранавічах яшчэ 7 жніўня быў затрыманы блогер youtube-канала "Кропка незвароту" Юры Чудіновіч.
У аграсядзібе даверанай асобы Святланы Ціханоўскай Тамары Патоцкай адбываецца ператрус. Дзе сама жанчына - невядома. Яе дачка паведаміла, што "маці нідзе няма".
Гомель
Раніцай 8 жніўня ў Гомелі затрыманы Валеры Смяян.
Жонка Аляксея Жулаева паведамляе, што не можа звязацца з ім. Яна мяркуе, што мужа затрымалі.
Каля 9.30 гадзін супрацоўнікі міліцыі для разбіральніцтва па факце з'яўлення на асфальце малюнкаў з надпісам «Стоп таракан» павезлі з хаты Яўгена Шчура. Пра гэта хлопец паспеў паведаміць праваабаронцу Леаніду Судаленку.
Знік Уладзімір Малаеў. Ён пайшоў на працу і перастаў выходзіць на сувязь. Да гэтага ён хадзіў на агітацыйныя мітынгі кандыдаткі Святланы Ціханоўскай.
Затрымалі Таццяну Канеўскую, актывістку ініцыятывы "Маці 328", яе даставілі ў ІЧУ. Хутчэй за ўсё, у панядзелак адбудзецца суд.
У г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці быў затрыманы Максім Малаковіч і яшчэ адзін хлопец, якія стаялі ў пікеце ў падтрымку асуджанага на 15 сутак арышту блогера "Рудабельскай паказухі" Андрэя Павука.
Ашмяны
Увечары 7 жніўня на ўездзе ў Ашмяны супрацоўнікамі ДАІ быў затрыманы Дзяніс Рымашэўскі. Як паведаміў яго бацька, Дзяніс вяртаўся дадому з Мінска на аўтамабілі, на якім развозіць прадукты харчавання. У мясцовым РАУС бацьку затрыманага паведамілі, што на яго сына складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Да суда ён будзе ўтрымлівацца за кратамі.
Светлагорск
ПЦ "Вясна" стала вядома, што пад пад'ездам у Вадзіма Паветкі дзяжураць супрацоўнікі міліцыі.
Карэлічы
Кацярына Касабуцкая паведаміла "Вясне", што сёння раніцай у яе дома быў праведзены вобшук. Цяпер яе саму міліцыянеры хочуць забраць як сведку па нейкай крымінальнай справе. Раней быў затрыманы яе муж Аляксандр Камісараў, якога адправілі пад арышт на 12 сутак.
Яшчэ з раніцы ў вёсцы пад Карэлічамі быў затрыманы Віктар Яўсей. Ён раней выступаў на пікеце за Святлану Ціханоўскую. Дагэтуль родныя не могуць высветліць, дзе ён знаходзіцца.
Віцебск
Як паведамляе Ірына Траццякова, на актывістку і адміністратарку тэлеграм-канала "Краіна для жыцця" з Віцебска Юлію Барсукову ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Зараз дома ў актывісткі адбываецца ператрус. У Юліі Барсуковай забралі два сістэмныя блокі, чатыры тэлефоны і розныя дакументы. Яна ў статусе падазраванай была дастаўленая на допыт у Кастрычніцкі РАУС горада Віцебска.
Кобрын
Міліцыя палюе на адміністратара канала "Кобрын для жыцця" Рыгора Гнацюка. Сябра актывіста паведаміў "Вясне", што да яго прыходзілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і спрабавалі патрапіў у дом у пошуках Рыгора. Таксама Гнацюка шукалі і ў сваякоў.
Вілейка
Сябра Андрэя Кудзіка паведаміў, што другія ці трэція суткі актывіст знаходзіцца ў Вілейскім ІЧУ. Раней суд вынес яму пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам 15 сутак за ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім.
Пінск
У Пінску быў затрыманы Валерый Рамановіч. Ён з'яўляецца даверанай асобай Святланы Ціханоўскай.
Гродна
У Гродне каля магазіна "Дыяніс" супрацоўнікамі ў цывільным быў затрыманы Павел Пятруша. Мужчыну звезлі ў невядомым накірунку.
Брэст
У 12 гадзін жонка Яўгена Таргонскага паведаміла праваабаронцам, што мужчыну забралі з хаты. За што - дакладна невядома. Пазней жонка затрымага паведаміла, што Яўген Таргонскі будзе пад вартай да суда ў ІЧУ Ленінскага РАЎС г. Брэста.
На памежным пераходзе ў Брэсце ў 14:00 затрыманы экаактывіст Павел Кінчак. Ён працуе дальнабойшчыкам. Падставу затрымання - не паведамілі.
Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што 7 жніўня каля 18:00 па-за межамі Брэста затрымалі Арсенія Сіняка з бацькам Яўгенам. 14 ліпеня Арсеній быў затрыманы падчас акцыі падтрымкі незарэгістраваных кандыдатаў і выйшаў з ІЧУ толькі 1 жніўня пасля адбыцця 18 сутак арышту. Бацька вывез сына "падалей ад палітыкі" і ўчора таксама папаў пад "раздачу". Абодва знаходзяцца пад вартай да суда у ІЧУ Ленінскага РАЎС г. Брэста.
Маладзечна
Актывіст Аляксей Вайцяховіч быў затрыманы сёння для адбыцця застаўшыхся 3,5 сутак адміністрацыйнага арышту. Таксама для адбыцця раней прызначанага арышту затрыманы Яўген Траццяк.
У Маладзечанскім раёне затрыманы актывіст Аляксандр Панамароў.
Магілёў
У 19.10 затрыманы Зміцер Салаўёў, рэдактар сайта 6tv.by і намеснік старшыні абласной арганізацыі Партыі БНФ. Яго спынілі нібыта праз тое, што машына знаходзіцца ў згоне. Зараз Зміцер Салаўёў знаходзіцца ў Ленінскім РАУС Магілёва. Мужчыну абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі, ён аб'явіў галадоўку.
У 20.20 актывіст штаба Валерыя Цапкалы Сергей Лапуцін паведаміў праваабаронцам, што яго разам з жонкай Аксанай Закрэўскай і малалетні дзіцём затрымалі і вязуць у РАУС Ленінскага раёна. Падставай: на машыне быў размешчаны бела-чырвона-белы сцяжок, таму ўзнікла падазрэнне, што машына ў згоне. Пазней жонку і дзіцёнка Лапуціна адпусцілі з РАУС, на мужчыну склалі пратакол за непадпарадкаванне і адпусцілі да суда. Машыну сям'і затрымалі на тры тыдні для праверкі.
Барысаў
Дзмітрый Шувалаў разам з жонкай Марынай прыйшлі на футбольны стадыён паглядзець матч. Калі яны праходзілі кантроль, на мужчыну ўказалі, пасля чаго затрымалі.
Наваполацк
Каля 20 гадзін вечара Дзмітрыя Рыжычэнку забралі супрацоўнікі міліцыі прама з працы на размову ў Наваполацкі ГАУС. Затрыманы да суда.
У Полацку затрыманы сябра БХД Генадзь Бердзіеў. Супрацоўнікі міліцыі забралі мужчыну з дому і адвезлі ў РАУС.
Бабруйск
Супрацоўнікамі міліцыі затрыманая каардынатарка назірання ад "Права выбару", актывістка прафсаюза РЭП Галіна Смірнова. Спачатку жанчына перастала выходзіць на сувязь, цяпер высветлілася, што яна знаходзіцца ва УУС Бабруйскага гарвыканкама.
Навагрудак
Каля 20 гадзін затрымалі Руслана Дробыша і Ірыну Дробыш-Лазараву па дарозе на возера каля санаторыя Радон, што недалёка ад Навагрудку. Яны ехалі туды на асабістым аўтамабілі.
Мазыр
Каля 13.00 ў Мазыры затрымалі аўтара YouTube і тэлеграм-каналаў «Мозырь для жизни» Аляксандра Цуканава, паведамляе "Палеская Вясна". Маецца інфармацыя, што ўчора яму тэлефанавалі з крымінальнага вышуку і запрашалі прыйсці ў міліцыю «пагутарыць». Аляксандр адмовіўся.
8 жніўня ў кватэру, дзе знаходзіўся актывіст, грукаліся невядомыя. Потым у ёй адключылі электрычнасць. Прыкладна з 18-й гадзіны сувязь з Аляксандрам знікла. А 19-й гадзіне стала вядома, што Аляксандр Цуканаў затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Мазырскага РАУС.
Плешчаніцы
Вечарам 8 жніўня ў Плешчаніцах супрацоўнікі міліцыі затрымалі мясцовага жыхара Алега Мацейковіча. Як паведаміў праваабаронцам сваяк затрыманага – прычынай затрымання быў пост на старонцы “Укантакце” пра белыя стужачкі на руках пад час галасавання. Мацейковіча адвезлі ў Лагойскі РУУС і пакінулі там да суда.
Салігорск
Затрыманы Егор Кот - брат Віталя Ката, асуджанага раней на 15 сутак.
Інфармацыя абнаўляецца і дапаўняецца.
Хроніка пераследу актывістаў 7 жніўня: затрыманні, вобшукі, суды
Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі, выклікаюць у РУУС для складання пратакола ці ў суд, паведамляйце пра гэта праваабаронцам "Вясны".
Гарачая лінія ПЦ "Вясна" на выпадак затрыманняў