Касацыйная скарга палівязня Юрыя Рубцова не задаволена, будзе пададзена наглядная скарга
24 ліпеня Брэсцкі абласны суд пакінуў касацыйную скаргу палітвязня Юрыя Рубцова на рашэнне суда Пружанскага раёна без задавальнення, а прысуд без зменаў. Нагадаем, што актывіста, які адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў спецкамендатуры №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну, абвінавацілі ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 Крымінальнага кодэксу). Суд Пружанскага раёна прызнаў палітвязня Юрыя Рубцова вінаватым і пакараў двумя гадамі калоніі агульнага рэжыму з улікам неадбытага тэрміну.
Пазіцыя адваката Юрыя Рубцова Людмілы Казак грунтавалася на тым, што Рубцоў не адмаўляўся ад працы, а хацеў зарабляць сярэдні па краіне заробак. Пракурор абласной пракуратуры Аляксандр Жэшка ў даволі жорсткай форме ахарактэрызаваў дзеянні і паводзіны Рубцова і настойваў на тым, што рашэнне суда ў Пружанскім раёне вынесена правільна.
Юрыя Рубцова не прывезлі ў суд з Баранавіцкага СІЗА. Пасля разгляду касацыйнай скаргі адвакат адразу накіравалася да яго на сустрэчу. Паводле адваката, рашэнне касацыйнай інстанцыі будзе абскарджана.
Прысуд уступіў у сілу, дзе будзе адбываць пакаранне Юрый Рубцоў – пакуль невядома.
Юрый Рубцоў 6 кастрычніка 2014 года быў асуджаны судом Цэнтральнага раёну Мінска па арт.391 Крымінальнага кодэкса (“Абраза суддзі або народнага засядацеля”) да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу №7. 22 снежня 2014 года быў накіраваны для адбыцця пакараньня ў вёску Куплін Пружанскага раёна.