viasna on patreon

Юрыя Рубцова перавялі ў бабруйскую калонію

2015 2015-08-11T13:32:44+0300 2015-08-11T14:52:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rubcou-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрый Рубцоў у судзе Пружанаў. Фота ПЦ "Вясна".

Юрый Рубцоў у судзе Пружанаў. Фота ПЦ "Вясна".

Палітвязня Юрыя Рубцова перавялі ў папраўчую калонію №2 г. Бабруйска, пра што ПЦ "Вясна" стала вядома 11 жніўня. Верагодна, перавялі ў выходныя, бо яшчэ ў пятніцу Ю. Рубцоў знаходзіўся ў СІЗА г. Баранавічы.

Шмат хто з былых палітвязняў у свой час знаходзіўся ў бабруйскай калоніі. Сярод іх Андрэй Пратасеня, Андрэй Кім, Сяргей Казакоў, Зміцер Дрозд, а таксама і кіраўнік Праваабарончага цэнру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца, які адсядзеў у бабруйскай калоніі два гады, адзначыў, што Юрыю Рубцову будзе там не проста:

"Адміністрацыя калоніі выконвае ўстановы і загады вышэйстаячага начальства і КДБ. Палітыка адміністрацыі калоніі такая, што будуць выкарыстоўвацца розныя магчымасці для ціску на Юрыя Рубцова: як афіцыйныя, так і не афіцыйныя. Я думаю, яго будуць даставаць "стукачы", правакаваць, ствараць канфліктныя сітуацыі па загадзе зверху. Так адбывалася і са мной. Беларускія калоніі  - і тут я пагаджаюся з меркаваннем Ігара Аліневіча - прамы працяг ГУЛАГа. Метады псіхалагічнага ўздзеяння, якія ў іх выкарыстоўваюцца, антычалавечныя. Правілы ўнутраннага распарадку ў беларускіх турмах дазваляюць адміністрацыі жорстка прэсінгаваць палітычных зняволеных. Гэта таксама тычыцца і бабруйскай калоніі.

Але, ведаючы характар і пазіцыю Юрыя Рубцова, спадзяюся, што ён вытрымае і здолее справіцца з усімі выпрабаваннямі. Аднак, у гэтай сітуацыі палітвязню важна падтрымка і салідарнасць. Таму я прашу неабыякавых людзей не заставацца ўбаку, а пісаць лісты і дасылаць паштоўкі", - заклікае грамадскасць Алесь Бяляцкі.

Цяпер пісаць палітвязню можна на адрас: 213807, Магілёўская вобл., г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, папраўчая калонія №2.

Нагадаем, Юрый Рубцоў 6 кастрычніка 2014 года быў асуджаны судом Цэнтральнага раёну Мінска па арт.391 Крымінальнага кодэкса (“Абраза суддзі або народнага засядацеля”) да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу №7.

Новая крымінальная справа на Юрыя была заведзеная 18 сакавіка 2015 года па артыкуле 415 КК “Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі” за тое, што палітвязень адмаўляўся ад працы з заробкам ніжэй за 600 даляраў. 28 мая суд Пружанскага раёна прызнаў палітвязня Юрыя Рубцова вінаватым і пакараў двума гадамі калоніі агульнага рэжыму з улікам неадбытага тэрміну.

24 ліпеня Брэсцкі абласны суд пакінуў касацыйную скаргу палітвязня Юрыя Рубцова на рашэнне суда Пружанскага раёна без задавальнення, а прысуд без зменаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства