Палітвязень Юрый Рубцоў два гады правядзе ў калоніі
Суд Пружанскага раёна прызнаў палітвязня Юрыя Рубцова вінаватым і пакараў двумя гадамі калоніі агульнага рэжыму з улікам неадбытага тэрміну. Рубцоў заявіў, што будзе абскарджваць прысуд, які лічыць несправядлівым.
У судзе Пружанскага раёна разгледжана крымінальная справа палітвязня Юрыя Рубцова. Актывіста, які адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў спецкамендатуры №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну звінавацілі ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 Крымінальнага кодэксу). Да суда Рубцоў утрымліваўся ў СІЗА горада Баранавічы, дзе трымаў працяглую галадоўку.
Падставаю для ўзбуджэння крымінальнай справы паслужылі матэрыялы органаў дазнання за парушэнне парадку і ўмоў адбыцця пакарання, прадугледжаных часткай 3 артыкула 47 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і правіламі ўнутранага распарадку, якія абавязваюць асуджанага працаваць паводле накіравання адміністрацыі папраўчай установы адкрытага тыпу. Абвінавачаны чатыры разы адмовіўся ад прапанаваных яму вакантных пасадаў, што ўтварае склад злачынства ў выглядзе ўхілення ад адбыцця пакарання паводле прысуду.
Напачатку судовага працэсу 27 мая суддзя Мікалай Рэпіха зрабіў заўвагу Юрыю Рубцову, які з’явіўся на суд без вопраткі, маўляў у такім выглядзе ў судзе знаходзіцца нельга. Рубцоў заявіў, што раней яго прывозілі ў суд Савецкага раёна Менска і наўмысна судзілі напаўаголеным, і ніхто на гэта не звяртаў увагі. Суддзя кажа што згодна з нормамі этыкету, трэба знаходзіцца ў зале суда ў вопратцы, інакш можа выдаліць з залы.
Дзяржабвінаваўца, пракурор Зайцава у сваім выступе паведаміла, што Рубцоў адмаўляўся ад прапанаваных адміністрацыяй папраўчай установы вакантных пасад, за што атрымаў некалькі вымоў і афіцыйнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці.
Рубцоў апелюе да 47 артыкулу Крымінальна-выканаўчага кодэксу, паводле якога, як ён лічыць, ён ня меў права працаваць паводле працоўнай дамовы, бо быў асуджаны. Між тым яго прымушалі самога падпісаць працоўную дамову.
Ён адзначыў, што праца зняволеных аплачваецца горш, чым праца свабодных грамадзян. У той жа час гомельскі актывіст распавёў, што яму пагражалі турэмным тэрмінам, калі ён не падпіша працоўную дамову. Аднак, сказаў ён, падпісанне працоўнага кантракту пад прымусам супярэчыць Працоўнаму кодэксу Беларусі.
У судзе былі дапытаныя больш за 15 сведак, як з боку кіраўніцтва папраўчай установы адкрытага тыпу №7, так і асуджаных, якія адбываюць тут пакаранне.
Начальнік папраўчай установы адкрытага тыпу №7 падпалкоўнік Юры Макаеў засведчыў, што заробак на прапанаваных пасадах Рубцову вагаўся ў памеры 4 - 5 мільёнаў рублёў. Але ён катэгарычна ад такой працы адмаўляўся. Рубцоў адмовіўся ад подпісу пад загадам аб працаўладкаванні, матывуючы гэта нізкім заробкам, адмаўляўся ад любых подпісаў наогул. Сведчанні астатніх супрацоўнікаў спецкамендатуры тычыліся канкрэтных выпадкаў, калі Рубцоў адмаўляўся ад прапанаванай яму працы.
Сведкі-асуджаныя ў большасці казалі пра тое, што Рубцоў не катэгарычна адмаўляўся ад працы, а толькі дамагаўся годнага заробку, якім ён лічыць абяцаныя прэзідэнтам 600 даляраў.
Пасля двухгадзіннага перапынку суд заслухаў яшчэ некалькі сведак і перайшоў да спрэчак бакоў.
Пракурор адзначыў у паводзінах Рубцова рэцыдыў наўмыснага злачынства і прасіў суд пакараць Рубцова 2,5 годамі калоніі, да якога дадаць непагашаны тэрмін “хіміі” і ў агульнай складанасці пакараць 3 гадамі калоніі агульнага рэжыму.
Адвакат зрабіў акцэнт на тым, што падабаронны Рубцоў не пярэчыў катэгарычна супраць працаўладкавання, а калі атрымаў накіраванне на працу, прайшоў медкамісію і толькі пры падпісанні працоўнай дамовы звярнуў увагу на незапоўненыя палі ў дакуменце, у прыватнасці, інфармацыю аб прэміях ды надбаўках. Таму абаронца лічыць, што дамова была неналежным чынам аформленая.
Адвакат таксама прасіў суд далучыць да справы рашэнні міжнародных праваабарончых арганізацый аб прызнанні Рубцова палітвязнем і прасіў агучыць гэта ў судзе. Пракурор выступіла супраць, паколькі «Рубцоў абвінавачваецца ў злачынстве супраць правасуддзя».
Адвакат просіць вынесці апраўдальны прысуд у сувязі з адсутнасцю склада злачынства, а ў выпадку прызнання віны - улічыць довады абароны і прызначыць мінімальны тэрмін.
З апошнім словам у судзе выступіў Юрый Рубцоў. Ён распавёў аб тым, што афіцыйна працуе з 16 гадоў, а неафіцыйна з 12-ці. Яму ніводнага разу на рукі не выдавалі накіраванні на працу, а проста забіралі і везлі ў нейкую гаспадарку. Рубцоў сказаў, што ў Беларусі «хімікаў» прымушаюць падпісваць працоўныя дамовы, каб паказаць, што ў нас нібыта няма прымусовай працы. А насамрэч прымусовая праца існуе, што супярэчыць Канстытуцыі.
Палітвязень заявіў, што лічыць сябе невінаватым і што заўжды жыў па законе. Рубцова слухалі вельмі ўважліва, ён прамаўляў амаль паўгадзіны.
Пасля гэтага суддзя паведаміў, што прысуд па справе Юрыя Рубцова будзе агалошаны 28 мая.